В Доме ремесел «Стары млын» открылась выставка мастера по лозоплетению Марьяна Августиновича

Культура

Пляценне было часткай жыцця

У пачатку сакавіка ў Доме рамёстваў «Стары млын» адкрылася персанальная выстава члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, вядомага ў раёне майстра па лозапляценні Мар’яна Аўгусціновіча. Называецца яна «Памяць сэрца» і прысвечана памяці Мар’яна Іванавіча, якога не стала ў канцы мінулага года.

Выстава складаецца з работ, падораных народным умельцам Дому рамёстваў, і тых, што знаходзяцца ў яго дома. Гэта зусім маленькая частка створанага М. Аўгусціновічам за чвэрць стагоддзя — столькі часу ён прысвяціў свайму захапленню, пачаўшы плесці ў сярэдзіне 90-х, пасля выхаду на пенсію.

Усё жыццё — а дакладней каля 40 гадоў — мужчына адпрацаваў у пастаўскім аўтапарку вадзіцелем велікагрузных аўтамабіляў. Не захацеў сядзець без справы і на заслужаным адпачынку. Чым заняцца, доўга не думаў. Аднойчы жонка, вярнуўшыся з крамы, расказала, што бачыла там прыгожую кнігу з ілюстрацыямі, на якіх разнастайныя вырабы з лазы. Мар’ян Іванавіч зацікавіўся і папрасіў купіць кнігу. Яна, а таксама яшчэ адна кніжка па лозапляценні, падораная дырэктарам «Старога млына» Таццянай Петух, сталі падручнікамі па асваенні рамяства. Іх будучы майстар вывучыў ад першай да апошняй старонкі. А затым адправіўся на пошукі якаснай лазы.

— З 250 сартоў дзесьці толькі 12 прыгодныя для работы, — дзяліўся ён пры жыцці сваім практычным вопытам. — Лаза павінна быць гнуткая, не ломкая. Я аб’ездзіў амаль увесь раён і зараз дакладна ведаю, дзе расце якасны матэрыял для маіх вырабаў. У асноўным збіраю аднагодку. А для вырабу мэблі патрэбна двух-трохгадовая лаза.

Па яе Мар’ян Іванавіч нярэдка ездзіў і на Мядзельшчыну, а бывала, што і далей у бок Мінска. Таксама пасадзіў некалькі кусцікаў ва ўласным агародзе і выкарыстоўваў тонкія пруцікі ў прыватнасці для пляцення маленькіх кошыкаў. Дарэчы, з іх усё і пачалося. Па расказах майстра, у яго дзяцінстве дома быў вельмі прыгожы польскі кошык, які бераглі і хадзілі з ім у царкву. А ў быце карысталіся простымі, сплеценымі бацькам. Той адмысловы польскі выраб стаў прататыпам дэкаратыўных кошыкаў, якія пачаў рабіць М. Аўгусціновіч і якія ў яго капіравалі іншыя майстры.

Таксама ўмелец-самавучка плёў прыгожыя вазы, падстаўкі для вазонаў, хлебніцы, шкатулкі, куфры, абрамленні для люстэркаў, палічкі, дэкаратыўныя пано і кветкі. Навучыўся рабіць з лазы мэблю: столікі, крэслы, тумбачкі, уступіўшы ў 2000 годзе ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Са сваімі вырабамі прымаў удзел ва ўсіх выставах Дома рамёстваў, розных святах і кірмашах. У прыватнасці, быў пастаянным удзельнікам міжнародных фестываляў «Звіняць цымбалы і гармонік» і «Славянскі базар у Віцебску». На цяперашняй выставе разам з яго гатовымі і незакончанымі работамі можна ўбачыць дыпломы. Самы першы з іх датуецца 1997 годам. Акрамя таго, у канцы мінулага стагоддзя майстар аформіў ліцэнзію рамесніка і актыўна прадаваў зробленыя сваімі рукамі рэчы.

Гадоў 15 назад Мар’ян Іванавіч захварэў на бранхіт з астматычным кампанентам, і з таго часу яго здароўе пачало пагаршацца. Спачатку на выставах і фестывалях мужчыну суправаджалі сын або жонка. Потым, калі ён ужо не мог нікуды выязджаць, блізкія прадстаўлялі яго вырабы. А іх М. Аўгусціновіч ствараў да апошняга дня свайго жыцця.

— Мар’ян Іванавіч быў вельмі захопленым чалавекам, — расказвала Таццяна Петух. — У яго і на пенсіі быў паўнавартасны рабочы дзень. Кожную раніцу ён запарваў лазу і да вечара плёў яе, пакуль усю не выкарыстае. Пры гэтым ставіў сабе план, колькі чаго павінен сплесці. У доме пад майстэрню быў адведзены асобны пакой.

З іншых якасцей народнага ўмельца Таццяна Мікалаеўна назвала глыбіню ведаў у лозапляценні, дабрыню і адкры­тасць. Прыгадала, што Мар’ян Іванавіч ніколі не адмаўляў іншым майстрам, калі тыя звярталіся да яго па параду і дапамогу.

Алена Шапавалава
Фота з архіва Дома рамёстваў



Читайте также:
Посмотрите, какие портреты рисует 15-летний Илья Хохлун из Воропаева
8 марта в концертном зале ДШИ им. А. Тизенгауза прошла праздничная программа «Весенний концерт»
Интервью с руководителем студии «Славия» и лауреатом звания «Человек года Поставщины» Оксаной Николаевой



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.