Бездомные коты и кошки: кормить или нет?

Общество

Каціная нядоля

Яшчэ ў самым пачатку года хацела расказаць у газеце калядную гісторыю, галоўным героем якой стала бяздомнае кацяня. Такіх няшчасных істот у Паставах дзясяткі — ля пад’ездаў шматпавярховак, магазінаў, на сметніках. Але стрымлівалі нараканні на бяздомных жывёлін і тых, хто ім патурае, якіх чула нямала. І ўсё ж пачну з пазітыву.

Тое кацяня жыло ў шматлікім сямействе ля пад’езда аднаго з дамоў у мікрараёне 5-га гарадка. Яго сабраты моклі пад дажджом і калаціліся ад марозу, хапалі вынесеную кім-небудзь ежу, а летам адаграваліся на сонцы, качаліся па траве, «купаліся» ў пяску. Адны іх падкормлівалі, іншыя, каго бяздомныя істоты раздражнялі, адфутбольвалі нагамі.

Іну працяў жаль да самага маленькага схуднелага коціка, вочкі якога амаль не глядзелі — заплылі гноем. Стаяў моцны мароз, і бядак ажно трымцеў ад холаду. Лёгка даўся ёй у рукі, нібыта прадчуваючы, што атрымае паратунак. Маладая жанчына прынесла яго дадому, выкупала ў цёплай вадзе, прамыла растворам вочкі. Потым — яшчэ і яшчэ. Але жаданага эфекту не дабілася: надта глыбока пранікла інфекцыя. Давялося звяртацца па дапамогу ў ветлячэбніцу.

Бусіка (такую мянушку яму далі) вылечылі. Яго вочы паступова адкрыліся і цікаўна пазнавалі новы, не вулічны, свет. На камфортным месцы жыхарства асвоіўся хутка, а праз некаторы час нават стаў праяўляць пераборлівасць у ежы. Усе сямейнікі палюбілі гарэзлівага насельніка і ахвотна забаўляліся з ім. Але неўзлюбіла саперніка карэнная жыхарка кватэры — сіямская кошка, якая адчула менш увагі да сябе. І стала варагаваць з ім, нярэдка распускаючы кіпцюры.

Як ні шкада было гаспадарам расставацца з Бусікам, але вымушаны былі гэта зрабіць. Не, не выкінулі назад, на вуліцу. Адвезлі сваякам у вёску, якія не мелі ката і ахвотна прынялі жывы падарунак. А ў дадатак да яго — вялікі пакет грануляванага корму. Час ад часу звоняць і цікавяцца, як Бусік прыжыўся. Нядаўна наведалі яго і пераканаліся, што ў вясковай хаце ён адчувае сябе выдатна, гаспадары песцяць, а любімай ежай стала малако.

Памятаеце словы вядомага французскага пісьменніка Экзюперы: «Мы ў адказе за тых, каго прыручылі»? У дадзеным выпадку жанчына, якая зжалілася над хворым кацянём і прыручыла яго, хоць і не змагла пакінуць у сябе, але ўладкавала да іншых, у чыёй спагадзе не сумняваецца. Але ж колькі іншых фактаў! Людзі заво­дзяць катоў дзеля забавы сабе або дзецям, а калі тыя надакучаюць ці, яшчэ горш, спраўляюць патрэбу па-за латком, драпа­юць абіўку мэблі, дываны, нано­сяць іншую шкоду — бязлітасна выкідваюць на вуліцу, звозяць да ферм, магазінаў, сталовых, кацельняў, на сметнікі — куды заўгодна, каб толькі не чуць і не бачыць.

Чуюць і бачаць няшчасных іншыя — так называемыя кашатнікі. Шкадуючы бяздомных жывёлін, выносяць ім паесці і папіць, ладзяць пад сценамі шматпавярховак буданчыкі, каб не акалелі ад холаду. І каты выжываюць і размнажаюцца, павялічваючы колькасць бяздомных. Кашатнікі перакананыя, што робяць добрую справу. Іх праціўнікі абураюцца такой шкоднай, на іх погляд, дабра­дзейнасцю. Здараецца, што на гэтай глебе паміж імі нават сваркі ўзнікаюць, а то і варожасць. На днях мне пазваніла знаёмая з мікрараёна вуліцы Юбілейнай. «Як надакучыла арава катоў! — абуралася. — Іх ля пад’езда не менш за паўтара дзясятка. Брудныя, блыхастыя. Заскокваюць у пад’езд, мецяць яго. Летам качаюцца ў кветніках, спраўляюць там сваю патрэбу. І зараз, калі сышоў снег, непрыглядная карціна адкрылася — паўсюль каціныя і сабачыя экскрэменты. Так званыя дабрадзеі кормяць іх ля пад’езда, выносячы ежу, а некаторыя нават праз вокны яе кідаюць. Хоць бы ля сметніка іх кармілі, далей ад дома. Напішы ў газеце! — прасіла. — Нельга ж тэрыторыю ля пад’ездаў ператвараць у стойбішчы для катоў».

Пішу, але не цешу сябе ілю­зіяй,­ што магу газетным словам штосьці змяніць. Больш за тое, трывожуся, каб і самой не падкінулі кацянят з чарговага прыплоду, як гэта некалькі разоў здаралася ў папярэднія гады. Двое пушысцікаў такім чынам прыжыліся. Яшчэ двух уладкавала да сябровак. Чацвёра зусім маленькіх, у якіх нават вочкі не адкрыліся і якіх хтосьці жорсткі і бессаромны падкінуў у двор, выратаваць ад смерці не ўдалося. А на звалцы бытавога смецця, якая не так далёка ад нашага крайняга на вуліцы дома, і зараз бамжуе некалькі катоў рознага ўзросту…

Адным словам, падказаць шляхі вырашэння праблемы, якая існуе гадамі, не магу. Можа, іх бачаць чытачы газеты? Варта было б абмеркаваць.

Фаіна Касаткіна



Читайте также:
Невероятные приключения молодого лебедя в Поставах
20 февраля в Поставах прошла межрайонная выставка охотничьих собак
Стали известны имена победителей 1-го этапа республиканского конкурса рисунков на экологическую тематику



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.