З маладым ветурачом сельгаспрадпрыемства «Ляхаўшчына-агра» Марынай Мельніковіч пра сустрэчу дамовілася загадзя. Але ў вызначаны час яна не адбылася — спецыяліст была вымушана затрымацца на ферме.
— Цяпер масава ідуць ацёлы кароў, — расказвала. — Нярэдка патрабуецца і мая дапамога. Толькі ўсё паспяхова закончылася тут — як трэба спяшацца да цялят. І так на працягу дня. Здараецца, што і ноччу выклікаюць.
Буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы налічваецца амаль 2 000 галоў. Каровы і цяляты ўтрымліваюцца на фермах у Валках, Ляхаўшчыне, Луцк-Казлоўску, Станелевічах, Сароках, Губіне, Ласіцы. Яны размешчаны далёка адна ад адной. Марына штодня наведваецца на кожную, а здараецца, што і не адзін раз. Нагрузка вялікая. Добра, што за спецыялістам замацавана машына.

— Дапамагае ў рабоце і тое, што большасць аператараў машыннага даення, даглядчыкаў цялят адказна адносяцца да выканання сваіх абавязкаў, — працягвала Марына. — Калі своечасова заўважаць, што жывёліна недамагае, паклічуць мяне.Тады і лячыць прасцей. Пры неабходнасці па параду звяртаюся да вопытных спецыялістаў з раённай ветстанцыі. Шмат увагі ўдзяляю прафілактыцы захворванняў. Нямала часу прыходзіцца працаваць з дакументацыяй.
— Маладым ветурачом мы задаволеныя, — гаварыў дырэктар СП «Ляхаўшчына-агра» Раман Хімянкоў. — Марына хутка адаптавалася ў нашай гаспадарцы. Тэарэтычныя веды мае выдатныя, умела прымяняе іх на практыцы. Вызначаецца стараннем і адказнасцю.
У адпаведнасці з рашэннем Віцебскага аблвыканкама, з 1 сакавіка маладыя спецыялісты, што працуюць у жывёлагадоўлі, будуць атрымліваць штомесяц дадатковую выплату ў памеры 1 000 рублёў.
Дзяўчына родам з Пінска. У Ляхаўшчыну прыехала пасля заканчэння Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Першую практыку праходзіла ў адной з гаспадарак Гарадоцкага раёна, пераддыпломную — на сельгаспрадпрыемстве «Ляхаўшчына-агра».
— Тут добразычлівыя людзі, таму і на работу сюды папрасілася, — патлумачыла свой выбар Марына. — Прафесію выбрала выпадкова, але палюбіла яе за час вучобы. На практыцы, вядома, намнога складаней. Ненарміраваны рабочы дзень. Адказнасць вялікая. Самая распаўсюджаная хвароба ў кароў, якія расцяліліся, — мастыт. Вельмі важна захаваць маленькіх цялятак. Працаваць цікава, хоць і нялёгка.
Гаспадарка выдзеліла маладому спецыялісту жыллё. Нядрэнная і заработная плата. З 1 сакавіка Марына разлічвае на дадатковую штомесячную выплату ў памеры 1 000 рублёў, якая прадугледжана рашэннем Віцебскага аблвыканкама маладым спецыялістам, што працуюць у жывёлагадоўлі.
…Размову перапыніў тэлефонны званок — чарговай рагулі патрэбна была дапамога ветурача.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара
Читайте также:
8 механизаторов Поставского молочного завода признаны победителями районного соревнования
Машинно-тракторный парк Поставского молочного завода пополнился 15 тракторами
Где в Поставском районе можно найти символ наступающего 2021-го года?