Юные поставские футболисты вернулись с областного этапа «Кожаного мяча» с победой

Спорт

Выйгралі пуцёўку ў фінал

На мінулым тыдні ў Віцебску адбыўся абласны этап спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе «Скураны мяч». Каманда пастаўчан, якая выступала ў малодшай узроставай групе, вярнулася з турніру пераможцай і неўзабаве прадставіць вобласць у сталіцы на завяршальным, рэспубліканскім этапе гульні.

Спаборніцтвы праходзілі ў паветрана-апорным футбольным манежы на базе футбольнага клуба «Віцебск». У барацьбе за пуцёўку ў фінал «Скуранога мяча» каманда пастаўчан 2010—2011 гадоў нараджэння змагалася з равеснікамі з Лёзна і Шуміліна. Сапернік з Полацка, заяўлены ў групе, на турнір не прыехаў.

Па рэгламенце, які дзейнічае ўжо трэці год, малодшая і сярэдняя групы ў кожным паядынку гуляюць па 3 таймы працягласцю 15 хвілін. Склад каманды — 13 чалавек. У першым тайме сустракаюцца 6 ігракоў з кожнай каманды і варатары. У другім — наступная шасцёрка, у трэцім склад каманды фарміруе трэнер. Такі падыход дазваляе суддзям убачыць і ацаніць кожнага юнага футбаліста, а слабейшым — праявіць сябе, а не адседжвацца на лаўцы запасных.

Каманда-пераможца абласнога этапа «Скуранога мяча»

З шумілінцамі пастаўчане згулялі ўнічыю — 4:4. Вынік для нашай каманды стаў крыўдным, бо на працягу матча яна ўпэўнена вяла, больш атакавала і ў цэлым была аб’ектыўна мацнейшай, а апошні гол у свае вароты прапусціла за 10 секунд да фінальнага свістка. Амаль па такім жа сцэнарыі праходзіла гульня і з лёзненцамі, за тым выключэннем, што ў сярэдзіне матча лік на табло некаторы час быў не на карысць пастаўскіх футбалістаў. Але яны здолелі сабрацца і перамаглі саперніка з лікам 4:3.

— Мае выхаванцы паказалі футбол, якому вучу іх на трэніроўках, — расказваў трэнер пастаўскай каманды Аляксандр Тарасевіч. — Прысутнічала геа­метрыя атакі, гульня паміж лініямі і ў іх, камандная гульня. А галоўнае — хлопцы паказалі характар: атрымаўшы псіхалагічны ўдар пасля першага матча (некаторыя нават плакалі ад адчаю), здолелі ўзяць сябе ў рукі і пераламаць ход другога паядынку, які ўжо пачаў складвацца для іх няўдала. І гэта пры тым, што перапынак паміж дзвюма гульнямі доўжыўся 10 хвілін. Малайцы!

Сваю каманду да турніру Аляксандр Аляксандравіч рыхтаваў грунтоўна. Нават двойчы звазіў у Віцебск, каб хлопчыкі патрэніраваліся на полі са штучным пакрыццём. Першую паездку прафінансавалі бацькі футбалістаў, другую — аддзел спорту і турызму райвыканкама. Плануюцца выезды на трэніроўку ў Віцебск перад фінальнымі гульнямі ў Мінску.

За апошнія 5 гадоў на рэспубліканскі этап «Скуранога мяча» выхаванцы Аляксандра Тарасевіча трапляюць у чацвёрты раз. У 2016 годзе яны занялі ў фінале 2-е месца, у 2017-м — 3-е, а ў 2019-м сталі пераможцамі турніру. Спадзяёмся, што гэтак жа годна яны выступяць і сёлета.

Вераніка Філановіч
Фота Яўгенія Янушкевіча



Читайте также:
Кто стал лучшим в районных соревнованиях по технике пешеходного туризма?
ХХХ чемпионат Беларуси по волейболу. РДУОР-2003 (Минск)—«Атлант» (Поставы) — 3:0
ХХХ чемпионат Беларуси по волейболу. «Атлант» (Поставы)–РДУОР-2005 (Минск) – 3:1



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.