Александр Пайлак из Воропаева — талантливый художник, резчик по дереву и чеканщик

Важное Общество

Прасякнутыя дабрынёй і аптымізмам

Як бы вы адрэагавалі, убачыўшы ля веснічак дома, у які накіроўваліся, ….ваўка? Я заўсміхалася. Па-першае, гэта была скульптура. Па-другое, воўк выглядаў зусім не агрэсіўным, а сентыментальна-сумным.

— Памятаеце мультфільм «Жыў-быў Сабака»? Такі воўк — адзін з яго галоўных герояў, — адразу ж патлумачыў гаспадар Аляксандр Пайлак, выйшаўшы мне насустрач. — Раней яму складалі кампанію Ямеля са шчупаком, аднак змянілі месца жыхарства. Вось і засумаваў шэры. Але не пакіну яго надоўга ў адзіноце — выражу і пастаўлю побач скульптуру сабакі з ліхтаром у лапах.

На тое ён і творца, што заўсёды ў планах: адну работу завяршае, а думкі ўжо пра наступную.

— Люблю захопленых людзей, — прызнаўся. — Напэўна, таму, што сам з іх кагорты. А вось тых, хто цэлымі днямі ляжыць на канапе, уставіўшыся ў тэлевізар, ніколі не зразумею. Праца, рух — вось жыццё!

Маляваць Саша пачаў, пайшоўшы ў школу. Настаўніца заўсёды хваліла яго работы, выстаўляла іх за ўзор ля класнай дошкі. Гэта натхняла хлопчыка. Але ніякай навучальнай установы мастацкага профілю Аляксандр не заканчваў.

— Маім універсітэтам стала армія, — узгадваў ён гады тэрміновай службы на касмадроме Плясецк. — Старшы па прызыве Віктар Акулаў меў мастацкую адукацыю і навучыў мяне тэхніцы малявання. У мяне былі здольнасці і жаданне, усё схопліваў на ляту. Падчас службы авалодаў яшчэ і майстэрствам чаканкі. Ахвотна афармляў у воінскай часці наглядную агітацыю, маляваў і для душы. Звальняючыся са службы, падарыў зампаліту-расіяніну сваю вялікую карціну на беларускія матывы.

У яго была магчымасць абуладкавацца ў Ленінградзе, а выбраў Варапаева. «Я задыхаюся ў горадзе, — казаў. — Вось у лесе — гэта маё! Люблю працаваць там, паляваць, збіраць грыбы».

— Саша вырас у вёсцы і вельмі любіць прыроду, — расказвала яго сястра Зоя Кімстач. — Ён усё ведае пра кожнае дрэўца, раслінку, жывёліну. А які чулы, уважлівы, справядлівы да людзей! Нікога не абхітрыць, не ашукае. Не церпіць хітруноў і падхалімаў.

Шмат гадоў Аляксандр і яго жонка Галіна адпрацавалі на Варапаеўскім ДАКу. Пачынаў рабочым, потым назначылі мастаком-афарміцелем. Дырэктар усім гасцям з гонарам паказваў вялізныя пано, чаканкі, карціны, выкананыя таленавітым мастаком-самавучкам. Праявіў Аляксандр сваю творчасць і пры афармленні дзіцячай паліклінікі. А ў варапаеўскай царкве з благаславення бацюшкі вісяць два яго абразы: «Святая Троица» и «Вход Господень в Иерусалим».

— Зараз жывапісам займаюся мала. Захапіла разьба па дрэве, — расказваў творца. — Калі ДАК аказаўся ў заняпадзе, па некалькі месяцаў затрымлівалі выплату зарплаты, я ў 1994-м уладкаваўся ў Варапаеўскае лясніцтва, а праз 6 гадоў перавёўся ў Старадворскае. Працую лесніком, а яшчэ маю магчымасць выразаць з дрэва. Гэтаму майстэрству тут і навучыўся ў Андрэя Ясінскага, якога, на жаль, ужо няма ў жывых.

— Усе скульптуры на тэрыторыі ля адміністрацыйнага будынка лясніцтва вырабіў Аляксандр Мікалаевіч Пайлак, — адзначыў ляснічы Юрый Чашун. — Яго работы з дрэва і каменю ёсць і ля канторы лясгаса ў Паставах. — Ён вельмі творчы і нераўнадушны чалавек, прыдумвае і ўвасабляе ў жыццё розныя сюжэты. Яго работы прыцягваюць увагу і радуюць людзей.

— А чаму не расказваеш, што ты ў нас спявак? — яшчэ адзін штрых дадала нашай размове з творцам яго жонка, у шлюбе з якой ужо амаль 40 гадоў, выгадавалі дваіх цудоўных дзяцей.

— Сапраўды, спяваць люблю, — згаджаецца Мікалаевіч. — Некалі і на сцэне выступаў. Паспрабую паўтарыць на сваім юбілеі (менавіта сёння Аляксандру Мікалаевічу спаўняецца 60. Віншуем! — аўт.). У нас з Галінай добрая радня, шмат надзейных сяброў. Хачу запрасіць іх на бяседу. Нам будзе што ўспомніць. Абавязкова выканаю для гасцей сваю любімую песню, у якой ёсць такія радкі: «Добрыя людзі тут і далёка, добрыя людзі, з вамі так лёгка! З вамі так светла ў святы і будзень! Дзякуй за гэта, добрыя людзі».

Менавіта з ліку такіх людзей і сам Аляксандр Пайлак. Таму і яго карціны, скульптуры з дрэва, чаканкі прасякнутыя дабрынёй і аптымізмам.

Фаіна Касаткіна
Фота з сямейнага архіва Аляксандра Пайлака



Читайте также:
Не торты, а произведения искусства создает жительница аг. Новоселки Ольга Бугай
Поставчанка Екатерина Юркова создает необычные по размеру и красоте цветы из изолона
Елена Сыропятко из д. Ясюки создает креативное мыло ручной работы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.