Поставчане победили в межрайонных соревнованиях по рыбной ловле

Общество

Рыбацкая ўдача

Яе выпрабоўвалі БТПРаўцы падчас міжраённых спаборніцтваў. 6 лютага захапленне рыбнай лоўляй на мармышку аб’яднала на возеры Лучайскае 4 раённыя арганізацыйныя структуры РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў».

У вёску Гаўрылавічы аматары зімовай рыбалкі пачалі з’яз­джацца з раніцы. Як толькі каманды прайшлі рэгістрацыю, усе накіраваліся на вадаём. За самы буйны ўлоў, заняўшы пазіцыю каля лунак, на працягу трох га­дзін спаборнічалі прадстаўнікі Пастаўскага, Глыбоцкага, Докшыцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. У склад кожнай каманды ўваходзіла 6 чалавек: трое дарослых і столькі ж юнакоў, якія наведваюць рыбалоўную секцыю.

Першага ўлову доўга чакаць не давялося — прайшло 10 хвілін, як адзін з удзельнікаў выцягнуў з лункі акуня. Хутка і астатнія прыхільнікі рыбалоўнага спорту пачалі падымаць на лёд лускаватую здабычу. Ім дазвалялася выкарыстоўваць толькі адну вуду, а ў запасе мець — колькі заўгодна.

Моцны мароз — слупок тэрмометра ў той дзень апусціўся да мінус 20 градусаў — не перашкаджаў добраму настрою і азарту ўдзельнікаў. Нехта і ўвогуле радаваўся марознаму, сонечнаму і бязветранаму надвор’ю, якое спрыяла масаваму адпачынку. Не абышлося на рыбацкім фестывалі без жартаў і абмену вопытам па тэхніцы лоўлі. А як усе нахвальвалі салдацкую кашу і гарачы чай, якія прапаноўвала палявая кухня! А вось пакаштаваць духмяную юшку са свежага ўлову было вырашана ў наступны раз, хоць менавіта гэты пачастунак з’яўляецца традыцыйным на такіх мерапрыемствах.

Дзімітрый Крук віншуе Сяргея Калягу, які заняў 2-е месца

Усяго за час спаборніцтва вылаўлена больш за 10 кілаграмаў рыбы. Удзельнікам шанцавала на дробнага акуня, плотку, падлешчыка, ярша, шчупака. Самы маленькі трафей, здабыты падчас спаборніцтва, не заняў і паловы пачка з-пад запалак, а самы вялікі заважыў 1 кілаграм 300 грамаў. Буйная асобіна трапіла на кручок прадстаўніка Пастаўскай раённай арганізацыйнай структуры РДГА «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Пятра Казароўца. З агульным уловам 2 кілаграмы 630 грамаў ён стаў пераможцам у асабістым заліку сярод мужчын. У якасці падарунка атрымаў ледабур. Рыбалоўная скрыня для зімовай рыбалкі дасталася Сяргею Калягу (Докшыцы), які заняў 2-е месца. 3-е судзейская калегія аддала пастаўчаніну Сяргею Ходану. Яго прыз — рыбацкія сані.

У агульнакамандным заліку найлепшымі сталі пастаўчане. «Серабро» спаборніцтва ў каманды з Докшыц, «бронза» — у рыбаловаў з Шаркаўшчыны. Усе атрымалі дыпломы адпаведнай ступені. Прызёры юнацкай секцыі адзначаны сертыфікатамі на суму 20 рублёў.

— У апошні момант пачаў хвалявацца, што спаборніцтва можа не адбыцца з-за марознага надвор’я, — дзяліўся перажываннямі, якія з’явіліся за дзень да спартыўнага адпачынку, Дзімітрый Крук. — Цяпер разумею, што дарэмна. Упэўнены: свята атрымалася!

Вераніка Філановіч
Фота даслаў Дзімітрый Крук



Читайте также:
Фишинг: что это такое, как распознать фишинговые атаки и защититься от них?
3 пожара за неделю. В Поставском районе огонь повредил 2 хозпостройки и дом
Какие традиции чтят военнослужащие погранзаставы «Лынтупы» и как выглядит комната боевой славы?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.