Поставский райбыткомбинат занял 2-е место в районе среди предприятий и организаций сферы услуг

Общество

Нягледзячы на канкурэнцыю

Па выніках мінулага года Пастаўскі райбыткамбінат заняў 2-е месца ў раёне сярод прадпрыемстваў і арганізацый сферы паслуг, транспарту і сувязі. Яго кіраўніку Тэрэзе Карчажцы прысвоена званне «Чалавек года Пастаўшчыны». Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт «ПК» папрасіла Тэрэзу Вільгельмаўну расказаць пра справы бытавікоў.

У параўнанні з буйнымі і перспектыўнымі арганізацыямі поспехі нашага калектыву даволі сціплыя. Але па асноўных паказчыках ёсць рост да мінулага года. Аказалі бытавых паслуг на суму 251,5 тыс. руб., у тым ліку ў сельскай мясцовасці — на суму 95,4 тыс. руб., што склала 112,5% да папярэдняга года. Атрымалі 493 рублі выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг (107,2% да мiнулага года) і 3 тысячы рублёў чыстага прыбытку.

Актыўна прапануе вяскоўцам бытавыя паслугі і ўмела арганізуе работу комплекснага прыёмнага пункта «Юнькі» яго загадчыца Ганна Бліннікава

За гэтымі лічбамі — настойлівая праца ўсяго калектыву, у якім 44 чалавекі. Я вельмі ўдзячная лю­дзям, хто гадамі, а многія і дзесяцігоддзямі вызначаецца ў працы. Узяць, напрыклад, начальнiка ўчастка швейнага атэлье «Сiлуэт» Кацярыну Казлову. Вопытны спецыяліст, пазітыўны чалавек, яна не толькі ўмее арганізаваць вытворчы працэс, унесці новыя ідэі, але і прыцягвае да сябе лю­дзей. Пад яе кіраўніцтвам доўгi час працуюць швачкi Антаніна Мiланцьева, Алена Кузняцова, Алена Камчатная, Рамуальда Штура, Алена Несцярэнка. У мінулым годзе лаўрэатам звання «Чалавек года Пастаўшчыны» стала прыёмшчыца заказаў Марына Кавалёнак. Яе добра ведаюць і цэняць жыхары Ярэўскага і Курапольскага сельсаветаў, якім умела прапануе бытавыя паслугі. Па выніках мінулага года прызнаны найлепшым у раёне комплексны прыёмны пункт «Юнькі», дзе прыёмшчыцай працуе Ганна Бліннікава. Заўсёды на добрым рахунку Леанарда Валодзька з КПП «Гута». Таксама старанна працуюць прыёмшчыцы заказаў КПП «Варапаева» Галіна Фаміна і КПП «Лынтупы» Тэрэса Хмылко, якая выконвае і абавязкі цырульніка. Калі гаварыць пра цырульнікаў, то найперш варта адзначыць Наталлю Проньку, Ірыну Кукоўскую, у якіх найбольш кліентаў. Добра сябе зарэкамендавалі Галіна Казлоўская, Марына Стаднік, Анастасія Ляпіліна, Ала Юшко. У пральні дружным калектывам працуюць Галіна Чыгір, Вольга Кісель, Юлія Лапко, Iрына Шымковіч.

На вялікі жаль, у пандэмічны год не абышліся без страт. Дачасна абарвалася жыццё вопытнай прыёмшчыцы заказаў КПП «Навасёлкі», цудоўнага чалавека Алены Рамановіч. Мы назаўжды захаваем светлую памяць пра яе. А на гэту пасаду ўгаварылі Эму Касцюк і вельмі ўдзячныя, што яна згадзілася. Справа для жанчыны не новая, бо шмат гадоў адпрацавала на гэтым КПП, адкуль і выйшла на пенсію. Спадзяёмся, што бытавыя паслугі ў Навасёлках будуць запатрабаваныя, як і раней. А ахапіць імі імкнёмся жыхароў усіх населеных пунктаў раёна. Пункты прыёму працу­юць у Лынтупах, Варапаеве, Камаях, Юньках, Гуце, Навасёлках. Вяскоўцаў з Казлоўшчынскага, Курапольскага і Ярэўскага сельсаветаў абслугоўваюць Марына Кавалёнак і Алёна Аўчыннікава. Летась за сродкі раённага бюджэту для райбыткамбіната набыта аўто «Лада Ларгус» i зараз няма ніякіх праблем з прывозам матэрыялаў і тавару з Мінска, прыняццем заказаў у сельскай мясцовасці і іх выкананнем. У нас можна пашыць спецвопратку ці святочную абнову, пасцельную бялізну, адрамантаваць адзенне і абутак, памыць бялізну, пачыс­ціць падушкі і пярыны, падстрыгчыся або зрабіць прычоску (пры наяўнасці заявак цырульнікі выязджаюць і ў вёскі). Акрамя таго, прадаём тавары бытавой хіміі, панчошна-шкарпэтачныя вырабы, штучныя кветкі.

Які ўчастак ні вазьмі, усюды людзі стараюцца. Аднак працаваць нам прыходзіцца ў няпростых умовах, пры вялікай канкурэнцыі. Складанае фінансавае становішча. Частку памяшканняў здаём у арэнду. І не губляем надзеі, што бытоўка ў раёне не толькі выжыве, але і будзе развівацца.

Запісала Фаіна Касаткіна
Фота даслала Ганна Бліннікава



Читайте также:
Сёння – Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі
День работников бытового обслуживания населения и ЖКХ. О работе коллектива УП ЖКХ Поставского района
Что за компактная грузовая машина с ярко-оранжевым кузовом курсирует по улицам г. Поставы?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.