Услуги социальной службы стали востребованнее в условиях пандемии COVID-19

Общество

Дапамагаюць справай, суцяшаюць словам

Больш за год свет жыве ва ўмовах пандэміі COVID-19. У гэты час надзвычай запатрабаванымі сталі паслугі сацыяльнай службы.

Пажылым людзям, якія знахо­дзяцца ў групе рызыкі, рэкамендавана не наведваць грамадскія месцы, не кантактаваць з іншымі. Для многіх з іх сацыяльныя работнікі сталі ­адзінай падмогай. У Пастаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва здолелі мабілізаваць сілы і прыйсці на дапамогу кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу.

— Кожную раніцу сацработнікі тэлефануюць сваім падапечным і высвятляюць, што ім патрэбна, — расказвала загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ТЦСАН Іна Ягела. — Затым адпраўляюцца ў паліклініку да ўчастковага ўрача па рэцэпт, у аптэку па лекі, набыва­юць прадукты, тавары першай неабходнасці і дастаўляюць па адрасе. У час пандэміі нагрузка на іх узрасла, бо многія грамадзяне, якіх мы раней не абслугоўвалі, самаізаляваліся і звяртаюцца да нас па дапамогу. Мы абслугоўваем пажылых людзей, якім споўнілася 60 гадоў, і непрацаздольных грамадзян (інвалідаў I і II груп незалежна ад узросту). Нярэдка замяняем ім родных. Зараз на сацабслугоўванні знаходзяцца 954 чалавекі. Іх даглядаюць 116 сацыяльных работнікаў, паслугі аказваюць таксама 12 сядзелак і 9 нянек.

Сацработнікі Іна Лапушынская, Таццяна Аліхвер, Святлана Турла і спецыяліст аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў г. Паставы ТЦСАН Ала Мураўская

Для выяўлення тых, каму патрэбна дапамога, работнікі ТЦСАН абзвоньваюць грамадзян з групы рызыкі. Да некаторых выязджаюць дадому. У дастаўцы тавараў першай неабходнасці, прадуктаў дапамагаюць валанцёры раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа, але пажылыя з нецярпеннем чакаюць сваіх пастаянных сацработнікаў. Іх увага, спагада дапамагаюць пажылым адчуваць сябе абароненымі.

— Тэрытарыяльны цэнтр абслугоўвае людзей, якія з-за розных абставін засталіся без падтрымкі родных, трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю, — тлумачыла дырэктар ТЦСАН Марыя Ракоўская. — Наша праца асаблівая: і ў радасці і ў горы быць побач з чалавекам, дапамагаць спраўляцца з адзінотай і цяжкасцямі. Працаваць з пажылымі няпроста. Для наладжвання з імі цеснага кантакта трэба мець асаблівы дар, вало­даць такімі якасцямі, як міласэрнасць, спагада, дабрыня, тактоўнасць. Выпадковыя людзі ў нашай службе не затрымліваюцца. Большасць маюць багаты стаж і вопыт работы. Незалежна ад займаемай пасады ўсе прыкладваюць максімум намаганняў, каб падапечныя ні ў чым не адчувалі патрэбы, імкнуцца знайсці час на размовы з імі. У нас працуюць тэлефоны гарачай лініі. Па нумарах 2-40-64 і 2-50-01 заўсёды выслухаюць нашы спецыялісты, дадуць слушныя парады. Многія звяртаюцца па тэлефоне не толькі з просьбамі, але і каб па­дзякаваць за работу. Мы сацыяльную службу часам параўноўваем з хуткай дапамогай, бо яна заўсёды ратуе чалавека, працягвае яму руку дапамогі.

Зараз на сацабслугоўванні знаходзяцца 954 чалавекі. Іх даглядаюць 116 сацыяльных работнікаў, паслугі аказваюць 12 сядзелак і 9 нянек.

У сярэдзіне сакавіка работнікі сацыяльнай службы сабраліся на сход, на якім падвялі вынікі за мінулы год, абмеркавалі планы на бягучы. За добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў найлепшыя атрымалі ўзнагароды. За высокі прафесіяналізм і вялікі ўклад у работу па сацыяльнай абароне грамадзян ва ўмовах неспрыяльнай эпідсітуацыі прысутным падзякавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Седзюкевіч. Самым старанным работнікам яны ўручылі Ганаровыя граматы і Па­дзякі камітэта па працы, занятасці і сацабароне аблвыканкама, раённага выканаўчага камітэта. Фотаздымкі 9 чалавек занесены на Дошку гонару ўпраўлення, 10-ці — на Дошку гонару ТЦСАН.

— Работа ва ўмовах пандэміі крыху стамляе, — прызнаваліся сацыяльныя работнікі. — Узраслі напружанасць працы, адказнасць за здароўе падапечных і ўласнае, бо ёсць рызыка заражэння. Імкнёмся захоўваць усе санітарныя нормы: выкарыстоўваем ахоўныя маскі, пальчаткі. Наракаць на цяжкасці мы не прывыклі. Нашы падшэфныя нас чакаюць, як і раней. Дапамагаем ім па гаспадарцы, падтрымліваем, носім прадукты, тавары, лекі. Калі выбралі такую прафесію — дапамагаць іншым, то і стараемся выконваць пастаўленыя перад намі задачы.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Прививка от коронавируса: кому можно делать и кому противопоказана?
15 февраля в Поставской ЦРБ началась вакцинация против COVID-19
В Поставском районе привито 160 человек. У всех хорошее самочувствие и отсутствие побочных эффектов



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.