Сюрпризы погоды и её обычные явления фиксируют работники лынтупской метеостанции

Важное Общество

23 сакавіка — Дзень работнікаў гідраметэаралагічнай службы

Сюрпрызы надвор’я і яго звычайныя з’явы фіксуюць работнікі лынтупскай метэастанцыі.

Прыехаўшы сюды, найперш пацікавілася, якое надвор’е нас чакае ў выхадныя.

— Пра гэта вам скажуць сіноптыкі, яны яго прагназуюць, — расчаравала тэхнік-метэаролаг Марыя Вяршыла. — Мы — метэаролагі (большасць людзей блытаюць названыя прафесіі і лічаць, што гэта адно і тое ж — аўт.), даследуем фактычнае надвор’е, назіраем за ім, вывучаем усё, што адбываецца ў атмасферы: у адзін і той жа час кожныя тры гадзіны замяраем вільготнасць і тэмпературу паветра, глебы, радыяцыйны фон, фіксуем напрамак ветру, віды ападкаў, галаледзіцу, наліпанне снегу на правады, вышыню і форму аблокаў і многае іншае. Зашыфроўваем інфармацыю ў лічбы і перадаём у Белгідраметцэнтр. Там на аснове даных усіх метэастанцый Беларусі робяць камп’ютарныя разлікі, і на іх падставе сіноптыкі складаюць прагноз надвор’я.

Людміла Літвіновіч ля ўстаноўкі для замеру тэмпературы і вільготнасці паветра

З начальнікам станцыі Людмілай Літвіновіч накіроўваемся на адкрытую назіральную пляцоўку, якая размешчана за 200 метраў ад будынка. Па дарозе Людміла Зянонаўна расказвае:

— Наша станцыя існуе 80 гадоў. Сваю работу не перапыняла нават у вайну. Прыборы ўдасканальваюцца. У 2019-м многае аўтаматызавалі, устанавілі сучасныя дадатковыя датчыкі. Цяпер уся інфармацыя выводзіцца на манітор камп’ютара. Але нязменнымі застаюцца снегамерная рэйка, ручныя тэрмометры для замеру тэмпературы паветра, барометр.

Прыбор ВВА вымярае вышыню аблокаў. Яны ў залежнасці ад формы, колеру, маюць сваю назву: кучавыя, кучава-дажджавыя, слаістыя, перыстыя. Метэаролагі запісваюць іх на латыні. Воблач­насць бывае нізкай, высокай і сярэдняй. Радыяцыйны фон на метэастанцыі замяраюць уручную дазіметрам, а таксама з дапамогай аўтаматычнай сістэмы кантролю за радыяцыйнай абстаноўкай (АСКРА), адкуль даныя паступаюць у цэнтр радыяцыйнага кантролю ў Мінск. Яшчэ адзін прыбор — пробаадборнік — за суткі прапускае праз сябе каля 4 700 м3 паветра. Усе даныя з яго перадаюцца ў Магілёўскі аблгідраметцэнтр. А нефялометр паказвае бачнасць на дарозе і фіксуе дождж, снег, туман. Аўтаматычны ападкамер прызначаны для вызначэння колькасці ападкаў. Даныя з яго паступаюць на камп’ютар. На выпадак, калі адключыцца электраэнергія, ёсць ручны ападкамер. Аўтаматычна вызначаецца тэмпература глебы.

— А на гэтым станку мы штангельцыркулем замяраем шэрань на правадах, наліпанне на іх снегу, — працягвала экскурсію начальнік станцыі. — Снежнай зімой выязджаем на снегаздымкі ў поле ці лес. Праводзілі іх кожныя 10 дзён, а пачынаючы з лютага — кожныя пяць. Падчас гэтай працэдуры ў 50 кропках замяраем вышыню снежнага покрыва, вызначаем шчыльнасць снегу, яго вагавую нагрузку на адзін метр квадратны. Сёлета яна была прыкладна 39 кг/м2, у некаторыя гады даходзіла амаль да 90 кг/м2. А гэта ўжо пагроза для цяпліц, іншых збудаванняў.

Марыя Вяршыла дэманструе барометр

Яшчэ адна важная інфармацыя, якую збіраюць метэаролагі, — пра штармавыя з’явы: моцны вецер, вялікія ападкі, град, туман, навальніцу, іншыя сюрпрызы надвор’я. Інжынер-аграметэаролаг Лілія Антановіч у цотныя дні вядзе аграназіранні за пасевамі яравых і азімых зерневых, рапсу, льну, бульбы, кукурузы, вызначае ўздзеянне на іх атмасферных з’яў. Кожныя пяць дзён на глыбіні кушчэння азімых замярае вільготнасць і тэмпературу глебы. Для гэтага бярэ яе пробы, якія на 6 гадзін змяшчае ў сушыльную шафу. У студзені і лютым прывозіць у цёплае памяшканне маналіты (пробы) азімых. Праз пэўны час вызначае, як раслінкі перанеслі маразы і снегапады. Сваёй работай інжынер-аграметэаролаг аказвае пэўную дапамогу аграномам гаспадарак.

Метэастанцыя супрацоўнічае з арганізацыямі, для якіх метэаралагічная інфармацыя мае важнае значэнне. Гэта ДАІ, МНС, дарожныя службы, Белдзяржстрах. Аказваюць тут і платныя паслугі. Многія прадпрыемствы і арганізацыі заключаюць дагаворы на паведамленне ім аператыўнай інфармацыі пра надвор’е.

— Калектыў у нас невялікі і дружны, — апавядала Людміла Літвіновіч. — Адказна выконваюць свае абавязкі Аксана Зубанава, Святлана Блашко, Жанна Літвіновіч, Марыя Вяршыла. ­Удзячныя ветэранам Крысціне Іосіфаўне Жукавай і Яўгеніі Іосіфаўне Зубковай за іх бясцэнны вопыт, які яны нам перадалі.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
В День Конституции юные поставчане получили свои первые паспорта
Ветеран труда Альдона Болт рассказала о своей жизни и работе
Механизатор Поставского льнозавода Александр Алиновский — лауреата звания «Человек года Поставщины-2020»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.