Праславілася «Славія»
Два дыпломы лаўрэата прывезлі ў мінулую суботу з VII Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Новыя вяршыні» ўдзельнікі вакальнай студыі «Славія» Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна.
Конкурс праходзіў з 17 па 21 сакавіка ў Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў у Мінску і сабраў удзельнікаў — юных мастакоў, фатографаў, спевакоў, танцораў, артыстаў цыркавых і тэатральных студый — з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Грузіі, Польшчы, Эстоніі і Кітая. Яны спаборнічалі паміж сабой у васьмі намінацыях і былі падзелены на некалькі ўзроставых катэгорый.
Два нашы калектывы — групы «Класная кампанія» і «Дзяўчаты» — выступалі ў намінацыі «Эстрадны вакал. Ансамблі. 14—18 гадоў». Іх непасрэднымі сапернікамі былі яшчэ шэсць калектываў. Але па ўзроўні выканальніцкага майстэрства пастаўчане аказаліся мацнейшымі за сваіх канкурэнтаў. Журы, у складзе якога былі такія вядомыя асобы, як салістка ансамбля народнай музыкі «Бяседа» Святлана Суседчык, уладальнік Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў на «Славянскім базары ў Віцебску-2016» Аляксей Грос, высока ацаніла іх вакальныя і артыстычныя здольнасці. Групе «Класная кампанія» (у яе ўваходзяць Ева Вежнавец, Яўгенія Дзянісава, Аляксей Гамолка, Аляксандр Есьман, Дзяніс Дзяменцьеў і Руслан Юсупаў) з песняй «Всё могут короли» прысуджана 2-е месца. «Дзяўчаты» (Паліна Балаш, Анастасія Врублеўская, Алеся Буйко і Дзіяна Дунец) і іх джазавая кампазіцыя «Фач тай» удастоены 3-га месца. Пры гэтым 1-е месца наогул не прысуджалася.
Віншуем выхаванцаў кіраўніка «Славіі» Аксаны Нікалаевай з такім вялікім поспехам і жадаем ім новых перамог!
Алена Шапавалава
Читайте также:
Духовой оркестр Поставского колледжа — лауреат І степени областного видеоконкурса
Гатуем з «Традыцыяй». Посны пірог з грыбамі
На открытии своей выставки мастер Ольга Гукова провела мастер-класс по созданию маляванки