День работников бытового обслуживания населения и ЖКХ. О работе коллектива УП ЖКХ Поставского района

Общество

Без ЖКГ – ніяк!

Жыллёва-камунальная гаспадарка — самая народная тэма. Калі ўсе яе аб’екты функцыянуюць бесперабойна, мы нават не заўважаем гэтага. Але варта здарыцца якому-небудзь збою — адразу ж узнікае незадаволенасць. І гэта сведчыць пра тое, што без камунальнай службы немагчыма ўявіць жыццядзейнасць прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, проста грамадзян. Пра справы калектыву УП ЖКГ Пастаўскага раёна карэспандэнт «ПК» гутарыць з яго дырэктарам Фёдарам Тананой.

Леанід Бучэль, Вячаслаў Шылей, Сяргей Махніс, Вадзім Балобан (майстар) Сяргей Латышонак у ліку іншых забяспечваюць безаварыйную работу кацельні «Паставы-1»

— Фёдар Вікенцьевіч, пералічыце, калі ласка, функцыі, ускладзеныя на ваша прадпрыемства.

— Ацяпленне, утрыманне жыллёвага фонду, санітарная ачыстка, уборка і ўтрыманне прыдамавых тэрыторый, вулічна-дарожнай сеткі, добраўпарадкаванне, часткова — вулічнае асвятленне. Раней займаліся і водазабеспячэннем, зараз гэтыя функцыі выконвае «Докшыцыводаканал».

— Значыць, у вас зменшыўся аб’ём работ?

— Так, але ж і 80 чалавек перайшлі ў штат названага водаканала. Калі гаварыць пра калектыў у цэлым, то ў найлепшыя гады ў ім было 980 чалавек, а цяпер — 480. Адчуваеце розніцу? Так што нагрузка на працаўнікоў вялікая. Стараемся спраўляцца. Дадала клопатаў марозная і снежная зіма. Шмат тэхнікі і людзей былі задзейнічаны на расчыстцы вуліц і дарог, вывазе снегу. А колькі пясчана-салянай сумесі зрасходавана на іх! Толькі за студзень-люты затраты на ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі склалі 150 тысяч рублёў, што намнога больш, чым за такі ж перыяд мінулага года.

На добрым рахунку ў калектыве прасаўшчык другасных матэрыялаў Віктар Блажук

— З гэтага, напэўна, і пачынаецца вясной добраўпарадкаванне горада. Як вы ацэньваеце яго ўзровень?

— Ацэньваюць гараджане. За штосьці камунальнікаў хваляць, нечым незадаволеныя. Робім многае, але далёка не ўсё, што трэба было б. І прычына тут адна — недахоп фінансаў. Мела б прадпрыемства больш грошай, работы вяліся б шырэй. Хацелася б, каб і самі гараджане, асабліва прадпрымальнікі, больш актыўна ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні. Што да камунальнікаў, то зараз ачышчаем вуліцы ад пясчана-салянай сумесі, праводзім ямачны рамонт. Неўзабаве пачнём мяняць агароджы па вуліцы Чырвонаармейскай і рабіць рамонт па Вакзальнай, укладваць тратуар па вуліцы 17 Верасня. Не менш, чым летась, высадзім кветак, установім новыя малыя архітэктурныя формы. Набылі і ўжо выкарыстоўваем спецыялізаваную машыну з кантэйнерамі для буйнагабарытных грузаў, што павінна зменшыць затраты на іх вываз. Мінулым летам купілі механізаваную газонакасілку, якой абкошвалі паркі і скверы. Высокая яе эфектыўнасць, добрая якасць касьбы. І сёлета будзем рабіць усё магчымае, каб горад прыгажэў і станавіўся больш утульным.

— Завяршаецца ацяпляльны сезон. Як ён праходзіць?

— На балансе прадпрыемства — 25 кацельняў (9 у Паставах і 16 у сельскай мясцовасці). Асноўны від паліва (69% ад агульнага аб’­ёму) — дровы і шчапа. Летась 2 кацельні ў Лынтупах пераве­дзены на пялеты. 97% цепласетак заменены на сучасныя ПІ-трубы (а гэта 91,3 км). Для эканоміі электраэнергіі набылі 5 сеткавых помпаў для кацельняў. Гэта дазволіла знізіць страты цеплавой энергіі: яны склалі 12,2% пры зацверджаных 14%. За сезон не было перабояў ні з ацяпленнем, ні з падачай гарачай вады.

Вызначаюцца стараннем рабочыя рамонтна-будаўнічага ўчастка Вадзім Дубіловіч і Аляксей Урбановіч

— А што можаце сказаць пра жыллёвы фонд?

— Ён у нас у разы большы, чым у некаторых іншых раёнах, паколькі ў камунальную ўласнасць перададзена ўсё жыллё, якое ў свой час належала вайскоўцам. На нашым абслугоўванні — 263,1 тыс. м2 жылля ў Паставах і 52,8 тыс. м2 у сельскай мясцовасці. Гэтым займаюцца рамонтна-будаўнічы і жыллёва-эксплуатацыйны ўчасткі. Капітальны рамонт ажыццяўляюць кіруючыя кампаніі. У мінулым годзе зроблены капрамонт дома №12 па вуліцы Касманаўтаў у райцэнтры і дома №5 па Набярэжнай у Навасёлках, інтэрната ў мікрараёне 6-га гарадка. Бягучы рамонт выкананы на суму 93,4 тыс. руб. Работы стрымлівае недахоп фінансавання. Што да сельскай мясцовасці, то там шмат дамоў пустуе. Сродкі на іх захоўванне і падтрыманне прыдамавых тэрыторый у належным санітарным стане нам не выдзяляюць. Не атрымліваем датацый на ўтрыманне такіх аб’ектаў, як гарадская лазня, гасцініца, інтэрнаты. Іх на балансе 7.

— І самае галоўнае пытанне: ці ёсць каму працаваць?

— Я ўжо гаварыў, што калектыў зменшыўся амаль напалову. У тым ліку скарацілі нямала інжынерна-тэхнічных работнікаў. А аб’ём работы нават павялічыўся. Праца камунальнікаў неабходная, цяжкая і не заўсёды ўдзячная. Таму выпадковыя людзі ў нас не затрымліваюцца. Тым не менш штат укамлектаваны. Застаюцца тыя, хто хоча і можа працаваць.

Шчыра віншую з прафесійным святам як цяперашніх работнікаў, так і ветэранаў прадпрыемства — тых, хто зараз на заслужаным адпачынку. Дзякую кожнаму, хто сумленна выконвае свае абавязкі, і жадаю далейшых поспехаў у працы, святочнага настрою, сямейнага дабрабыту.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Читайте также:
Сёння – Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі
Что за компактная грузовая машина с ярко-оранжевым кузовом курсирует по улицам г. Поставы?
Поставский райбыткомбинат занял 2-е место в районе среди предприятий и организаций сферы услуг



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.