Инспекция надзора и профилактики РОЧС проверила безопасность стройплощадок в Поставах

Безопасность

Будпляцоўкі пад наглядам інспектараў

На будаўнічых пляцоўках раёна прадстаўнікі інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС — частыя госці. Як бы ні гучала назва мерапрыемства, мэта заўсёды адна — ацаніць пажарную бяспеку на аб’ектах, данесці да работнікаў галіны правілы паводзін у надзвычайных сітуацыях, азнаёміць са статыстыкай.

На мінулым тыдні з чарговым візітам да будаўнікоў завіталі старшы інспектар Аляксандр Іршонак і інспектар Уладзімір Ластоўскі. Першы аб’ект — будоўля па вуліцы Зялёнай, 26, у мікрараёне новай забудовы ў 6 гарадку. Зараз тут вядзецца цагляная кладка першага і другога паверхаў. Імкліва падымае груз уверх, а потым гэтак жа хутка сігае ўніз страла вежавага крана. Будпляцоўка абгароджана спецыяльнай сеткай. На ёй «палымнеюць» чырвоныя флажкі і некалькі кідкіх знакаў. Яны папярэджваюць, што ставіць аўтамабілі зімой на абуладкаванай стаянцы, якая знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад будпляцоўкі, небяспечна. Але жыльцы і госці дома №25 просьбу «рассветаўцаў» ігнару­юць: на паркоўцы няма ніводнага свабоднага месца.

Падчас рэйду вагон-бытоўку на аб’екце ў 6-м гарадку правярае Аляксандр Іршонак

— Грузы над аўтастаянкай не перамяшчаюцца, але частка стралы вежавага крана ўсё ж такі знаходзіцца над ёй, — гаварыў інжынер па ахове працы ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі» Уладзімір Фамін. — Думаю, не трэба тлумачыць, наколькі небяспечнае падзенне з 18-метровай вышыні кавалкаў лёду альбо снегу са стралы. Разумеем, што гэта дадатковыя нязручнасці для людзей, але дадзеныя меры часовыя.

— Нешта вы да нас зачасцілі, — сустракае інспектараў галоўны інжынер Славамір Кухальскі. — Раней прыязджалі раз на год, потым два, а зараз — па тры і больш.

— Халоднае надвор’е, якое ўсталявалася, спрыяе ўзнікненню пажараў, — тлумачыць Аляксандр Іршонак. — Праверым стан печак, электраўстановак. Падставы для гэтага ёсць: летась у вобласці адбылося 4 пажары ў вагонах-бытоўках з-за няправільнай эксплуатацыі ацяпляльных прыбораў. А ў адным выпадку быў наўмысны падпал. У рамках акцыі «Бяспека ў кожны дом» правядзём інструктаж і паглядзім два відэаролікі пра прычыны ўзнікнення пажараў.

Падчас праверкі дадзенага аб’екта праблем з электра- і ацяпляльнымі прыборамі інспектары не заўважылі. Адзіная заўвага — дзе-нідзе неахайна складзіруецца друз.

З аналагічнай «праграмай» Аляксандр Іршонак і Уладзімір Ластоўскі накіроўваюцца на Юбілейную, 11. Тут два тыдні назад распачаўся капітальны рамонт найстарэйшага жылога дома мікрараёна. Яго вя­дзе Наваполацкае мантажнае ўпраўленне «Белсантэхмантаж».

Каля кожнага ўвахода ў пад’езд гудзяць генератары, насупраць размясцілася некалькі вагонаў-бытовак і вагончыкаў для захоўвання інструментаў.

— Дзе аўтаномны пажарны апавяшчальнік? — пытаюцца інспектары, пільна аглядаючы столь аднаго з часовых збудаванняў.

— Установім! — запэўнівае галоўны на будпляцоўцы.

Не знайшлося і дакументаў на печку (а яна абавязкова павінна быць заводской зборкі), на недапушчальна блізкай адлегласці ад якой сушыліся дровы і адзенне. Усе «нестыкоўкі» будаўнікі паабяцалі ўхіліць і паспяшаліся ўзнавіць работу на аб’екце. Яны ўжо замянілі інжынерныя сеткі ў падвале, зараз узяліся за водаправодныя і каналізацыйныя стаякі ў кватэрах. На рамонце задзейнічана 23 чалавекі.

— Дом стары, мае няўдалую планіроўку стаякоў, — расказваў прараб Наваполацкага мантажнага ўпраўлення «Белсантэхмантаж» Вячаслаў Мацюшонак. — Напрыклад, у ванным пакоі ўстаноўлены стальныя трубы дыяметрам 15 міліметраў. Зараз, згодна з ТКП, іх неабходна замяніць на поліпрапіленавыя дыяметрам 40 міліметраў і ізаляваць успененым поліэтыленам. Мала таго, што яны будуць займаць больш месца, дык яшчэ, на думку многіх жыльцоў, — выглядаць неэстэтычна.

Па меры выканання работ да генпадрадчыка далучацца субпадрадныя арганізацыі: УП ЖКГ раёна і вытворча-камерцыйнае прадпрыемства «Аута» (г. Глыбокае). Будуць адрамантаваны балконы, заменены дах і ліўневая каналізацыя.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:
15 января в 1-й радиотехнический центр прибыло пополнение солдат срочной службы
В Поставском районе из-за снега и гололеда увеличилось количество аварий
Интервью с госинспектором Браславского участка Госинспекции по маломерным судам Николаем Сильчёнком



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.