Одним из основных направлений работы в школах Поставского района является туристско-краеведческая деятельность

Образование

Ад малой радзімы да вялікай

Адным з асноўных напрамкаў выхаваўчай і адукацыйнай работы ў школах раёна з’яўляецца турысцка-краязнаўчая дзейнасць. А ўсё таму, што вывучэнне гісторыі і геаграфіі Беларусі немагчыма без вывучэння гісторыі і геаграфіі роднага краю.

Сістэма турысцка-краязнаўчай, пошукавай і экскурсійнай работы дзіцячых аб’яднанняў турысцка-краязнаўчага профілю пачала складвацца яшчэ ў 90-я гады мінулага стагоддзя. Многія яе формы сталі традыцыйнымі і добра ўспрымаюцца навучэнцамі. Школьнікі ўдзельнічаюць у паходах, экскурсіях, знаёмяцца з прыродай роднага краю, помнікамі гісторыі, архітэктуры і культуры, прамысловымі аб’ектамі, народнымі традыцыямі і звычаямі, праводзяць краязнаўчыя назіранні, вядуць пошукавую работу. Вынікам гэтага становіцца распрацоўка краязнаўчых маршрутаў, якія потым выкарыстоўваюцца на ўроках гісторыі, геаграфіі, літаратуры.

Сёння на Пастаўшчыне распрацавана некалькі дзясяткаў веласіпедных, пешаходных і аўтобусных маршрутаў па раёне. Самыя цікавыя з іх летась увайшлі ў зборнік «Падарожжа па Пастаўшчыне». А ў гэтым навучальным годзе ўпершыню быў аб’яўлены рэспубліканскі конкурс па стварэнні даведнікаў рэгіянальных экскурсійных маршрутаў адукацыйнай накіраванасці «Дарогамі ведаў». Школьнікам і педагогам, якія зай­маюцца турысцка-краязнаўчай работай — кіруюць адпаведнымі клубамі і вядуць факультатывы, — прапанавалі ўсе свае распрацоўкі сабраць у зборнікі адукацыйных маршрутаў малой радзімы, раёна або вобласці.

— Нягледзячы на тое, што матэрыялаў амаль у кожнай школе дастаткова, зборнікі атрымаліся, на жаль, не такімі цікавымі і змястоўнымі, якімі маглі б быць, — расказвала намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце раённага цэнтра дзяцей і моладзі Марына Мышко, якая курыруе турысцка-краязнаўчы профіль. — Магчыма, так сталася таму, што школы вельмі загружаныя, а стварэнне зборніка — вялікая і складаная работа. У ім павінна быць уся інфармацыя пра маршрут: яго даўжыня і працягласць па часе, пералік аб’ектаў, якія вывучаюцца, з фотаздымкамі і гістарычнай інфармацыяй пра кожны, інфраструктура маршруту (дзе можна купіць прадукты, адпачыць, якія стаянкі ёсць на шляху) і інш. Таму навучальныя ўстановы не прадставілі шырока тыя маршруты, якія распрацоўвалі раней. Ды і ў самім конкурсе ўдзельнічалі не ўсе. Даведнікі зрабілі толькі гімназія, першая і пятая гарадскія школы, Навасёлкаўская, Камайская СШ, Гуцкая і Курапольская БШ. На абласны этап конкурсу мы адправілі зборнікі навасёлкаўскай і курапольскай школ як найбольш поўныя, а таксама «Падарожжа па Пастаўшчыне». Будзем чакаць яго вынікаў.

Алена Шапавалава
Фота Наталлі Налей



Читайте также:
Специалисты не смогли определить ни породу, ни возраст дерева-великана в д. Рынкяны
Валун «Большой камень» завличский — самая большая глыба Поставщины
Невероятные приключения молодого лебедя в Поставах



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.