Поставские спасатели познакомили школьников со своей профессией

Безопасность

Пазнаёміліся з прафесіяй

З 20 лютага па 1 сакавіка на Пастаўшчыне праходзіла рэспубліканская прафілактычная акцыя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях «Адзіны дзень бяспекі». У яе рамках было праведзена шмат розных мерапрыемстваў. Сярод іх — дні адчыненых дзвярэй у падраздзяленнях РАНС.

У гэты панядзелак на экскурсію ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях завіталі старшакласнікі сярэдніх школ горада і гімназіі на чале з першым сакратаром райкама БРСМ Кацярынай Малевіч. Іх экскурсаводам стаў майстар-ратаўнік Аляксей Мозалеў. Ён паказаў школьнікам месца днявальнага і расказаў, што ўваходзіць у яго абавязкі, пакой начальніка дзяжурнай змены і цэнтр аператыўнага кіравання, куды паступаюць званкі пра пажары і іншыя надзвычайныя сітуацыі. Затым госці накіраваліся ў гараж. Там яны ўбачылі тэхніку і спецыяльнае ўзбраенне, якія выкарыстоўва­юць ратаўнікі пры тушэнні пажараў, ліквідацыі аварый, звязаных з разлівам розных хімічных рэчываў, пры аказанні дапамогі пацярпелым на вадаёмах і ў дарожна-транспартных здарэннях. Навучэнцы мелі магчымасць патрымаць у руках спецсродкі, прымераць касцюм для выратавання на вадзе, пасядзець у кабіне вялізнага МАЗа.

Аляксей Мозалеў дапамагае прымераць касцюм для выратавання на вадзе аднаму з навучэнцаў

З гаража Аляксей Мозалеў павёў старшакласнікаў у двор РАНС, дзе абсталявана паласа псіхалагічнай падрыхтоўкі. Расказаў, як трэніруюцца ратаўнікі, адточваючы сваё прафесійнае майстэрства. Школьнікаў асабліва зацікавілі дымакамера, у якой праходзяць трэніроўкі па пошуку пацярпелага ў дыме (унутры з дапамогай перасоўных перагародак ствараюцца розныя варыянты планіроўкі памяшкання), і лабірынт перад ёй. Ахвотныя змаглі прайсці лабірынт і ўвайсці ў дымакамеру. Якраз у гэты час з баявога выезду вярнуўся адзін з пажарных разлікаў, і гасцям па іх просьбе дазволілі расцягнуць пажарныя рукавы, падаўшы з машыны ў ствол ваду.

У цэлым экскурсія была цікавай і пазнавальнай, асабліва для тых навучэнцаў, якія заканчваюць 11 клас і збіраюцца паступаць ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Беларусі. Такіх сёлета ажно 9 чалавек. Увосень работнікі РАНС правялі з будучымі выпускнікамі вялікую прафарыентацыйную работу: пабывалі ва ўсіх сярэдніх школах раёна і расказалі пра сваю службу, умовы паступлення і навучання ў профільнай ВНУ. Акрамя таго, адправілі абсалютна ўсім 11-класнікам і іх бацькам пісьмы з інфармацыяй пра ўніверсітэт. Тым, хто ў выніку звярнуўся ў аддзел, дапамаглі аформіць дакументы для праходжання медыцынскай камісіі спачатку ў Паставах, а потым у Віцебску. Некаторыя ўжо паспяхова яе прайшлі.

Увогуле, па словах начальніка РАНС Аляксея Кісяля, стаць студэнтам Універсітэта грамадзянскай абароны не так проста. Акрамя добрага здароўя, трэба мець яшчэ і выдатную фізічную форму, каб здаць нарматывы па фізпадрыхтоўцы. Толькі пасля гэтага абітурыента дапусцяць да ўступных экзаменаў. Калі раптам не атрымалася іх здаць, можна падаць дакументы ў Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж на спецыяльнасць «Папярэ­джанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый». Закончыўшы яго, ёсць два варыянты: пайсці служыць у РАНС байцом або паступіць адразу на 3-ці курс УГА і ў далейшым стаць афіцэрам. Дарэчы, выпускнікі ўніверсітэта могуць працаваць не толькі ў сістэме МНС, але і на прадпрыемствах і ў арганізацыях інжынерамі па ахове працы і па пажарнай бяспецы, а таксама ў Дзяржпрамнаглядзе.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
4 марта — День белорусской милиции. Старший прапорщик милиции Александр Буяльский
Бесплатно и анонимно. Где в Поставах оказывают помощь жертвам домашнего насилия?
Как избежать кражи имущества на дачных участках? Советы правоохранителей



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.