По каким вопросам поставчане обращались в райисполком в прошлом году?

Местная власть

Звяртайцеся – адкажам

Раённым выканаўчым камітэтам і яго структурнымі падраздзяленнямі, сельвыканкамамі і падпарадкаванымі ім арганізацыямі вялікая ўвага надаецца рабоце са зваротамі грамадзян. Пра гэта — размова карэспандэнта «Пастаўскага краю» з галоўным спецыялістам аддзела юрыдычнага, па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Таццянай Васільчанкай.

— Таццяна Васільеўна, колькі зваротаў грамадзян паступіла ў райвыканкам у мінулым годзе?

— Да кіраўніцтва — 250 пісьмовых, электронных і вусных. А з улікам структурных падраз­дзяленняў — 457, што складае 138% да ўзроўню 2019 года. Усе звароты разгледжаны ў адпаведнасці з заканадаўствам. Заяўнікам ва ўстаноўленыя тэрміны дадзены адказы.

— Напэўна, найбольшая колькасць зваротаў у адрас камунальнікаў?

— Не. Сярод структурных падраздзяленняў райвыканкама найбольш зваротаў паступіла ў аддзел унутраных спраў — 194 (42,6% ад агульнай колькасці), што на 73 больш, чым было летась. 45 з іх — гэта заявы аб страце мабільных тэлефонаў, 15 — дакументаў, 13 — грошай і рэчаў. Таксама грамадзяне звярталіся па пытаннях парушэння правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, канфліктаў з суседзямі, проціпраўных дзеянняў і іншых.

— І ўсё ж у нашай размове нельга абысці ўвагай звароты, якія тычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі і жыллёвага фонду.

— Іх паступіла ў райвыканкам 75. Тэматыка наступная: паляпшэнне жыллёвых умоў, выдзяленне арэнднага і сацыяльнага жылля, пакояў у інтэрнаце, эксплуатацыя і ўтрыманне жыллёвага фонду, добраўпарадкаванне, аказанне камунальных паслуг.

Павялічылася ў параўнанні з 2019 годам колькасць зваротаў па пытаннях сацыяльнага і пенсійнага забеспячэння, працаўладкавання і занятасці, архітэктуры і будаўніцтва, землеўпарадкавання і землекарыстання, гандлю, транспарту, рамонту і ўтрымання дарог. Паступіла 26 калектыўных зваротаў, якія тычыліся розных сфер жыццядзейнасці.

— Нагадайце, калі ласка, чытачам пра формы работы са зваротамі кіраўніцтва і структурных падраз­дзяленняў райвыканкама.

— Іх некалькі. Асабістыя прыёмы грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб праводзяцца ў адпаведнасці з графікамі, зацверджанымі кіраўніком раёна, як у самім райвыканкаме, так і на выездах. Летась на асабісты прыём да кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта звярнулася 55 чалавек. Акрамя таго, праведзена некалькі сустрэч з насельніцтвам па месцы жыхарства. У сельскай мясцовасці перыядычна выстаўляюцца паштовыя скрынкі старшыні райвыканкама. Кіраўніцтвам райвыканкама і яго структурных падраздзяленняў, а таксама арганізацый, якія аказва­юць паслугі насельніцтву, праводзяцца прамыя тэлефонныя лініі. У 2020 годзе іх было 44, у тым ліку 6 праведзена старшынёй райвыканкама, да якога звярнулася 35 грамадзян.

З мэтай аператыўнага вырашэння ўзніклых пытанняў штодзень, у тым ліку ў выхадныя і святочныя дні, з 8 да 19 гадзін працуе гарачая лінія райвыканкама. У мінулым го­дзе на яе паступілі 33 звароты па пытаннях гандлю, сацыяльнага абслугоўвання, вулічнага асвятлення ў сельскай мясцовасці, утрымання дарог і іншых. У райвыканкаме працягвае працаваць грамадская прыёмная па пытаннях прававой асветы.

— Ва ўсе сферы жыцця ўсё шырэй укараняюцца сучасныя тэхналогіі. Як вы адчуваеце гэта, працуючы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб?

— Грамадзяне маюць магчымасць звяртацца з пытаннямі да кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта на афіцыйны сайт райвыканкама і даволі актыўна выкарыстоўвалі такую форму зносін. У мінулым годзе на электронную пошту райвыканкама (з улікам структурных падраз­дзяленняў) паступіла 129 зваротаў, што на 89,7% больш, чым за 2019-ы. Аднак не ўсе грама­дзяне правільна афармляюць іх. Некаторыя не ўказваюць свайго прозвішча, імя і імя па бацьку, адраса пражывання, з-за чаго звароты могуць лічыцца ананімнымі і не належаць разгляду.

— Мяркую, што многія пытанні вырашаюцца на месцы — кіраўнікамі арганізацый, мясцовымі Саветамі.

— Сапраўды, сельскія Саветы найбліжэй да людзей. Кіраўніцтва, старэйшыны і дэпутаты добра ведаюць іх патрэбы. Як сведчыць справаздачнасць, на працягу мінулага года на асабісты прыём да старшынь сельвыканкамаў звярнулася 240 грамадзян. Большасць пытанняў была вырашана на месцы.

 Гутарыла Фаіна Касаткіна



Читайте также:
На диалоговой площадке депутаты обсудили вопросы местного самоуправления
Очередная диалоговая площадка прошла в районном центре детей и молодежи
С 3 января 2021 года вступили в силу изменения в законодательстве по вопросам нотариальной деятельности



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.