Какие кулинарные традиции есть на Поставщине? +2 рецепта от клуба «Традиция»

Важное Культура

Адновім смак забытых страў

Больш за 20 гадоў пры Цэнтры культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна дзейнічае клуб нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя». За гэты час яго ўдзельніцы сабралі дзясяткі старадаўніх рэцэптаў, па якіх гатавалі нашы продкі. І неаднойчы ўзнавілі іх падчас майстар-класаў, аглядаў-конкурсаў і іншых культурных мерапрыемстваў.

А чаму б не падзяліцца кулінарным скарбам з шырокай аўдыторыяй? Гэта ж не толькі карысна, але і пазнавальна! Таму мы вырашылі расказваць на старонках газеты пра «смачныя» традыцыі нашага рэгіёна, іх каларытных носьбітаў. Не абмінём увагай і больш сучасныя рэцэпты, якімі ўдзельніцы клуба здзіўляюць шматлікіх гасцей Пастаўшчыны.

Умее здзівіць прысмакамі клуб «Традыцыя»

— З першых гадоў існавання «Традыцыі» мы ладзім кулінарныя экспедыцыі ў розныя вёскі нашага раёна. Большасць рэцэптаў запісваем ад людзей старэйшага ўзросту, часам здымаем відэа працэсу прыгатавання страў, — адзначыла кіраўнік клуба Вікторыя Курто. — Цяпер, калі паўсюль каранавірус, амаль нікуды не выязджаем. Але сабранага матэрыялу больш чым дастаткова, каб годна прэзентаваць традыцыйную кухню пастаўскага рэгіёна. На любых міжраённых мерапрыемствах да яе заўжды павышаная ўвага. Замежнікі — расіяне, латышы, літоўцы і іншыя — наогул заказвалі ў нас майстар-класы і засталіся ў захапленні ад прыгатаваных мясцовых страў. Самае цікавае, што самі пастаўчане каларыту кухні не ўсведамляюць — яна для іх звыклая, будзённая. Нездарма кажуць: кубінца ананасам не здзівіш…

А можа, і здзівіш? Час няўмольны: адыходзяць у іншы свет старажылы, а разам з імі і даўнія традыцыі. І для сучаснага пакалення многія з іх могуць стаць адкрыццём…

У першым артыкуле ўдзельніцы клуба прапанавалі расказаць пра два варыянты прыгатавання супу з сушаных грыбоў — поліўкі. Аднак гутарку пачалі здалёк — з тэмы Вялікага посту, які ў католікаў распачнецца ўжо сёння.

— Пост перад Вялікаднем — самы працяглы і строгі, — апавядала дырэктар ЦКіНТ раёна Ксенія Грэська. — У ежу ўжывалі простыя прадукты — тую ж бульбу ў самых розных варыянтах прыгатавання. Елі і камы. Прычым сапраўдныя камы — гэта ўпрэлая гарохавая каша. Шмат гатавалі і з сушаных грыбоў. Посную поліўку асабліва часта варылі на Куццю. Аднак страву можна было ўбачыць на стале не толькі ў гэты перыяд.

Посная поліўка

Адзін з варыянтаў яе прыгатавання запісаны «Традыцыяй» у вёсцы Луцк-Казлоўскі ад мясцовай жыхаркі Рамуальды Сінкевіч. Яна ў сваю чаргу пераняла гэты рэцэпт ад сваёй маці.

У відэароліку Рамуальда Любаміраўна расказала:

— Для поліўкі мама спецыяльна адбірала роўненькія, аднолькавыя па памеры шапкі баравікоў. Яны былі нанізаны на нітку і звязаны невялікім вяночкам. Менавіта яго, а не грыбы паасобку, клалі ў каструлю з вадой. Там яны варыліся з гадзіну. Пасля дабаўлялася парэзаная на чатыры часткі цыбуліна, некалькі лаўровых лістоў, соль, чорны і духмяны перац гарошкам па смаку. Напрыканцы варкі ў поліўку дабаўлялася заліўка — паўшклянкі вады, змяшанай з некалькімі лыжкамі мукі. Калі ўсё закіпала, працэс прыгатавання завяршаўся. Вяночак грыбоў мама даставала на талерку і разразала. Кожны клаў сабе столькі баравікоў, колькі хацеў. Я цяпер, калі гатую поліўку, вяночак не раблю — смак ад гэтага не мяняецца.

Поліўка з варанай бульбы

У вернікаў праваслаўнай канфесіі Вялікі пост яшчэ не пачаўся,  і ёсць час прыгатаваць поліўку на смажаным сале. Прапануем рэцэпт, які «Традыцыя» запісала ад 74-гадовай Ангеліны Мілянцей, таксама пераняты ад маці.

Вам спатрэбіцца: 100-150 г сухога жытнёвага хлеба, 3 бульбіны, соль, 2 цыбуліны, 2 морквы, 150 г сала, 150 г сушаных ці вараных грыбоў, 1-2 лаўровыя лісты, перац.

Бульбу пачысціць і парэзаць, як на звычайны суп, і паставіць варыць. Пасмажыць разам сала, цыбулю, моркву і вараныя ці сушаныя (папярэдне залітыя кіпенем і сцэджаныя) грыбы, здзёртыя на буйную тарку сухары жытнёвага хлеба. Дабавіць усё ў ваду, у якой кіпіць бульба. Паварыць яшчэ хвілін 40 — і поліўка гатовая!

Упэўненая, нямала кулінарных традыцый ад продкаў памятаюць і чытачы «Пастаўскага краю». Калі падзеліцеся імі, буду за гэта вельмі ўдзячная. Звязацца з аўтарам артыкула можна па тэлефоне 2-34-55.

Іна Сняжкова
Фота з архіва клуба



Читайте также:
В кафе «Феникс» проводят мастер-классы по приготовлению пиццы для детей
Участники фольклорных кружков Дуниловичского СДК и Гуцкого СКЦ провели совместные посиделки
«Маладзіца» — лауреат III степени Международного фестиваля искусств «Musical star of Slovenia»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.