Студенты из г. Поставы рассказали об учёбе в своих ВУЗах во время встречи в районном ДК

Важное Образование

Студэнт.bу — так называлася тэматычная праграма ў раённым Доме культуры, на якую былі запрошаны крэатыўныя, пазітыўныя пастаўчане — студэнты вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, а ў мінулым актыўныя ўдзельнікі розных конкурсных праграм, літаратурна-музычнай гасцёўні, канцэртаў, якія ладзіліся на раённай сцэне.

Прадставіўшы гасцей, вядучая мерапрыемства Алена Слядзеўская першай запрасіла для знаёмства з прысутнымі Лізавету Загурскую — выпускніцу СШ №1 і дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, удзельніцу вакальнай студыі «Славія», шоу-праграмы «Неўтаймоўныя амуры». Дзяўчына дзесьці з 6 класа марыла працаваць з дзецьмі. А ў старэйшых класах вызначылася са спецыялізацыяй — выбрала дашкольную адукацыю. Цяпер яна студэнтка 1-га курса Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Творчая па натуры, Ліза паспела праявіць сябе і на новым месцы вучобы. Паспяхова прайшла некалькі кастынгаў і была прынята ў вакальную студыю «Настрой», студэнцкі атрад. Дыстанцыйна ўдзельнічала ў вакальным конкурсе сярод студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, які праходзіў у Магілёве. За выкананне песні на беларускай мове адзначана спецыяльным прызам.

Камунікатыўны дызайнер — прафесія, якую выбрала выпускніца СШ №3 Аляксандра Жыльцова. Яна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце сацыякультурных камунікацый, стварае лагатыпы, эмблемы, вывучае сучасныя тэндэнцыі дызайну сродкаў масавай інфармацыі. А яшчэ — піша вершы.

Сапраўдныя мужчынскія прафесіі ў Мацвея Курашэвіча і Улада Чатовіча. Першы, закончыўшы СШ №3, стаў студэнтам ваеннага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, другі — выпускнік гімназіі, цяпер вучыцца на факультэце папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у Гомельскім філіяле Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі. Распарадак дня ў абодвух прыкладна аднолькавы, патрабаванні — таксама. Каб паспяхова вучыцца ў дадзеных установах, недастаткова глыбокіх тэарэтычных ведаў, важную ролю адыгрывае фізічная падрыхтоўка. У школьныя гады хлопцы вызначаліся на розных спартыўных спаборніцтвах, удзельнічалі ў шоу-праграме «Неўтаймоўныя амуры».

Кацярына Музычэнка падчас вучобы ў гімназіі была старшынёй Маладзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў. Пад кіраўніцтвам Ігара Пракаповіча напісала навукова-даследчую работу «Арганы Пастаўшчыны». Была ўдзельніцай танцавальнага ансамбля «Амбішнс». Яе родныя былі ўпэўненыя, што дзяўчына пойдзе па слядах бацькі і сястры, якія працуюць урачамі. Але Каця выбрала адзіны ў Беларусі тэхналагічны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, на якім вывучаюць тэхналогію брадзільнай вытворчасці і вінаробства.

Штучны (камп’ютарны) інтэлект — адзін з перспектыўных кірункаў у інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы. Менавіта яго і вывучае выпускніца гімназіі Анастасія Вернікоўская ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Выпускніка СШ №1 Арсенія Леўшына пастаўчане запомнілі па яго яркіх выступленнях на раённых мерапрыемствах. Хлопец — пераможца многіх абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных вакальных конкурсаў. Свой талент развівае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва, прадаўжае ўдзельнічаць у конкурсах: ён — лаўрэат I ступені «Хрустальнага васілька», «Беларускіх талентаў», «Дарогі да мары».

Калі папярэднія ўдзельнікі праграмы толькі ступілі на шлях асваення выбранай прафесіі, то Вікторыя Захарыч ужо вучыцца на 6-м курсе Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта. Гэты перыяд вучобы называецца субардынатурай. У наступным годзе яе чакае інтэрнатура і толькі потым працаўладкаванне. Вікторыя ўжо вызначылася са спецыялізацыяй — выбрала педыятрыю. Вучобу спалучае з заняткамі ў фітнес-студыі. Навыкі, якія атрымала ў Паставах у цыркавой студыі «Каскад», былі дарэчы і ва ўніверсітэце.

Затым да прысутных звярнулася сакратар пярвічнай арганізацыі ГА «БРСМ» дзяржаўнага каледжа Паліна Маісеева. Яна закончыла пастаўскі і гарадоцкі каледжы і вярнулася ў родныя сцены ў якасці выкладчыка. Паліна расказала пра прафесіі, якія тут можна атрымаць, умовы вучобы, пражывання, адпачынку.

Вакальнымі выступленнямі парадавалі прысутных Лізавета Загурская і Арсеній Леўшын, на кларнеце граў Канстанцін Красоўскі, свае нумары паказалі ўдзельнікі «Карамелек» і «Каскада».

Пасля мерапрыемства яго ўдзельнікі яшчэ доўга дзяліліся ўражаннямі. «Выйшла на сцэну — і адчула прыліў сіл, нібы выраслі крылы, — гаварыла Ліза Загурская. — Менавіта тут работнікі Дома культуры заўважылі мой вакальны талент, дапамаглі яго раскрыць. За паўгода вучобы ва ўніверсітэце я паспела паўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах. Яны праходзілі ў асноўным дыстанцыйна. А тут — родная сцэна і родныя сцены. Дзякуй арганізатарам за магчымасць сустрэцца з тымі, разам з кім ёсць што ўспомніць».

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
В районном этапе республиканской олимпиады по учебным предметам приняли участие 307 учащихся
Поставские школьники завоевали 8 дипломов на областном этапе олимпиады по учебным предметам
Замминистра образования РБ Александр Кадлубай ответил на вопросы учащихся Дуниловичской ЯССШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.