Лучший лесничий Витебщины Ришард Петюлевич работает в Лынтупском лесничестве

Общество

Найлепшы ляснічы Віцебшчыны

Гэтага звання па выніках работы за мінулы год удастоены Рышард Пецюлевіч, які працуе ў Лынтупскім лясніцтве.

— Конкурс «Найлепшы ляснічы года» — традыцыйны, — расказваў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў. — Прэтэндэнты на гэтае званне ацэньваюцца па 20 паказчыках, сярод якіх выкананне работ па лесааднаўленні і лесаразвядзенні, нарыхтоўцы насення лясных раслін, рубках догляду, барацьбе з ляснымі пажарамі, браканьерствам, развіццё паляўнічага і экалагічнага турызму і іншыя. Не застаюцца па-за ўвагай дзелавыя і прафесійныя якасці канкурсантаў, а таксама стаж іх работы ў сістэме Мінлясгаса і непасрэдна ляснічымі. Лынтупскае лясніцтва — адно з найбуйнейшых (займае 13 тысяч 512 гектараў) і найлепшых у Пастаўскім лясгасе. І ў гэтым вялікая заслуга Рышарда Пецюлевіча. У лясніцтве працуе 30 гадоў. Прайшоў усе прыступкі росту — ад лесаруба да ляснічага I класа.

Рышард нарадзіўся і вырас у літоўскім Швянчонісе. Канікулы любіў праводзіць у бабулі ў Лынтупах. Разам з іншымі падлеткамі часта слухаў цікавыя расказы пажылога памочніка ляснічага Зянона пра яго служэнне лесу. Нярэдка адпраўляўся з ім паназіраць за вірлівым жыццём птушак і звяроў, даведацца назвы новых раслін. Закончыўшы сярэднюю школу, зразумеў, што яго не проста цягне ў лес, а хочацца ў ім працаваць. Прыехаў да бабулі і ўладкаваўся ў мясцовае лясніцтва лесарубам. Праз год назначылі лесніком.

Закончыў Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію. З часам працэс догляду маладых насаджэнняў стаў лягчэйшым: менш выкарыстоўваецца ручной працы, на дамамогу прыйшлі бензакосы, кустарэзы. На нарыхтоўцы, пагрузцы драўніны выкарыстоўваюцца маніпулятары, харвестары і фарвардары. У рабоце асвоілі і адзіную дзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму «Улік драўніны і здзелак з ёй». Яна ўключае ў сябе набор апаратных сродкаў, каналаў сувязі, тэхналогій кіравання і методык збору, апрацоўкі, захавання даных пры нарыхтоўцы, транспарціроўцы і прыёмцы драўніны. А вось парады па вырошчванні лесу, якія пераняў ад вопытных лесаводаў, па-ранейшаму актуальныя.

— У лясніцтва ўладкаваўся амаль адначасова з Леанідам Руткоўскім, які цяпер працуе маім памочнікам, — расказваў Рышард Пецюлевіч. — Сваім настаўнікам лічым былога ляснічага Рамуальда Рамуальдавіча Масцяніцу. Я задаволены калектывам. Ён стабільны і зладжаны, сярэдні ўзрост работнікаў — 40 гадоў, няма цякучасці кадраў. Асноўная нагрузка — на васьмі лесніках, трох майстрах лесу. Мы не толькі ахоўваем лес ад пажараў, шкоднікаў, самавольных высечак. Найперш займаемся ўзнаўленнем ляснога фонду, доглядам пасадак і навядзеннем парадку на падведамнай тэрыторыі. А гэта пастаянны і бесперапынны працэс. Летась малады лес пасадзілі на трох гектарах. Рубкі догляду маладняку правялі на плошчы 63,4 гектара. На рубках прамежкавага карыстання нарыхтавалі больш за 10 тысяч кубаметраў драўніны. Ад лесагаспадарчай дзейнасці атрымалі амаль 400 тысяч рублёў.

Прыносіць задавальненне Рышарду Пецюлевічу супрацоўніцтва са школьным лясніцтвам, якім кіруе настаўніца Людміла Антонаўна Домжа, дачка заслужанага лесніка. Вучні дапамагаюць Лынтупскаму лясніцтву садзіць лес, наводзіць у ім парадак, прымацоўваць шпакоўні, агароджваць мурашнікі і ў многіх іншых справах.

— Рышард Пецюлевіч — высокакваліфікаваны спецыяліст, ініцыятыўны кіраўнік, умелы арганізатар, — характарызаваў калегу галоўны ляснічы лясгаса Валерый Гарбуль. — Кампетэнтны ў пытаннях эканомікі, працоўнага і гаспадарчага заканадаўства, экалогіі, аховы працы, тэхнікі бяспекі. Звычайна кажуць, што мужчына пры жыцці павінен пабудаваць дом, выгадаваць сына, пасадзіць дрэва. Рышард Пецюлевіч усё гэта выканаў.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Александр Пайлак из Воропаева — талантливый художник, резчик по дереву и чеканщик
Фоторепортаж: Праздничный концерт к 8 марта в Поставах
Поставчанка Марта Вавинская всегда излучает тепло и нежность



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.