Адрасная дапамога
«Прыбяром снег разам». Пад такой назвай сёлета праходзіць агульнарэспубліканскі маладзёжны чэлендж.
Мэта акцыі — аказаць адрасную дапамогу ва ўборцы снегу тым, хто не можа справіцца з гэтай задачай самастойна — ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, былым вязням, пажылым людзям, якія жывуць адны.
— Старт грамадскай ініцыятыве даў Гродзенскі абласны камітэт БРСМ у сярэдзіне студзеня, — расказвала першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Малевіч. — Усе рэгіёны краіны актыўна ўключыліся ў работу. За месяц, які ідзе акцыя, прадстаўнікі нашага тэрытарыяльнага камітэта ўжо неаднойчы адпраўляліся па прапанаваных ТЦСАН адрасах. У гэтым плане ў нас наладжана актыўнае супрацоўніцтва з сацслужбай.
Улічваючы надвор’е, якім сёлета нас цешыць зіма, недахопу ў заяўках не назіраецца. На гэтым тыдні дапамога моладзі спатрэбілася ў прыватным сектары райцэнтра — жыхаркам завулкаў Кастрычніцкі і Кааператыўны. У гэтым раёне размяшчаецца гімназія, таму яе навучэнцы і паспяшаліся ўключыцца ў эстафету добрых спраў. Умела арудавалі шуфлямі дзевяцікласнікі Дзмітрый Нікіцін, Максім Свірыдаў і Ягор Валіеў, якім гаспадыні акрэслівалі фронт работ, падказвалі, указвалі, куды кідаць снег. Усе трое — валанцёры маладзёжнага руху «Добрае Сэрца» і байцы маладзёжнага атрада аховы правапарадку БРСМ.
Па адным адрасе хлопцы расчысцілі дарожкі на прыдамавой тэрыторыі, па другім — падыход да павеці.
— Здароўя няма: у мяне і цукар, і ціск, і трафічныя язвы на нагах, іншыя балячкі, — пералічвае хваробы Алімпіяда Літвіновіч. — Як могуць, дапамагаюць па гаспадарцы дачка і ўнучка, якія жывуць асобна. У мяне кватэра без выгод, таму кожны дзень даводзіцца цепліць усе тры печкі. Але тэмпература ў пакоях усё адно не падымаецца вышэй за 16 градусаў. Мне 85 гадоў і ўжо цяжка спраўляцца нават з лёгкай работай, таму вельмі ўдзячная хлопчыкам за дапамогу.
Вераніка Філановіч. Фота аўтара
Читайте также:
Транспортный налог-2021: когда и кто платит, что за «упрощенка» и кто вообще ничего не должен?
Афганистан навсегда остался в памяти воина-интернационалиста Валерия Горячко
Поставчанка Надежда Новицкая — финалистка конкурса «Миссис Вселенная Беларусь»