У гонар абаронцаў
23 лютага ў нашай краіне адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Амаль за 100 гадоў свайго існавання свята неаднойчы мяняла назву, але яго сутнасць заставалася той жа — адарыць увагай усіх, хто абараняў краіну і хто робіць гэта цяпер.
Па традыцыі ў гэты дзень у Паставах, як і па ўсёй Беларусі, ладзіліся ўрачыстыя мерапрыемствы. Спачатку адбылося ўскладанне кветак і вянкоў да помнікаў на плошчы Леніна і па вуліцы Чырвонаармейскай. Даніну памяці загінулым героям аддалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Чэпік, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, ваеннаслужачыя часцей, якія дыслацыруюцца на тэрыторыі Пастаўшчыны, кіраўнікі і прадстаўнікі разнастайных прадпрыемстваў, устаноў, грамадскіх арганізацый і іншыя.
А 15-й гадзіне ў раённым Доме культуры распачаўся ўрачысты сход і святочны канцэрт «Служу Айчыне!». Спачатку перад прысутнымі выступіў Пётр Курто. Старшыня райсавета дэпутатаў адзначыў:
— У нашай памяці Дзень абаронцаў Айчыны заўжды будзе звязаны з подзвігамі старэйшых пакаленняў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета 22 чэрвеня спаўняецца 80 гадоў з дня яе пачатку. Гэты трагічны і сумны юбілей яшчэ раз нагадвае пра тое, што самае каштоўнае, што ёсць у нашым жыцці, — мір, спакой, стабільнасць. І важна, што сёння ў радах абаронцаў Айчыны — унукі пераможцаў, людзі, адданыя роднай Беларусі, гатовыя стойка і мужна адказваць на ўсе пагрозы і выклікі сучаснага свету.
Пётр Леанідавіч падкрэсліў, што з кожным годам мацнеюць сувязі райвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый, школ раёна з воінскімі часцямі. Гэта дазваляе належным чынам вырашаць пытанні па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і патрыятычным выхаванні моладзі.
У мінулым годзе ваеннаслужачыя ўсіх часцей на тэрыторыі Пастаўшчыны паказалі высокія вынікі ў службовай дзейнасці. Выступоўца выказаў словы ўдзячнасці ўсім ваеннаслужачым, кіраўніцтву воінскіх часцей за плённую сумесную працу ў вырашэнні важных праблем жыццезабеспячэння гараджан і жыхароў раёна.
Гледачоў у той дзень чакаў і тэатралізаваны канцэрт. Творчыя нумары падарылі прысутным салісты народнага эстраднага гурта «25 плюс-мінус», Ганна Антух, раённы маладзёжны ваенна-спартыўны клуб «Азімут», узорная цыркавая студыя «Каскад», Канстанцін Красоўскі, Арцём Маргуноў і танцавальны калектыў «Карамелькі». На сцэну выйшлі і вучні патрыятычнага класа СШ №4.
Іна Сняжкова
Фота аўтара і Наталлі Налей
Читайте также:
Посмотрите, как весело и с размахом отметили Запусты в Лынтупах
Стали известны имена лауреатов звания «Человек года Поставщины-2020»
Юная поставчанка Настя Ожель получила диплом III степени в конкурсе «Энергомарафон»