Страцілі шанцы на медалі
З-за няцотнай колькасці каманд-удзельніц 12-ы тур першынства пастаўчане прапусцілі. На жаль, няўдалая дагэтуль серыя з чатырох паражэнняў запар паставіла нашу каманду ў няпростае турнірнае становішча. Пасля гэтага тура яна страціла нават тэарэтычныя шанцы прабіцца ў чацвёрку наймацнейшых, каб пазмагацца за медалі. Першым датэрмінова выканаў гэту задачу леташні чэмпіён і цяперашні лідар — сталічны РДВАР-2003. На сваёй пляцоўцы ён ва ўпартай барацьбе (3:0) адолеў сваіх маладзейшых калег з рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву.
Маладыя мінчане цяпер могуць спакойна рыхтавацца да барацьбы ў паўфінале з камандай падгрупы «Б», якая зойме 2-е месца. У наступным туры 13 лютага ў Мінску «Атлант» згуляе менавіта з імі і ведае, што будзе змагацца далей толькі за 5—8-е выніковыя месцы. У нашай групе барацьба за 2-е месца абвастрылася пасля нечаканай асечкі (0:3) гродзенцаў у паядынку з «ДЮСШ-Шахцёр» (Салігорск). Але гродзенскі «Камунальнік» на адно ачко апераджае салігарчан. З рэзервістамі гарнякоў нашы яшчэ згуляюць на выездзе 6 сакавіка, а перад гэтым на сваёй пляцоўцы памераюцца сіламі з РДВАР-2005 (Мінск), які ў паўфінальны раўнд не выйшаў і згуляе ў красавіку за 9—10-е месца.
У другой групе найлепшыя шанцы выйсці ў фінал чатырох мае гомельскі «Бумпрам», бо дома разабраўся (3:0) з магіляўчанамі. Важная сустрэча ў горадзе над Сожам мясцовага «Газавіка» з «Узлётам» (Орша) завяршылася з лікам 3:0 на карысць гаспадароў. Незалежна ад вынікаў сустрэч, якія засталіся, пастаўчане, хутчэй за ўсё, будуць змагацца ў паўфінальным раўндзе менавіта з аршанцамі. Першы такі паядынак павінен адбыцца ў Оршы 13 сакавіка, а праз тыдзень у серыі да дзвюх перамог — у Паставах. Калі спатрэбіцца, рашаючы матч зноў будзе ў Оршы.
У папярэднім чэмпіянаце краіны нашы ў гэтага прынцыповага саперніка выйгралі абодва матчы. Яны цудоўна разумеюць, што лёгкіх сустрэч не чакаецца, і рыхтуюцца да барацьбы. З кожным годам канкурэнцыя ў айчынным валейболе расце. Камандзе «Атлант» з невялікага райцэнтра, абапіраючыся толькі на ўласных выхаванцаў, няпроста на роўных змагацца з клубамі з буйных гарадоў. Таму яна і знаходзіцца на 7-м прамежкавым месцы ў агульнай табліцы, але пастараецца яшчэ парадаваць аматараў валейбола.
Уладзімір Шык
Читайте также:
ХХХ чемпионат Беларуси по волейболу. «Коммунальник-ГГУ» (Гродно)—«Атлант» (Поставы) — 3:1
Юная поставчанка Ева Иванова стала чемпионкой Витебской области по шахматам
Павел Синица из Новоселок стал серебряным призером областных соревнований по биатлону