Павел Синица из Новоселок стал серебряным призером областных соревнований по биатлону

Спорт

Пакарыў п’едэстал

Сярэбраным прызёрам вярнуўся з абласных спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» 11-класнік Навасёлкаўскай СШ Павел Сініца.

Спаборніцтвы праходзілі на мінулым тыдні на базе Віцебскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву і сабралі 25 каманд-удзельніц з усяго Прыдзвінскага краю. Нашу зборную прадстаўлялі 14 юных спартсменаў — прызёраў раённага этапа «Снежнага снайпера», — 9 з якіх з’яўляюцца навучэнцамі навасёлкаўскай школы. Праўда, Павел, як і іншыя 11-класнікі, у раённай біятлоннай гонцы не ўдзельнічаў. Але гэта не перашкодзіла яму трапіць у каманду і бліскуча выступіць на вобласці.

— Павел — вопытны лыжнік, — расказваў педагог хлопца, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Генадзій Ластоўскі, які вазіў нашу каманду на абласныя спаборніцтвы. — Упершыню ён стаў на лыжы яшчэ ў пачатковых класах Старадворскай базавай школы, дзе раней вучыўся. Ужо гадоў 5 ездзіць на абласныя спаборніцтвы па біятлоне. Да апошняга часу прызавых месцаў не займаў, але быў блізкі да іх. А вось у «Пастаўскай лыжні», у якой таксама пастаянна ўдзельнічае, неаднаразова трапляў у лік прызёраў. Выступаў і за школу, і за каманду сельсавета, і індывідуальна.

Што да «Снежнага снайпера», то ў ім наш зямляк мог наогул стаць пераможцам у індывідуальнай гонцы ў старэйшай узроставай групе, калі б не дапусціў 5 промахаў на агнявым рубяжы. Гэта адбылося таму, што ў першы дзень спаборніцтваў на дыстанцыю ён выйшаў адным з апошніх ужо ўвечары, калі на вуліцы сцямнела і мішэні цяжка было разгледзець. Няўдалая стральба дабавіла 75 секунд штрафнога часу, якія юнак амаль адыграў на дыстанцыі. Фінішаваў ён з адставаннем ад лідара ўсяго ў 17 секунд і такім чынам аказаўся на другім месцы. На наступны дзень у эстафеце адстраляўся чыста.

На цырымоніі ўзнагаро­джання Паўлу Сініцу ўручылі сярэбраны медаль і грамату ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. Неўзабаве хлопец будзе адстой­ваць гонар Віцебскай вобласці на аналагічных рэспубліканскіх спаборніцтвах. Нядрэнна выступілі і астатнія нашы спартсмены, заняўшы 9-е агульнакаманднае месца ў эстафеце.

Поспехі школьнікаў — у вялікай ступені заслуга Гена­дзія Ластоўскага, які сам з’яўляецца вялікім аматарам лыжаў і ставіць на іх вучняў, ледзь толькі выпадае снег. Настаўнік заўсёды старанна рыхтуе сваіх выхаванцаў да розных спаборніцтваў. Так, да апошніх гонак падрыхтоўка вялася не толькі на ўроках фізкультуры, але і ў пазаўрочны час. А навучыцца трапна страляць дапамагла наяўнасць у школе біятлоннай устаноўкі.

Алена Шапавалава
Фота Генадзія Ластоўскага



Читайте также:
Кто стал лучшим «Снежным снайпером» среди детей и подростков?
Стало известно, кто победил в культурно-спортивном мероприятии «Поставская лыжня-2021»
Юная поставчанка Ева Иванова стала чемпионкой Витебской области по шахматам



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.