Дуниловичский сельский Дом культуры — лучший в Витебской области

Культура

Актыўныя і творчыя

26 лютага ў Оршы адбылася калегія ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, на якой падвялі вынікі работы сферы за мінулы год. Як заўсёды, адзначаны найлепшыя ўстановы культуры Прыдзвінскага краю. Яны атрымалі прэміі абласнога выканаўчага камітэта. У лік узнагароджаных трапіў і Дунілавіцкі СДК.

Калектыў Дома культуры — гэта загадчыца Іна Русецкая, рэжысёр Алена Іваніцкая, культарганізатар Алеся Кісялёва і акампаніятар Людміла Здраеўская. У такім складзе жанчыны працу­юць з 2019 года. Але ўжо настолькі з’ядналіся, што разумеюць адна адну з паўслова і з паўпогляду. І хоць не ўсе яны з’яўляюцца культработнікамі па адукацыі (у прыватнасці, Іна Русецкая шмат гадоў аддала бухгалтарскай справе, а Алеся Кісялёва атрымала прафесію швачкі), кожная мае творчую натуру і імкненне зрабіць жыццё мясцовага насельніцтва цікавым і насычаным.

У зоне абслугоўвання СДК знаходзяцца 18 населеных пунктаў, дзе пражываюць 1 150 чалавек, і 10 устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў. Для іх і ва ўзаемадзеянні з імі і арганізуюць работу жанчыны. Непасрэдна ў Доме культуры дзейнічаюць 10 клубных фарміраванняў, якія наведваюць дзеці і дарослыя. Тут яны спяваюць, танцуюць, ствараюць сваімі рукамі розныя вырабы, шчыра гутараць за кубкам чаю і абмяркоўваюць усемагчымыя тэмы.

Работнікі Дунілавіцкага СДК Людміла Здраеўская, Алена Іваніцкая, Іна Русецкая і Алеся Кісялёва

— У нас маюцца дзіцячы і дарослы фальклорныя калектывы, інструментальны ансамбль, у якім разам з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці граем і мы, культработнікі. Працуюць таксама драматычны, танцавальны і вакальны гурткі, гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці, сямейны клуб «Бусел» і дзіцячы «Пралеска», — расказвала Іна Русецкая. — У іх мы нікога не цягнем сілай. Людзі ідуць самі, бо знаходзяць для сябе аддушыну сярод працоўных будняў. І хоць з гадамі актыўнасць дарослага насельніцтва зніжаецца, па-ранейшаму ёсць тыя, хто не ўяўляе свайго жыцця без сцэны і выступленняў. Гэта ў першую чаргу Ларыса Рабава, Алёна Шарабайка і Любоў Касарэўская. Яны гатовы прыйсці ў Дом культуры ў любое надвор’е і ў любы час сутак. Вельмі актыўныя і школьнікі, якія прымаюць удзел амаль ва ўсіх нашых мерапрыемствах.

Як вядома, мінулы год для ўстаноў культуры быў няпростым. З 1 красавіка іх дзейнасць прыпыніў аб’яўлены ў сувязі з эпідэміяй COVID-19 каранцін. Але дунілавіцкія культработнікі не сталі адседжвацца ў чатырох сценах. З вясны да восені яны былі частымі гасцямі на палях: ладзілі зажынкі, дажынкі, віншавалі з працоўнымі перамогамі механізатараў. Летам па максімуму ахапілі ўвагай дзяцей, арганізуючы для іх гульнявыя праграмы на вуліцы. Правялі чатыры святы вёсак, актыўна віншавалі па месцы жыхарства імяніннікаў, зрабілі выпускны вечар для 11-класнікаў, вечары адпачынку для сем’яў і юбіляраў, упершыню арганізавалі карпаратыў для педагогаў з нагоды Дня настаўніка… Я не гавару ўжо пра канцэрты да ўсіх дат календара і разнастайныя выставы, якія пастаянна працуюць у Доме культуры. Усяго за мінулы год яго работнікі правялі 267 культурна-масавых мерапрыемстваў, з іх 23 — на платнай аснове, дзякуючы чаму на 75% выканалі план па аказанні платных паслуг.

Шмат часу Іна Станіславаўна і яе калегі ўдзяляюць збору фальклору і этнаграфічных матэрыялаў. Падчас экспедыцый па сваім рэгіёне і свят вёсак запісваюць ад старажылаў народныя песні, абрады, танцы, рэцэпты рэдкіх цяпер страў. Па колькасці і ўнікальнасці сабранага матэрыялу летась калектыў Дунілавіцкага СДК выйшаў пераможцам шэрага раённых аглядаў-конкурсаў. Многае з запісанага культработнікі затым выкарыстоўваюць пры правядзенні розных народных свят. Пры гэтым яны актыўна далучаюць дзяцей і падлеткаў да культуры старажытных побытавых танцаў і моладзевых гульняў. У студзені мінулага года фальклорны калектыў Дома культуры і ансамль народных інструментаў «Спадчына» прынялі ўдзел у здымках тэлевізійнай перадачы канала БТ-3 «Наперад у мінулае», прадставіўшы тэатралізаваную праграму «Падушкі для сына і дачушкі».

Не менш плённа і творча працуюць дунілавіцкія культработнікі і сёлета. У іх шмат новых задум і цікавых праектаў.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Девчата и Мария Сеганкевич — победители молодёжного вокального конкурса «Зажги свою звезду»
В Минске открылась выставка художницы Людмилы Курилович «Святочны букет для жанчыны»
Тадеуш Стружецкий: «Человек, как и дерево, силен своими корнями»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.