Снег цягніку не перашкода?
Гэта высвятляла карэспандэнт «ПК» у манцёраў пуці 8 акалотка Варапаеўскай дыстанцыі пуці.
— Снегапады, завіруха — радасць для эстэтаў і праблема для работнікаў камунальнай, дарожнай службаў, а таксама для нас, пуцейцаў, — гаварыў манцёр пуці Сяргей Адамовіч. — Хоць лічыцца, што чыгуначнаму транспарту не перашкаджае ніякае надвор’е, снег — прамая небяспека для рухомага саставу цягнікоў. У першую чаргу на стрэлачных пераводах. Калі прастора паміж рухомымі элементамі забіваецца, стрэлкі заміраюць.
Іх ачыстка — занятак няпросты. Упэўнілася ў гэтым, назіраючы за работай Сяргея Адамовіча, Паўла Цапеліка і Леаніда Манкевіча, якія працавалі недалёка ад чыгуначнай станцыі Паставы.

— Трактар на рэйкі не пусціш, — працягвалі апавядаць мужчыны. — У вялікія снегапады выходзіць снегаўборачны цягнік. А так асноўныя нашы прылады — лапаты і мётлы. Абсталяванне стрэлачных пераводаў — крыжавін, стыкаў, рэек — у любым выпадку чысціцца толькі ўручную. Пастаянна ў полі нашага зроку перасячэнне чыгункі з аўтадарогай. Найперш ачышчаюцца жалабы на пераездзе, снег у якія забіваецца коламі аўтатранспарту. Але сёлетняя зіма яшчэ не вельмі выпрабоўвае. Успомніце снегапады 80-х: ні пуці, ні стрэлак не відаць — суцэльны белы дыван. Ды няма такога надвор’я, у якое пуцейцы не выйшлі б на работу!
Побач са стрэлачным пераводам вялі работы па бягучым утрыманні чыгуначнага палатна манцёры пуці Аляксандр Андрыеўскі і Сяргей Пронька.
— Пры нізкай тэмпературы паветра метал сціскаецца, — тлумачылі. — Павялічваецца стыкавы зазор. Трапляючы ў яго, кола цягніка б’ецца мацней, што негатыўна ўплывае на стан рухомага саставу і чыгуначнага палатна.
— Штодня, згодна з графікам, адпраўляецца аглядаць пуці абходчык, — расказваў брыгадзір 8 акалотка Канстанцін Цярлюк. — На сваім участку ён добра ведае літаральна кожную шпалу. Яго вопытнае вока прыкмеціць нават нязначную крывізну рэйкі або іншае пашкоджанне. Работа патрабуе найвышэйшай дакладнасці, бо каляіна вымяраецца міліметрамі. За дзень прыходзіцца пераадольваць больш за 10 кіламетраў.
Мароз пашчыпваў шчокі, калючы вецер прадзімаў паліто, і мне хацелася хутчэй сесці ў машыну. А пуцейцы, апранутыя ў цёплыя штаны, курткі, рукавіцы, абавязковы атрыбут — аранжавую камізэльку са святлоадбівальнымі элементамі, — абутыя ў спецыяльныя боты, рупліва працуючы, холаду не адчувалі. Расчысціўшы снег, адзін з манцёраў звязаўся па рацыі з дзяжурным па станцыі і папрасіў паганяць стрэлкі. Яны па чарзе прымалі то адно становішча, то другое. Упэўніўшыся, што работа выканана як след, манцёры забралі сігнальны флажок і накіраваліся ў іншае месца. Іх клопат — чыгунка, задача — утрымліваць яе ў спраўным стане, абавязак — пастаянна несці вахту на стальной магістралі.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара
Читайте также:
3 пожара за неделю. В Поставском районе огонь повредил 2 хозпостройки и дом
Какие традиции чтят военнослужащие погранзаставы «Лынтупы» и как выглядит комната боевой славы?
Поставчане победили в межрайонных соревнованиях по рыбной ловле