Интервью с руководителем студии «Славия» и лауреатом звания «Человек года Поставщины» Оксаной Николаевой

Важное Культура

Славіцца песнямі «Славія»

Хто з пастаўчан не бачыў выступленняў юных артыстаў вакальна-эстраднай студыі «Славія», якая працуе пры Цэнтры культуры і народнай творчасці раёна, і хто не адорваў іх шчырымі апладысментамі? Сённяшні госць рэдакцыі — кіраўнік студыі, лаўрэат звання «Чалавек года Пастаўшчыны» Аксана Нікалаева.

— Аксана Анатольеўна, ці чакалі такой адзнакі?

— Прама скажу: не! Я і зараз у сумненнях, бо па натуры — вялікая самаедка. Зрэшты, лічу, што ўзнагарода не толькі мая асабістая, але і студыйцаў, усяго калектыву, у якім працую. Прыемнымі былі хвіліны ўшаноўвання лаўрэатаў на раённай сцэне, радасна атрымліваць віншаванні. Дарэчы, у сацыяльных сетках першай мяне павіншавала мая першая вучаніца студыі Кацярына Багдановіч, якая зараз жыве ў Мінску.

— Наколькія ведаю, вы не карэнная пастаўчанка…

— Я нарадзілася і вырасла ў Душанбэ. Але ў 1990 годзе ў Таджыкістане пачалася грамадзянская вайна, і тысячы душанбінцаў сталі шукаць паратунку ў іншых рэспубліках СССР. Выязджалі нават цэлымі прадпрыемствамі. Наша сям’я знайшла прыстанішча ў станіцы Ніжні Чыр Валгаградскай вобласці. Пражылі там 10 гадоў і перабраліся ў Паставы.

— У вас тут была радня?

— Не, у Паставы пераехалі да сына-афіцэра нашы знаёмыя Юрый і Аляксандра Плешаковы. Ім вельмі спадабаўся горад і людзі, пра што яны пісалі маёй маме. І, уяўляеце, мы, ніколі не бываўшы ў Беларусі, адправілі кантэйнерам у Паставы рэчы і самі рушылі ў дарогу. Забягаючы наперад, скажу, што ні разу ў жыцці не пашкадавалі пра такое лёсаноснае рашэнне. Юрый і Аляксандра Плешаковы, іх сын Сяргей сталі для нас роднымі. Бязмежна ўдзячная тагачаснаму загадчыку раённага аддзела адукацыі Аляксандру Кашырыну. Ён прыняў мяне на работу ўсяго праз тыдзень пасля прыезду, нягледзячы на тое, што я яшчэ не мела пасведчання на права жыхарства ў Беларусі. А які цудоўны калектыў навасёлкаўскай школы, у якім стала выкладаць музыку! Затым мяне запрасіла на працу ў раённае аб’яднанне дзяцей і падлеткаў яго дырэктар Леакадзія Пушкар. І я прыняла прапанову, паколькі работа была на месцы, у Паставах, і зарплата вышэйшая. Наступная прыступка — раённы Дом культуры. Тут была добрая база і выдатныя супрацоўнікі. Ад іх я многаму навучылася ў прафесійным плане. А зараз мой любімы калектыў — Цэнтр культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна.

— І пры якім па вашай ініцыятыве створана дзіцячая вакальная эстрадная студыя «Славія»…

— Так, гэта маё тварэнне. Студыя працуе з 2014 года. Займаюся з дзецьмі ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў. Іншы раз жартую, што самы вялікі недахоп студыі ў тым, што дзеці вырастаюць і пакідаюць яе. Зараз у нас 4 групы: «Девчата», «Классная компания», «Бусинки» и «Веснушки». У першай — чатыры адзінаццацікласніцы: Паліна Балаш, Насця Врублеўская, Алеся Буйко, Дзіяна Дунец. Самая вясёлая — «Классная компания», у склад якой уваходзяць Ева Вежнавец, Жэня Дзянісава, Аляксей Гамолка, Руслан Юсупаў, Саша Есьман, Дзяніс Дзяменцьеў і Саша Галаўко. У «Бусинках» спяваюць Ева Іванова, Ліза Ражко, Мілана Бурава, Аня Колесень, Ксюша Таміліна, Ксюша Урбан.

— Найбольш складана працаваць, напэўна, з самымі юнымі — «Веснушками»?

— Я вельмі ўдзячная бацькам, якія клапоцяцца пра тое, каб іх дзеці наведвалі студыю. А наконт заняткаў скажу, што малодшыя дзеці не такія сабраныя, хутчэй стамляюцца. Таму і займаюся з імі два разы на тыдзень, а са старэйшымі — тры. Цяперашнім «Веснушкам» трэці год. Група вельмі прагрэсіруе. Ма­юць усе задаткі да сольных спеваў Яна Запольная, Вера Іванова, Аліна Русак, Саша Новікава, Сафія Аляксеева. Таленавітыя і Жэня Малько, Аня Логінава, Сафія Кучынская.

Многія думаюць, што, каб выйсці на сцэну, дастаткова вывучыць словы песні і ўзяць у рукі мікрафон. А калі мы па паўгадзіны займаемся толькі галасавымі практыкаваннямі або адну і тую ж фразу паўтараем некалькі дзясяткаў разоў, то не ва ўсіх хапае цярпення. Але тыя, хто застаецца і займаецца гадамі, вобразна кажучы, захворваюць сцэнай і не ўяўляюць сябе без спеваў і выступленняў.

— Як падбіраеце рэпертуар і дзе вашы студыйцы выступаюць?

— Да рэпертуару падыходжу вельмі ўважліва. Бяру як гатовыя аранжыроўкі, так і раблю іх сама. Імкнуся, каб кожная песня, якую развучваем, пакінула след у сэрцах і розумах тых, хто яе выконвае. Выхаванцы студыі выступалі ў Паставах з канцэртамі на Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Раство, Купалле, на выбарчых участках. Сёлета плануем летам даваць канцэрты ля фантана на галоўнай плошчы горада. На жаль, мінулы год з-за пандэміі каранавіруса зусім абмежаваў канцэртную дзейнасць. А дзеці сумуюць па сцэне, ім не хапае адрэналіну.

— Але найбольш яго даюць, напэўна, конкурсы?

— Удзельнічаем у іх актыўна. Выхаванцы студыі неаднаразова станавіліся лаўрэатамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. У мінулым годзе трыа «Фантазія» ў складзе Паліны Балаш, Святланы Грэські і Дар’і Дрозд атрымала Гран-пры I Адкрытага рэгіянальнага конкурсу вакальнага мастацтва «Гукі мары», а таксама дыпломы I ступені ў намінацыях «Ансамбль» і «Саліст». Салістка Дзіяна Дзяменцьева выйшла ў фінал абласнога конкурсу «Песні юнацтва нашых бацькоў».

Сёлета ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Здравствуй, мир!» салісткі Анастасія Врублеўская заняла 3-е месца, Вера Іванова —2-е, група «Девчата» — 2-е. А ў конкурсе «Зажги свою звезду», які праходзіў у Браславе, «Девчата» прызнаны найлепшымі.

Не магу не назваць нашых выдатных вакалістаў — выпускнікоў мінулых гадоў Любоў Зубаву, Міраславу Саковіч, Віктара Шылько, Яўгенія Вайцяхоўскага, Эліну Мейшутовіч, Дар’ю Румянцаву, Валерыю Проньку, Дар’ю Гагалінскую, Анастасію Брысь, Кацярыну Жук, Лізавету Загурскую, Ладу Аляксееву, Яўгенію Бяляўцаву. І цяперашніх студыйцаў — Дзіяну Дзяменцьеву, Марыю Шауру, Владу Ліманоўскую. Асобна хочу адзна­чыць удзельніц групы «Девчата», якія паспяхова выступаюць і як салісткі.

— Ведаю, што вы выдатна спраўляецеся не толькі з роляй таленавітага педагога, добрага арганізатара, вопытнага рэжысёра, але і …швачкі.

— Не зусім так. У нашым цэнтры ёсць вельмі таленавітая швачка Юлія Калядзіна. Яна і стварае касцюмы для старэйшых дзяцей. А для малодшых сапраўды шыю. У нас дома ёсць старэнькая падольская швейная машынка. На ёй і напрактыкавалася выраб­ляць няхітрыя абновы. Несумненна, іх маглі б пашыць і іншыя. Але я хачу зрабіць сама, і так, як гэта бачу. Нягледзячы на дадатковую нагрузку, раблю гэта з задавальненнем. Працую і над дэкарацыямі.

— Што дае студыя вам і вашым выхаванцам?

— Для мне гэта цудоўнае спалучэнне работы і хобі. Тут я магу цалкам сябе праявіць. Прыносіць задавальненне тое, што бачу вынік сваёй працы. Для гэтага нават не патрэбныя канцэрты. Дорага бачыць, як студыйцы старанна займаюцца і вучацца спяваць. Кожнае дзіця павінна любіць сябе, мець пачуццё ўласнай годнасці, не абрастаць комплексамі. І я вучу іх усяму гэтаму. А якое шчасце, калі нашы юныя спевакі выходзяць на сцэну і гледачы ўзнагароджваюць іх апладысментамі, крычаць «брава!»,  «малайцы!»

— А ці гучаць у вас песні дома?

— Гучаць! Для майго ўнука Андрэйкі, якому споўніўся толькі годзік. Па праўдзе кажучы, малому найбольш падабаюцца калыханкі прабабулі Раі. Што да прафесійнага складніка, то ў сферу культуры прыйшла мая дачка. Прызнаюся, што я адгаворвала Вольгу ад гэтага. Пераконвала, што будзе працаваць у выхадныя і ў святы, мець ненарміраваны рабочы дзень, даволі сціплую зарплату і г.д. Не паслухала. Закончыла Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтва па спецыяльнасці «Рэжысура». Да дэкрэтнага водпуску кіравала народным калектывам «Юнчанка». Актыўная, добра сябе зарэкамендавала. Зараз я рада за Вольгу, і ў нас ёсць шмат агульных тэм для абмеркавання.

— Дзякуй за гутарку. Жадаю, каб мелодыя вашага жыцця заўсёды гучала ў мажоры.

Гутарыла Фаіна Касаткіна
Фота з архіва Аксаны Нікалаевай



Читайте также:
Дуниловичский сельский Дом культуры — лучший в Витебской области
Посмотрите, какие портреты рисует 15-летний Илья Хохлун из Воропаева
8 марта в концертном зале ДШИ им. А. Тизенгауза прошла праздничная программа «Весенний концерт»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.