Луция и Валерий Пупкевичи дарят приемным детям много ласки и заботы

Общество

На любоў і ласку шчодрыя

Стаць прыёмнай мамай Луцыю Пупкевіч падштурхнула родная дачка Анжаліка. Дзяўчынка вы­хоўвалася з братамі Косцем і Ягорам, а ёй так хацелася сястрычкі! І калі пачула ад настаўнікаў, што тыя шукаюць прыёмную сям’ю для яе равесніцы Яны, не адступілася ад бацькоў. Затым высветлілася, што ў яе ёсць зводны брат Віталік. І Луцыя з Валерыем вырашылі не разлучаць іх.

— Трое сваіх, двое прыёмных — нас з мужам гэта не палохала, — расказвала Луцыя Іванаўна. — Самі выхоўваліся ў вялікіх сем’ях. Я працавала цялятніцай, муж — механізатарам у Вярэньках, трымалі вялікую ўласную гаспадарку. Прывучалі да работы і дзяцей: кожны меў свае абавязкі, не ленаваўся іх выконваць.

Як мнагадзетныя Пупкевічы пабудавалі ў Паставах 3-пакаёвую кватэру. Доўга не маглі рашыцца памяняць прывычны вясковы ўклад жыцця на гарадскі. Але падрасталі дзеці, ім хацелася наведваць дадатковыя заняткі па выяўленчым мастацтве, музыцы, і гэта паскорыла пераезд. У райцэнтры Луцыя ўладкавалася на работу ў райспажыўтаварыства, Валера — на льнозавод (цяпер працуе на малочным заводзе).

Луцыя і Валерый Пупкевічы з сынам Ягорам і прыёмнымі дзецьмі Ромам, Арцёмам і Палінай

Праз пэўны час старэйшыя дзеці пакінулі родныя сцены. Косця жыве ў Мядзеле. Анжаліка працавала поварам у СШ №1, выйшла замуж і падарыла бабулі з дзядулем унучачку Амільку. Прыёмная Яна закончыла Аршанскі педагагічны каледж, працуе ў Оршы і завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю. Ягор і Віталік вучацца ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы, прычым прыёмны сын жыве ў інтэрнаце, і Пупкевічы ўжо не нясуць за яго адказнасць. Пры магчымасці Яна і Віталій наведваюцца ў сям’ю, у якой атрымалі выхаванне.

А Луцыю ў аддзеле па адукацыі райвыканкама сталі ўгаворваць зноў стаць прыёмнай мамай. Тры гады таму Пупкевічы прынялі да сябе братоў Арцёма і Рому, якія маюць адхіленні ў развіцці, стаяць на ўліку ў псіхіятра і неўролага: практычна не размаўляюць. Іх няпроста чым-небудзь зацікавіць, хлопчыкам складана запомніць назвы прадметаў, абслугоўваць сябе.

— Стараюся кантраляваць кожны іх рух, — расказвала Луцыя. — Хаця празмерная апека не на карысць. Дзяцей трэба навучыць элементарным рэчам. Гэта 24-гадзінная праца. Арцём мае II групу інваліднасці, вучыцца ў карэкцыйным класе. Яго перыядычна возім на прыём да спецыялістаў у абласную бальніцу. Рома наведвае інтэграцыйную групу ў дзіцячым садзе.

Прыёмная мама — гэта работа, за яе плацяць зарплату. На заводзе ці ў арганізацыі ёсць выхадныя, штогадовы водпуск. Мае права на 56-дзённы адпачынак і Луцыя. Толькі сумленне не дазваляе ёй адвезці на гэты час братоў у прытулак, бо для іх змена абстаноўкі стане вялікім стрэсам.

— Летам часта ездзім да мамы, якая жыве ў вёсцы, працуем там на агародзе, — працягвала аповед пра будні жанчына. — Хлопчыкі бегаюць па двары, бабуля за імі прыглядвае. А зімой, асабліва калі былі моцныя маразы, займаць іх у кватэры няпроста: яны не цікавяцца мульцікамі, дзіцячымі перадачамі. Могуць быць раздражняльнымі, упартымі. Іх пастаянна трэба трымаць у полі зроку. Здараецца, на мяне накатвае роспач. Але такім эмоцыям лепш не паддавацца.

Два гады назад сям’ю папоўніла трохгадовая Паліна. Шустрая вавёрачка з рыжай галоўкай, хахатушка — такой я яе ўбачыла, пераступіўшы парог кватэры, што і агучыла гаспадарам.

— Калі прывезлі ў сям’ю, Палінцы было два і восем, — успаміналі Луцыя і Валерый. — Вельмі слабенькая, дрэнна хадзіла. Не ела ні супу, ні кашы. Не размаўляла. І толькі паступова стала прывыкаць да нашых парадкаў, вучыць словы. Мае праблемы з сэрцам, таму назіраецца ў кардыёлага.

У дзіцячым садку дзяўчынка ходзіць у басейн, на танцавальны гурток, дома імкнецца дапамагаць ва ўсім маме. Летам любіць збіраць на градках агуркі, памідоры. Пакуль мы размаўлялі, Палінка абдымала прыёмную маму за шыю, цалавала яе ў шчокі.

— Біялагічная мама мае права бачыцца з дачкой, — апавядала гаспадыня. — І часам прыходзіць. Палінка ніяк не можа зразумець, чаму ў яе дзве мамы. Цягнецца больш да мяне. Я спадзяюся, што родная некалі асэнсуе свае паво­дзіны, выправіцца і зможа за­браць да сябе дачушку. Ёсць мама і ў Арцёма з Ромам. Але тая асаблівай цікавасці да сыноў не праяўляе. Я вельмі ўдзячная медыкам, псіхолагу, якія працуюць не толькі з гэтымі асаблівымі дзеткамі, але і дапамагаюць мне. Без іх падтрымкі справіцца са сваімі абавязкамі мне было б цяжка.

Гутарыла з Луцыяй і Валерыем, назірала за імі і дзецьмі — і адчувалася, наколькі яны шчодрыя на цеплыню, ласку, цярпенне.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
В кафе «Феникс» проводят мастер-классы по приготовлению пиццы для детей
В Поставах в микрорайоне 6-го городка открылся новый детский сад
Поставчанка Надежда Новицкая — финалистка конкурса «Миссис Вселенная Беларусь»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.