Бесплатно и анонимно. Где в Поставах оказывают помощь жертвам домашнего насилия?

Общество

Ахвяры і агрэсары

З 15 па 28 лютага на тэрыторыі Віцебскай вобласці праводзілася прафілактычная акцыя «Агульнымі намаганнямі спынім насілле!». Работа ж па яго папярэджанні не спыняецца ні на адзін дзень.

Нядобранадзейныя сем’і — на пастаянным кантролі ў супрацоўнікаў міліцыі. Але ёсць і нямала такіх выпадкаў, калі ахвяра церпіць да апошняга, спадзяецца, што сітуацыя выправіцца, і нікому не расказвае пра праблемы. На жаль, такое замоўчванне можа прывесці да трагедыі. У гэтым выпадку закліканы дапамагчы спецыялісты.


Для аказання псіхалагічнай дапамогі грамадзянам пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуе служба экстраннай дапамогі і тэлефон даверу — 2-40-67.
Паслуга ананімная і бясплатная.


— Кожны дзень на мой нумар тэлефона паступаюць званкі, — расказвала псіхолаг ТЦСАН Кацярына Ярмолава. — Гісторыі, на першы погляд, розныя, а праблема адна — насілле ў сем’ях. Яно бывае псіхалагічнае, фізічнае, сексуальнае, эканамічнае… З кожным трэба змагацца.

Муж Таццяны, калі не ўжывае спіртнога, — добры і гаспадарлівы. А калі не размінецца з чаркай, месца ў хаце няма ні ёй, ні траім малалетнім дзецям. Да чаго прычапіцца — знойдзе заўсёды: нясмачная вячэра, дрэнна падрыхтаваныя ўрокі, у халадзільніку няма мінералкі і г. д. І такая сітуацыя паўтараецца практычна кожную пятніцу. Успыхваюць скандалы, нярэдка гаспадар распускае рукі. Невыносная абстаноўка траўміруе псіхіку дзяцей, адмоўна ўздзейнічае на здароўе родных.

Аліна замужам пяць гадоў. У мужа гэта трэці шлюб. У кожным разводзе, па яго словах, былі вінаваты жонкі: адна не ўмела варыць есці, другую падазраваў у здрадзе. Аліна верыла, што яна нарэшце зможа ва ўсім дагадзіць свайму каханаму, ахінуць яго ўвагай і цеплынёй. Першыя паўгода сумеснага жыцця былі спакойнымі. Потым у мужа сталі з’яўляцца розныя прэтэнзіі. Усё часцей і часцей ён кпіць з Аліны, зневажае, прыніжае, крытыкуе. Дэманстрацыя сілы хоць і без фізічнага ўздзеяння даймае жанчыну. З-за гэтага не можа спакойна спаць, стала раздражняльнай.

Марыя, выйшаўшы замуж, перастала сустракацца з сяброўкамі. Не часта наведваюцца да яе і родныя. Як аказалася, пасля прыходу гасцей муж папракае яе за растрату грошай на пачастункі. Пасля кожнага паходу ў магазін жанчына трымае перад ім справаздачу аб пакупках, цэнах, прад’яўляе чэк. А купляць жонцы паліто, сукенку, блузку, бялізну ідуць абавязкова разам. І не заўсёды вяртаюцца з абновамі, бо муж знойдзе прычыну, каб не раскашэльвацца.

Соф’і Адамаўне 80 гадоў. Яе равесніцы, нягледзячы на букет хвароб, маюць спакойную старасць. А яе даймае беспрацоўны сын, які да таго ж злоўжывае алкаголем. Пастаянна патрабуе грошы на чарговую бутэльку віна. Калі маці адмаўляе, пагражае ёй. Выставіць амаль 60-гадовае «дзіця» за парог дома маці не можа — шкадуе яго. А той ­здзекуецца з яе.

Анжаліка жыве разам з мамай і айчымам, вучыцца ў 9 класе. Патэлефанаваць псіхолагу яе вымусілі адносіны, якія складваюцца ў сям’і. Айчым, калі застаецца адзін на адзін з падчаркай, іншы раз праяўляе да яе сексуальны інтарэс. Дзяўчына стараецца не прыходзіць дадому да таго часу, пакуль не вернецца маці.

— Згодна з афіцыйнай статыстыкай, кожная трэцяя жанчына краіны церпіць ад фізічнага насілля, — працягвала Кацярына Ярмолава. — І ў той жа час толькі трэцяя частка з іх звяртаецца куды-небудзь па дапамогу. Дзеці становяцца як міжвольнымі сведкамі, так і непасрэднымі ахвярамі насілля. Небяспеку для чалавека ўяўляе сітуацыя, калі агрэсія выходзіць за межы і канфлікт вырашаецца з дапамогай кулакоў. Таму ахвярам насілля раю: не цярпіце! Звяртайцеся ў адпаведныя дзяржаўныя органы, тэлефануйце на гарачыя лініі. Тыя, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, могуць скарыстацца крызісным пакоем, які працуе пры ТЦСАН. Не будзьце раўнадушнымі, калі ведаеце, што вашы суседзі, знаёмыя падвяргаюцца хатняму насіллю. Памятайце, што псіхалагічная дапамога патрэбна як ахвярам, так і агрэсарам. Мы працуем з 8 да 17 гадзін, перапынак на абед — з 13.00 да 14.00. Можна патэлефанаваць і на нумар агульна­рэспубліканскай гарачай лініі 8-801-100-8-801.

Анна Анішкевіч



Читайте также:
15—28 февраля в Поставском районе проходит акция «Общими усилиями остановим насилие!»
23—24 февраля на Поставщине проходил специальный комплекс мероприятий «Безопасный регион»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.