Какие традиции чтят военнослужащие погранзаставы «Лынтупы» и как выглядит комната боевой славы?

Важное Приграничье

Быць годнымі імя героя неабходна ваеннаслужачым пагранзаставы «Лынтупы».

У беларускіх пагранічнікаў існуе негалосная традыцыя: на імянную заставу накіроўваюць служыць найлепшых. Гэта не толькі ганарова, але і адказна — у любых абставінах трэба адпавядаць высокім патрабаванням, якія прад’яўляюцца да ваеннаслужачых падраздзялення.

У нашай краіне 14 імянных застаў. Лынтупскай імя Героя Савецкага Саюза Сямёна Селівёрставіча Пустэльнікава прысвоена ў 2003 годзе. Ён нарадзіўся ў Аршанскім раёне. У пагранічныя войскі прызваны ў 1940-м. Удзель­нічаў у абароне Ленінграда, змагаўся ў баях у раёне горада Кінгісэпа і на Пулкаўскіх вышынях. Чатыры разы быў паранены. Смерць напаткала героя 5 лютага 1945 года пры затрыманні банды, на якую выйшлі пагранічнікі. Пасля бою ворагі пачалі адыхо­дзіць, але Сямён Пустэльнікаў паспрабаваў адрэзаць ім шлях да адступлення. Калі ў яго скончыліся патроны, падарваў гранатай сябе і некалькі бандытаў. На прыкладзе гэтага мужнага пагранічніка, з дня нараджэння якога сёння спаўняецца 100 гадоў, тут выхоўваюць сучасных ахоўнікаў Дзяржграніцы.

Яўгеній Пінчук праводзіць заняткі з ваеннаслужачымі заставы

 

Пад’ехаўшы да заставы «Лынтупы», заспела наступную карціну: з заснежанага лесу выходзяць два пагранічнікі з аўчаркай унушальных размераў. Гэта сяржант Сяргей Навуменка, малодшы сяржант Андрэй Аскерка і службовы сабака Пірс. Яны накіроўваюцца да варот падраздзялення. Але, апынуўшыся за імі, не спяшаюцца ў цёплае памяшканне, а падыходзяць да бюста Сямёна Пустэльнікава, усталяванага на тэрыторыі заставы, і заміраюць у хвіліне маўчання. Такі воінскі рытуал у гонар памяці героя пагранічны нарад праводзіць, адыходзячы на ахову граніцы і вяртаючыся ў часць. Падчас баявога разліку, на якім адбываецца назначэнне на ахову граніцы на чарговыя суткі, першым нязменна называецца імя Сямёна Пустэльнікава. А прызначаны салдат адказвае: «Герой Савецкага Саюза Сямён Селівёрставіч Пустэльнікаў загінуў смерцю храбрых у баях за абарону нашай Айчыны».

А яшчэ на кожнай імянной заставе існуе пакой баявой славы. Звычайна ў ім стаіць узорна запраўлены ложак героя, на якім ляжыць зялёная фуражка. Лынтупскія пагранічнікі вырашылі адысці ад прынятага ўзору і зрабіць нешта арыгінальнае і манументальнае.

— Свае ідэі па афармленні пакоя агучваў асабовы склад не толькі заставы, але і пагранкамендатуры «Паставы», Смаргонскай пагрангрупы. Потым усе прапановы абмяркоўваліся, — праводзіць экскурсію намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце пагранічнай заставы Яўгеній Пінчук. — Пакой быў абуладкаваны за тры месяцы пасля зацвярджэння агульнай канцэпцыі. А адкрылі яго год назад ва ўрачыстай абстаноўцы, калі праз наш раён праходзіла міжнародная эстафета «Перамога-75».

Пакой і сапраўды атрымаўся велічным. На адной яго сцяне барэльеф з выявай Сямёна Пустэльнікава, насупраць — фатаграфія помніка на магіле героя ў Львоўскай вобласці Украіны. На суседняй сцяне справа — фотаздымкі пагранічнікаў-герояў і зброя, з якой яны змагаліся, злева — фоташпалеры з выявай адной з каменных сцен на Мамаевым кургане, якая ўвасабляе муж­насць воінаў-вызваліцеляў. Пакой баявой славы выкарыстоўваецца для заняткаў з салдатамі тэрміновай службы, патрыятычнага выхавання школьнікаў, абмену вопытам з ваеннаслужачымі іншых падраздзяленняў.

Мерапрыемствы з нагоды юбілейнай даты на заставе будуць праходзіць на працягу года.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:
Военнослужащие погранзаставы «Ярево» охраняют границу в любую погоду (+видео)
15 января в 1-й радиотехнический центр прибыло пополнение солдат срочной службы
Фишинг: что это такое, как распознать фишинговые атаки и защититься от них?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.