Дораць радасць навасёлам
На ўрачыстым сходзе па падвядзенні вынікаў работы народнагаспадарчага комплексу раёна за мінулы год сярод тых, хто прадстаўляў калектыў аграбудаўнічага прадпрыемства «Рассвет Пастаўскі», былі прараб Андрэй Драбовіч, брыгадзіры тынкоўшчыкаў Леакадзія Чарняк і Алена Букатая, а таксама брыгадзір цесляроў-бетоншчыкаў Пётр Дубіновіч, які сёлета ўдастоены звання «Чалавек года Пастаўшчыны».
— У працоўнай кніжцы Пятра Якаўлевіча толькі два запісы, — гаварыў галоўны інжынер АБП «Рассвет Пастаўскі» Славамір Кухальскі. — Да развалу Саюза жыў у Літве, а калі прыехаў у Паставы, уладкаваўся ў нашу арганізацыю. З таго часу верны будаўнічай прафесіі. Колькі аб’ектаў узведзена за 33 гады з яго ўдзелам, напэўна, і сам не злічыць. Брыгада Дубіновіча ў складзе 7 чалавек звычайна закладвае фундамент будынка, сцеле падлогу, займаецца дэмантажом фундаментных блокаў і іншым. Любыя віды работ выконвае якасна, пастаянна ўдасканальвае сваё прафесійнае майстэрства, карыстаецца аўтарытэтам у калектыве.

У гэтыя дні Пётр Дубіновіч са сваімі калегамі вядзе дэмантажныя работы ў Буцавічах на старым свінарэпрадуктары, на базе якога будзе ўзводзіцца малочнатаварная ферма. Андрэй Драбовіч заняты на будаўніцтве жылога дома па вуліцы Зялёнай. Там брыгадай устаўляюць і ўцяпляюць вокны. Брыгады Леакадзіі Чарняк і Алены Букатай шчыруюць у СШ №1, капітальны рамонт якой ужо на завяршальным этапе. Шпакляванне, афарбоўка сцен — клопат тынкоўшчыкаў. Леакадзія і Алена маюць багаты вопыт у гэтай сферы. Іх задача — рабіць памяшканні прыгожымі і камфортнымі. За добрасумленнае выкананне абавязкаў, высокія вытворчыя паказчыкі ў рабоце Алена Букатая была лаўрэатам звання «Чалавек года Пастаўшчыны» ў 2013 годзе.
— Наша сфера не стаіць на месцы. З кожным годам укараняюцца новыя тэхналогіі, з’яўляюцца сучасныя будматэрыялы, і мы імкнёмся ісці ў нагу з часам, — гаварылі будаўнікі. — Работа прыносіць задавальненне, бо мы дорым радасць навасёлам.
Анна Анішкевіч. Фота аўтара
Читайте также:
Где в этом году на Поставщине будет строиться жильё? Узнали подробности
Почему так «потяжелели» жировки? Чем вызвана такая разница в начислениях?
Благотворительный фонд «ESJF Восточная Европа» обновит еврейское кладбище в Поставах