Нам трэба захаваць адзінства
Гэта думка гучала лейтматывам падчас сустрэчы ідэалагічнага актыву горада, якая прайшла 27 студзеня ў райвыканкаме ў форме дыялогавай пляцоўкі. Яе ўдзельнікі абмеркавалі работу на 2021 год, аб’яўлены ўказам Прэзідэнта краіны Годам народнага адзінства.
На мерапрыемстве прысутнічалі работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, галоўны рэдактар рэдакцыі праграмы тэлебачання «Паставы ТБ», удзельнік VI Усебеларускага народнага сходу ад Пастаўскага раёна Юлія Лазікевіч, намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце арганізацый і прадпрыемстваў горада. Мадэратарам сустрэчы выступіў намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. Ён першым і ўзяў слова.
Станіслаў Уладзіміравіч ахарактарызаваў сітуацыю, якая склалася сёння ў краіне і раёне, і акрэсліў задачы для ідэолагаў на гэты год. У прыватнасці, ён адзначыў, што Беларусь зараз перажывае няпросты час. Пасля выбараў Прэзідэнта грамадскае жыццё значна палітызавалася. Абстаноўка нагняталася як знутры, так і знешнімі сіламі, якія і цяпер робяць спробы дэстабілізаваць грамадства. Органы дзяржаўнай улады са свайго боку прымаюць меры па арганізацыі канструктыўнага дыялогу з апанентамі і прыняцці ўзважаных рашэнняў. Прыклад таму — правядзенне па ўсёй рэспубліцы дыялогавых пляцовак па ўнясенні прапаноў у Канстытуцыю па перспектывах развіцця краіны і рэгіёнаў, а таксама падрыхтоўка да VI Усебеларускага народнага сходу. У нашым раёне, акрамя таго, працуюць грамадскія прыёмныя, кіраўніцтва райвыканкама праводзіць сустрэчы ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства. Пытанні і прапановы, якія паступаюць, абагульняюцца, пры неабходнасці прымаюцца меры па іх выкананні.
Усё гэта робіцца для таго, каб захаваць народнае адзінства. А для дасягнення міру і згоды ў грамадстве кожнаму з нас трэба пачаць з сябе, перакананы Станіслаў Чымбург. Тэма народнага адзінства будзе ў цэнтры ўвагі ўсёй інфармацыйна-растлумачальнай і культурна-масавай работы з насельніцтвам у гэтым годзе, заявіў ён.
Затым перад прысутнымі выступіла Юлія Лазікевіч. Напярэдадні яна пабывала на сустрэчы дэлегатаў, якія будуць прадстаўляць Віцебскую вобласць на VI Усебеларускім народным сходзе, і падзялілася ўражаннямі ад яе. Расказала, хто прыехаў на сустрэчу і пра што ішла размова — а ўдзельнікамі мерапрыемства былі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, міністры: эканомікі краіны — Аляксандр Чарвякоў, працы і сацыяльнай абароны — Ірына Касцевіч, жыллёва-камунальнай гаспадаркі — Андрэй Хмель, старшыні Віцебскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў Мікалай Шарснёў і Уладзімір Цярэнцьеў. Пры гэтым зрабіла акцэнт на тым, што з пачутага ад выступоўцаў асабліва яе зацікавіла.
Пра ідэалагічную работу ў сваіх калектывах распавялі намеснік дырэктара УП ЖКГ Міхаіл Кабайла, вядучы спецыяліст па ідэалогіі Пастаўскага малочнага завода Аляксандра Гайлеўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Антаніна Кухальская і начальнік аддзела кадраў і ідэалагічнай работы Пастаўскага філіяла Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства Ірына Хомчык, якія абазначылі праблемы і выказалі ўласнае бачанне іх вырашэння. Яшчэ адзін удзельнік сустрэчы — інжынер раённага вузла паштовай сувязі Сяргей Андрэеў — прапанаваў вызначыць формы і метады работы з індывідуальнымі прадпрымальнікамі і самазанятымі грамадзянамі па давядзенні да іх дакладнай інфармацыі аб сітуацыі ў краіне.
У цэлым сістэму ідэалагічнай работы ў раёне ахарактарызавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Чаплінская. Яна расказала пра яе формы і мерапрыемствы, якія праводзяцца з удзелам ідэалагічнага актыву і рыхтуюцца сёлета ў рамках Года народнага адзінства, а таксама нацэліла ідэолагаў на плённую працу ў гэтым годзе.
Алена Шапавалава. Фота аўтара
Читайте также:
Очередная диалоговая площадка прошла в районном центре детей и молодежи
С 3 января 2021 года вступили в силу изменения в законодательстве по вопросам нотариальной деятельност
По каким вопросам поставчане обращались в райисполком в прошлом году?