4 марта — День белорусской милиции. Начальник уголовно-исполнительной инспекции Ольга Далинкевич

Безопасность

Няпростая, але цікавая справа

Першапачаткова служба ў міліцыі была чыста мужчынскай справай. Але паступова прымяраць на сябе форму пачалі і прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Сёння ў аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама служаць 14 жанчын, 5 з іх носяць пагоны. У ліку такіх — начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Вольга Далінкевіч.

У райаддзел Вольга Аляксандраўна прыйшла ў красавіку 2012 года. На той час за плячыма было 10 гадоў працы ў органах пагранічнай службы, дзе займала пасаду кантралёра пункта пропуску «Мольдзевічы». Пастаянная занятасць на граніцы, немагчымасць удзяляць дастаткова ўвагі мужу і маленькай дачцэ сталі прычынай таго, што жанчына прыняла рашэнне звольніцца з пагранвойскаў. Год яна была без работы, а потым уладкавалася інспектарам у крымінальна-выканаўчую інспекцыю.

— Збылася мая дзіцячая мара, — расказвала Вольга Далінкевіч. — Я з маленства хацела служыць у міліцыі, змагацца са злачыннасцю, адстойваць справядлівасць. Прыкладам быў муж старэйшай сястры. Але пасля школы паступаць у Акадэмію МУС або ў школу міліцыі не рызыкнула — пабаялася вялікага конкурсу для дзяўчат. Пайшла на юрыдычны факультэт адной з камерцыйных ВНУ сталіцы. Закончыўшы яго, па спецыяльнасці не працавала.

Па словах суразмоўцы, работу ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі яна зусім не ведала. Тым не менш паспяхова прайшла гутарку, затым — навучанне і на працягу амаль 8 гадоў займалася сацыялізацыяй лю­дзей, якія аднойчы пераступілі закон. Затым кіраўніцтва аддзела перавяло яе ў службу ДАІ старшым інспектарам па адміністрацыйнай практыцы, а ў жніўні 2020-га вярнула назад, назначыўшы на пасаду начальніка КВІ. Цяпер у падпарадкаванні Вольгі Аляксандраўны трое мужчын: маёры Андрэй Сялевіч, Сяргей Лапушынскі і лейтэнант Анатолій Белкін. І хоць двое з іх старэйшыя па званні, свайго кіраўніка — капітана міліцыі — яны слухаюцца і паважаюць. Увогуле, калектыў дружны, калі трэба, падмяняюць адно аднаго.

— Работа ў інспекцыі хоць і няпростая, але цікавая, таму што працуем з людзьмі, — гаварыла яе начальнік. — Мы ажыццяўляем кантроль і прафілактычнае назіранне за асобамі, якія нядаўна вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, выконваем прыгаворы судоў з назначэннем асуджаным пакаранняў у выглядзе грамадскіх або папраўчых работ, абмежавання волі, пазбаўлення права зай­маць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю. Такім чынам людзям даецца шанц адбыць пакаранне дома, сярод блізкіх. І мы стараемся ім у гэтым дапамагчы: праводзім прафілактычныя гутаркі, спрабуем працаўладкаваць, калі чалавек нідзе не працуе, аказаць матэрыяльную дапамогу. Напрыклад, нядаўна па лініі Чырвонага Крыжа атрымалі 20 прадуктовых набораў і перадалі іх асуджаным, якія летась выйшлі на волю. Асоб, прыгавораных да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, правяраем па месцы жыхарства, таму што яны абавязаны пасля пэўнага часу знаходзіцца дома, не маюць права ўжываць алкаголь, выязджаць за межы раёна.

Кожны трэці чацвер месяца работнікі інспекцыі разам з прадстаўнікамі іншых службаў удзельнічаюць у пасяджэннях назіральнай камісіі пры райвыканкаме. (На яе запрашаюцца грамадзяне, якія злоўжываюць спіртным і не маюць работы, з мэтай іх працаўладкавання.) Таксама праводзяць пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку, дзе разглядаюць асоб, якія дапускаюць парушэнні парадку і ўмоў адбыцця пакарання, прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў сферы сямейна-бытавых адносін, знаходзяцца ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах. Усяго на ўліку ў інспекцыі зараз 300 чалавек. Да кожнага яе работнікі стараюцца знайсці індывідуальны падыход. Асабліва важны ён у дачыненні да грамадзян, якія выходзяць з месцаў пазбаўлення волі.

— У такіх асоб часта няма ні родных, ні сяброў, ні знаёмых — страчаны ўсе сацыяльныя сувязі. Іх трэба працаўладкаваць, пасяліць у часовае жыллё. Калі ўдаецца гэта зрабіць, адчуваю сапраўднае маральнае задавальненне, — прызналася Вольга Далінкевіч.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Замначальника 1-го РТЦ по вооружению Игорь Бутько отвечает за боеготовность военной техники
23—24 февраля на Поставщине проходил специальный комплекс мероприятий «Безопасный регион»
Какие традиции чтят военнослужащие погранзаставы «Лынтупы» и как выглядит комната боевой славы?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.