Будучыню – у рукі маладых
З такой упэўненасцю вярнуўся з VI Усебеларускага народнага сходу старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Сваімі ўражаннямі ад форуму ён дзеліцца з чытачамі «ПК»:
— Для ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве мяне вылучыла абласная арганізацыя РГА «Белая Русь». Два дні сходу былі інфармацыйна насычанымі і запомняцца надоўга. Удалося ахапіць шырокі спектр пытанняў, якія хвалююць насельніцтва: эканоміка, сельская гаспадарка, ахова здароўя, адукацыя, маладзёжная, унутраная і знешняя палітыка. Выступленне Аляксандра Лукашэнкі было эмацыянальнае, жывое і ў той жа час аналітычнае, аргументаванае. Кожны сказ напоўнены не толькі глыбокім сэнсам, але і хваляваннямі за лёс Беларусі. Прэзідэнт закрануў усе бакі жыццядзейнасці краіны. Хто слухаў уважліва, знайшоў адказы на шматлікія актуальныя пытанні, якія сёння абмяркоўвае беларускае грамадства.
Важна, што сход праходзіў у той час, калі існуе асцярога за будучыню нашай краіны. Ёсць апаненты, якія не падтрымліваюць уладу Прэзідэнта, спрабуюць пераканаць іншых у няправільнасці выбранага шляху.
Асноватворнымі прынцыпамі сходу сталі тры пастулаты: адзінства, развіццё і незалежнасць. Калі нацыя адзіная, яна будзе развівацца. А развітая краіна заўсёды можа разлічваць на незалежнасць.
Парадавала моладзь. Слухаючы выступленні 22—25-гадовых юнакоў і дзяўчат, мяне перапаўняў гонар за іх: актыўныя, крэатыўныя. На такім маштабным форуме смела гаварылі пра надзённае, выказвалі свае пункты погляду, дзяліліся думкамі, уносілі слушныя прапановы, ідэі. Будучыня — менавіта за такімі нераўнадушнымі, адукаванымі, таленавітымі, дзелавымі маладымі людзьмі.
Шмат увагі на сходзе было ўдзелена сацыяльна арыентаванай мадэлі нашай дзяржавы, калі важна не толькі атрымліваць прыбытак, але і клапаціцца пра чалавека. Менавіта на гэта накіраваны і асноўныя палажэнні праграмы развіцця на 2021—2025 гады. Кіраўнік дзяржавы расставіў прыярытэты на перспектыву. Сацыяльная накіраванасць захаваецца, а гэта дазволіць карыстацца льготамі ў сферах транспарту, медыцыны, адукацыі, ЖКГ. Размова закранула ўсе пласты насельніцтва. Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі — дзеці, моладзь, пенсіянеры.
Прыемна было пачуць, што Беларусь за гады незалежнасці змагла не толькі забяспечыць сваю харчовую бяспеку, але і экспартаваць сельскагаспадарчую прадукцыю. Пра развіццё сельскай гаспадаркі гаварыў Прэзідэнт і выступоўцы, у прыватнасці старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў. Наш раён — сельскагаспадарчы. Развівацца ён будзе ў рамках рэспубліканскай праграмы. Шмат увагі ўдзелім будаўніцтву, у тым ліку ў сельскай мясцовасці. У наступным годзе 12-кватэрны дом павінен з’явіцца ў аграгарадку Навасёлкі. У ААТ «Камайскі-агра» на базе былога свінарэпрадуктара, будаўніцтва якога з-за недахопу фінансавання было замарожана ў 2009 годзе, пачаліся работы па перапрафіляванні ў малочнатаварны комплекс на 1 000 галоў. Апраўдала сябе ідэя стварэння ў вобласці 7 аграпрамысловых аб’яднанняў. Мінуў год. Наша аграаб’яднанне на базе малочнага завода лічыцца адным з найлепшых. І гэта дзякуючы стабільнаму фінансаваму становішчу малаказавода. Сельгаспрадпрыемствы, якія ўваходзяць у склад аб’яднання, маюць адчувальную падтрымку: набываецца новая тэхніка, удабрэнні, паліва. У сакавіку да ААТ «Сцяг Перамогі-агра» далучым сельгаспрадпрыемства «Груздава-агра». Гэта дазволіць лягчэй вырашаць многія вытворчыя пытанні.
Удалося ўключыць у абласную праграму развіцця аховы здароўя ў сельскай мясцовасці ўзвядзенне ў райцэнтры новага бальнічнага корпуса. Цяпер ідзе распрацоўка праекта. У наступным годзе, спадзяюся, прыступім да будаўніцтва. Выдзелены сродкі на завяршэнне работ на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі».
Пад індывідуальную забудову адведзены ўчасткі паралельна вуліцы Міру ў бок вуліцы Кірава. Там з’явіцца ўся неабходная інфраструктура. Пасля таго як завершыцца будаўніцтва двух 60-кватэрных дамоў па вуліцы Азёрнай, яно распачнецца ў мікрараёне вуліцы Юбілейнай.
На сходзе шмат увагі было ўдзелена падтрымцы сем’яў. Гэта задача рэалізоўвалася ў мінулай пяцігодцы, прадоўжыцца і ў наступнай. Будзе ўдасканальвацца сістэма выплаты дапамог на дзяцей, расшыраны пералік датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу. Асноўныя кірункі развіцця дзяржавы вызначаны. І кожны з нас павінен ўнесці свой пасільны ўклад у іх рэалізацыю. Толькі сумеснымі намаганнямі магчыма дабіцца пастаўленай мэты.
Запісала Анна Анішкевіч