Лучший волонтер Витебщины Ольга Лойко живет в Поставах. Узнали подробности

Общество

Сталі Паставы другой радзімай

Напрыканцы мінулага года ў Віцебску былі падведзены вынікі абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр го­да-2020». У намінацыі «Асабісты ўклад сярод работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, міністэрстваў і ведамстваў» 1-е месца заняла пастаўчанка Вольга Лойка. Яна другі год з’яўляецца валанцёрам зводнага атрада працоўнай моладзі «Добрае Сэрца», дзейнасць якога арганізуе райкам БРСМ.

Вольга працуе ў Цэнтры культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна. Менавіта туды я і накіравалася, каб пагаварыць з ёй пра валанцёрскую і працоўную дзейнасць.

— Я нарадзілася ў Віцебску, аднак маё дзяцінства прайшло ў Мурманскай вобласці Расіі, дзе служыў тата, — адказвала Вольга Лойка на пытаннне пра сваю малую радзіму. — Выразна памятаю паўночнае ззянне, многа-многа снегу, пастаянныя завірухі… Калі мне было 9 гадоў, сям’я вярнулася ў Беларусь, і тата працягнуў службу ў Паставах.

У дзяцінстве Вольга марыла стаць ветэрынарам або кінолагам, а стала… цырульнікам. Пасля вучобы ў родным Віцебску там жа засталася пасля абавязковага двухгадовага размеркавання, але адразу пасля яго завяршэння прыехала ў Паставы. У нашым горадзе працягвала працаваць па спецыяльнасці, аднак у многім дзякуючы выпадку змяніла сферу сваёй дзейнасці.

— Неяк мне прапанавалі выступіць на купальскім мерапрыемстве, якое арганізоўваў Цэнтр культуры і народнай творчасці, — працягвала аповед Вольга. — Без разваг згадзілася, бо заўжды з радасцю ўдзельнічала ў грамадскім жыцці школы, каледжа. Супрацоўніцтва з цэнтрам стала пастаянным. Калі ўзнікла перспектыва працаваць там, засумнявалася: атрымаецца ці не? Аднак на справе новую прафесію асвоіла досыць лёгка. У гэтым вялікая заслуга калектыву, які цёпла мяне прыняў, шмат чаму навучыў. А пасля праходжання разнастайных курсаў павышэння кваліфікацыі, вучобы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце стала адчуваць сябе на рабоце яшчэ больш упэўнена.

Валанцёрам «Добрага Сэрца» Вольга стала год назад. Разам з іншымі маладымі энтузіястамі яна ўзаемадзейнічае з раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Пастаўскім ТЦСАН і дапамагае пажылым людзям.

— Цяпер, у час пандэміі, ім патрэбна асаблівая падтрымка, — адзначыла суразмоўца. — Мы і рэцэпт у паліклініцы забяром, і лекі купім, і прадукты даставім. Бачылі б вы, як рады бабулі і дзядулі бачыць валанцёраў у сябе дома! Якімі шчырымі ўсмешкамі нас сустракаюць! І самая вялікая карысць, якую мы можам зра­біць, — агарнуць пажылых увагай, выслухаць іх, падбадзёрыць. Гэта не патрабуе шмат часу, але на душы прыемней і ў цябе, і ў тых, да каго мы прыходзім.

Напрыканцы размовы распытваю Вольгу Лойку пра яе захапленні, адпачынак ад працоўных клопатаў. Даведваюся, што яна вялікі аматар кніг (за мінулы год прачытала каля 80!), пасткросінгу (абменьваецца паштоўкамі з жыхарамі розных краін свету). Цікава ёй і вандраваць, даведвацца гісторыю Беларусі і роднай Пастаўшчыны.

Вольга вельмі камфортна адчувае сябе ў Паставах: тут любімая работа, родныя, сябры. Наш горад дзяўчына лічыць сваёй другой радзімай і з’яз­джаць адсюль не плануе. Яна пераканана, што магчымасці для самарэалізацыі можна знайсці ўсюды, было б жаданне…

Іна Сняжкова



Читайте также:
Злата Ярошевич из Новоселок стала дважды лауреатом I степени в международном телепроекте «Кубок Дружбы»
Поставчанка Екатерина Юркова создает необычные по размеру и красоте цветы из изолона
Поставский РК «БРСМ» занял 2-е место по работе с отделом идеологической работы, культуры и по делам молодежи



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.