Кто стал победителем V Открытого районного конкурса юных пианистов «Весенние нотки»?

Культура

Гран-пры – у пастаўчанкі

26 удзельнікаў з шасці раёнаў Віцебшчыны аб’яднаў у Паставах V Адкрыты раённы конкурс юных піяністаў «Вясеннія ноткі». Ён прайшоў 18 сакавіка ў Доме культуры па вуліцы Станкевіча.

Вольга Яраш і Анатолій Собаль уручаюць дыпломы і падарунак Паліне Януш

Прадэманстраваць сваё майстэрства валодання інструментам сабраліся навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў з Пастаў, Варапаева, Навасёлак, Докшыц, Ушач, Глыбокага, Заслонава і Шаркаўшчыны. Перад пачаткам музычнага спаборніцтва іх вітала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Субко. Яна адзначыла, што конкурс «Вясеннія ноткі», які арганізуе Пастаўская ДШМ імя А. Тызенгаўза, з’яўляецца значнай музычнай падзеяй у жыцці нашага раёна. Ён дае ўдзельнікам магчымасць дакрануцца да цудоўнага свету музыкі, адкрыць свой творчы патэнцыял і навучыцца ўзаемадзейнічаць з публікай. Юным піяністам Наталля Мечыславаўна пажадала душэўнага палёту і выдатных выступленняў.

Удачы, не хвалявацца, пака­заць усё, на што здольныя, зычыла канкурсантам і старшыня журы — загадчыца цыклавой камісіі спецыяльнага фартэпіяна і камернага ансамбля Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа Вольга Яраш. А таксама пажадала, каб прыгожы белы раяль, на якім будуць іграць юныя таленты, стаў для іх надзейным караблём у моры фартэпіяннай музыкі.

Уладальніца Гран-пры Варвара Таміліна разам са сваім педагогам Наталляй Хромавай

А затым пачалося самае галоўнае — выступленні. ­Удзельнікі былі падзелены на чатыры ўзроставыя групы: малодшую «А» (да 8 гадоў уключна), малодшую «Б» (9—10 гадоў), сярэднюю (11—12 гадоў) і старэйшую (ад 13 гадоў). Усе яны выконвалі абавязковую п’есу кампазітара Сяргея Пракоф’ева (для кожнай групы была вызначана свая), паліфанічны твор і твор на выбар. Юныя піяністы вельмі добра падрыхтаваліся да конкурсу, таму ў выніку амаль усе аказаліся прызёрамі. Разам з дыпломамі лаўрэатаў атрымалі і невялікія падарункі ад спонсара «Вясенніх нотак» — былога выпускніка Пастаўскай музычнай школы Міхаіла Трыказенкі. Асобнымі дыпломамі за найлепшае выкананне абавязковай п’есы ў малодшай групе «Б» адзначана пастаўчанка Паліна Януш, у сярэдняй групе — яшчэ адна вучаніца Пастаўскай ДШМ Варвара Таміліна. Акрамя таго, журы прызнала Варвару найлепшай сярод усіх піяністаў і прысудзіла ёй Гран-пры.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
Духовой оркестр Поставского колледжа — лауреат І степени областного видеоконкурса
Гатуем з «Традыцыяй». Посны пірог з грыбамі
На открытии своей выставки мастер Ольга Гукова провела мастер-класс по созданию маляванки



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.