Следователь Поставского РОСК Ксения Богданова: «Я знала, куда иду и что меня ждет».

Безопасность

З выбарам прафесіі не памылілася

У гэтым упэўненая ўчарашняя выпускніца Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, а зараз следчы Пастаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Ксенія Багданава. У РАСК дзяўчына працуе менш за год, але ўжо паспела пераканацца ў правільнасці прынятага рашэння.

Сярод родных Ксеніі нямала прадстаўнікоў сілавых ведамстваў — міністэрстваў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях. Таму пасля 9 класаў СШ №7 Наваполацка яна вырашыла папоўніць іх рады — паступіла ў Полацкае кадэцкае вучылішча. А яшчэ праз два гады стала курсантам следча-экспертнага факультэта Акадэміі МУС Беларусі. Маючы высокі (9,2) сярэдні бал у атэстаце, пры паступленні нават не прыйшлося зда­ваць цэнтралізаванае тэсціраванне.

Ксенія Багданава

Гады вучобы ў акадэміі дзяўчына ўспамінае з настальгіяй. Кажа, што вучыцца было цікава, хоць на першым часе і няпроста. Нават пасля кадэцкага вучылішча цяжка аказалася прывык­нуць да строгага распарадку дня, асіліць курс маладога байца. Але ўсе складанасці хутка адышлі на другі план, і цяпер Ксенія сумуе па сваім студэнцтве, напоўненым не толькі лекцыямі і семінарскімі заняткамі, але і шматлікімі конкурсамі, канцэртамі, выступленнямі. З цеплынёй узгадвае аднакурснікаў, якія за 4 гады вучобы сталі амаль роднымі, афіцэраў і выкладчыкаў.

— На следча-экспертным факультэце цудоўныя выкладчыкі, — расказвала яна. — Многія да акадэміі працавалі следчымі, у міліцыі. Яны настолькі даходліва, зразумела і цікава тлумачылі на лекцыях новы матэрыял, што, рыхтуючыся да семінараў, часта не трэба было адкрываць падручнік, хапала перагледзець канспект. Мы дэталёва вывучалі арганізацыю расследавання розных відаў злачынстваў, пісалі агляды, складалі працэсуальныя дакументы. Усё гэта вельмі важна ў маёй рабоце.

Па словах Ксеніі, у акадэміі добрая матэрыяльная база. Ёсць неабходнае не толькі для вучобы, але і для заняткаў спортам, выдатны інтэрнат. Немалаважным плюсам дзяўчына лічыць поўнае дзяржаўнае забеспячэнне курсантаў у перыяд навучання. Ім, акрамя таго, яшчэ і выплачваецца стыпендыя. У харашыстаў і выдатнікаў яна павышаная — адпаведна на 25 і 50%. Усім выпускнікам гарантуецца працаўладкаванне па спецыяльнасці ў сваім рэгіёне.

Пасля заканчэння акадэміі Ксенія Багданава павінна была трапіць служыць на радзіму — Полаччыну. Але там у падраздзяленнях Следчага камітэта не аказалася вакантных месцаў, і маладога спецыяліста размеркавалі ў Паставы. Прынялі тут добра. Кіраўніцтва РАСК падабрала новаму супрацоўніку здымную кватэру і штомесяц пакрывае каля 90 рублёў платы за яе. Таксама за Ксеніяй замацавалі вопытнага настаўніка — старшага следчага Святлану Паўловіч, з якой адразу склаліся сяброўскія адносіны.

— Святлана Мечыславаўна дапамагае мне ў рабоце: тлумачыць, калі нешта не разумею, чытае справы, якія вяду, перад іх перадачай у суд, — гаварыла мая суразмозца. — Работа следчага нялёгкая, але вельмі цікавая. Я расследую розныя справы і кожны раз даведваюся штосьці новае, чамусьці вучуся. Магу сказаць, што ў прафесіі не расчаравалася. Я ведала, куды іду і што мяне чакае.

У хуткім часе Ксенія збіраецца выйсці замуж і ўслед за будучым мужам пераехаць у Гродна. Там маладая сям’я плануе будаваць жыллё з выкарыстаннем ільготнага крэдыту, які прадугледжаны для супрацоўнікаў Следчага камітэта і членаў іх сямей.

P.S. Калі вы жадаеце ­паступіць на следча-экспертны факультэт Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, да 10 красавіка павінны асабіста звярнуцца ў Пастаўскі РАСК для праходжання гутаркі з начальнікам аддзела і атрымання даведкі-рэкамендацыі для паступлення (адрас: вул. Чырвонаармейская, 145 «А», тэл.: 2-77-50, 8(033)399-80-36).  Затым да 15 красавіка названую даведку разам з заявай трэба падаць у аддзел унутраных спраў райвыканкама.

Алена Шапавалава. Фота аўтара



Читайте также:
9 и 16 марта на Поставщине зарегистрированы два пожара
В Поставах в подъезде новостройки горели детская коляска и велосипед
45 поставчан планируется призвать на срочную службу в армию этой весной



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.