2-й зональный этап областного форума работающей молодежи прошел сегодня в Поставах (дополнено)

Важное Общество

Быць за штурвалам свайго жыцця нацэльвалі моладзь арганізатары абласнога форуму.

Пазнаёміцца, стварыць творчыя праекты, абмяняцца вопытам, напрацоўкамі і ідэямі змаглі ўдзельнікі 2-га занальнага этапа абласнога форуму працуючай моладзі. 10 сакавіка пляцоўкай для яго правядзення стала Пастаўшчына.


Больше фото в группах «ПК» в Одноклассниках и ВКонтакте


Мерапрыемства аб’яднала перадавую моладзь з Браслаўскага, Верхня­дзвінскага, Глыбоцкага, Міёрскага, Полацкага, Шаркаўшчынскага і нашага раёнаў. Каля 40 педагогаў, медыкаў, аграрыяў, эканамістаў, юрыстаў, культработнікаў, прадстаўнікоў іншых сфер пазнаёміліся з работай некаторых прадпрыемстваў і ўстаноў Пастаўшчыны, даведаліся пра ўнікальныя валанцёрскія праекты, якія рэалізуюцца ў нашым рэгіёне, паўдзельнічалі ў інтэрактыўных трэнінгах, абмяняліся думкамі падчас адкрытага дыялогу.

— У свой час Віцебская воб­ласць першай правяла форум для працуючай моладзі. Зараз такая форма работы ўкаранілася па ўсёй рэспубліцы і з’яўляецца рэзультатыўнай, бо дазваляе не толькі ўзбагаціцца вопытам калег, але і напрамую задаць пытанні прадстаўнікам улады, узняць праблемныя моманты, падзяліцца сваім бачаннем вырашэння той ці іншай праблемы, — адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Пётр Гнуценка. — Сустрэча ў Паставах — адзін з трох этапаў правядзення абласнога форуму: 5 сакавіка такое ж мерапрыемства прайшло ў Лепелі, а днямі аналагічнае адбудзецца ў Бешанковічах.

Арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў насычаную праграму з тэматычнымі заняткамі, інтэрактыўнымі гульнямі, агляднымі экскурсіямі. А каб работа была больш плённай, гасцей размеркавалі на 2 групы. Адна з іх накіравалася ў ААТ «Навасёлкі-Лучай», дзе пазнаёмілася з арганізацыяй працы на рабатызаванай ферме «Коўзаны», даведалася, якія захады прымае кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства да таго, каб моладзь заставалася ў сельскай мясцовасці. Сярод асноўных — клопат пра людзей, камфортныя ўмовы працы, адпачынку і быту. Створаная тут развітая сацыяльная інфраструктура, магчымасць самарэалізоўвацца, мець уласнае жыллё і годную зарплату прывабліваюць маладых спецыялістаў нават з суседніх раёнаў. Некаторыя пераязджаюць у гаспадарку сем’ямі.

Другая група наведала мясцовае тэлебачанне «Паставы TБ». Тут гасцей чакалі віктарыны і гульні, знаёмства з калектывам і яго дасягненнямі, асаблівасцямі пошуку і падрыхтоўкі рэгіянальных навін, разважаннямі пра будучыню інфармацыйнага поля. Быў і невялічкі лікбез па афармленні пастоў у сацыяльных сетках: на што звяртаць увагу, як апрацоўваць фотаздымкі. Галоўнае для журналістаў — заўсёды ўлічваць запыты аўдыторыі.

Адной з задач для ўдзельнікаў абедзвюх тэматычных пляцовак было стварэнне калектыўных творчых праектаў і абарона іх. «Телевізіёншчыкі» падрыхтавалі выпуск навін, галоўнай тэмай якога стаў форум, а «аграрыі» стварылі калаж пра перавагі і недахопы жыцця ў вёсцы. Пазнавальнымі атрымаліся экскурсіі ў Дом рамёстваў «Стары млын» і АДРАЦ «Ветразь», інфармацыйна насычаным і жывым стаў адкрыты дыялог «Адзінства! Развіццё! Незалежнасць!». Экспертамі дыскусіі выступілі ўдзельнікі VI Усебеларускага народнага сходу: намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Пётр Гнуценка, першы сакратар абласной арганізацыі ГА «БРСМ» Уладзімір Бабічаў, галоўны рэдактар «Паставы TБ» Юлія Лазікевіч і дырэктар СШ №3 Вераніка Казлоўская. Змены ў Канстытуцыю, палітычная адукаванасць, удасканаленне сістэмы адукацыі, правілы зносін у месенджарах, здароўе нацыі — вось толькі невялікі спіс абмеркаваных пытанняў.

Не засталася без увагі і тэма маладзёжнай ініцыятывы:

— Не шкадуйце часу на грамадскую дзейнасць, будзьце ініцыятыўнымі грамадзянамі, прапаноўвайце свае ідэі і праекты, — раіў Уладзімір Бабічаў. — А саюз моладзі дапаможа ў іх рэалізацыі: знойдзе партнёраў і спонсараў, распрацуе палажэнне і канцэпцыю. Але ініцыятыва павінна сыходзіць ад вас. Будзьце актыўнымі — станавіцеся за штурвал свайго жыцця!

Завяршылася работа форуму ў ДК па вуліцы Станкевіча. Тут яго ўдзельнікі пазнаёміліся з сям’ёй Зубко — пераможцай рэспубліканскага праекта БРСМ «Уладар сяла», абаранілі свае праекты, прадэгуставалі прадукцыю Пастаўскага малаказавода і ацанілі выставу конкурсных работ «100 ідэй для Беларусі». Канцэртную праграму для гасцей падрыхтавалі творчыя калектывы раёна.

— Дзякуй арганізатарам: усё было пазнавальна і цікава, — падзялілася Алёна Аўчынка з Браслава. — Найбольш уразіла ферма, разлічаная на 840 галоў. Усе аперацыі, што тут выконваюць робаты, мая мама, якая таксама доіць кароў на сельгаспрадпрыемстве, робіць рукамі. Я нават зняла відэа, каб паказаць дома і знаёмым.

Вераніка Філановіч
Фота аўтара і Наталлі Налей



Читайте также:
Поставчанка Марта Вавинская всегда излучает тепло и нежность
Лучший лесничий Витебщины Ришард Петюлевич работает в Лынтупском лесничестве
В лынтупском ОДП для граждан пожилого возраста ТЦСОН уже 5 лет работает кружок «Рукоделие»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.