В этом году добровольная акция «Неделя леса» пройдет с 3 до 10 апреля

Общество

Агульнае багацце памнажаць разам

Міжнародны дзень лесу ва ўсім свеце адзначаюць з 1971 года. Ініцыятар яго ўстанаўлення — Еўрапейская канфедэрацыя сельскай гаспадаркі, а пацвердзіла афіцыйны статус Генаральная асамблея ААН.

— Гэта дата напамінае жыхарам Зямлі пра важнасць захавання лясных і іншых зялёных насаджэнняў, рацыянальнае іх выкарыстанне, — расказваў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў. — Ахова лесу — асноўны клопат работнікаў і нашага лясгаса. А калі дрэвы саспеюць, іх трэба ўбіраць. Выпілоўванне — такі ж неабходны працэс, як і збор ураджаю ў сельскай гаспадарцы.

З бягучага года лясгас працуе згодна з новым праектам лесаўпарадкавання, разлічаным да 2027 года. Ім прадугледжаны і значныя аб’ёмы штогадовых высечак лесу, які дасягнуў сваёй спеласці, а таксама пасадка новых лясных культур. Сёлета добраахвотная акцыя «Тыдзень лесу» стартуе ў нашай краіне 3 красавіка і прадоўжыцца да 10-га.

Высечкі ў лясным фондзе, прадугледжаныя праектам, вядуцца на тэрыторыі ўсіх лясніцтваў. Найбольшы аб’ём работ трэба выканаць у лынтупскім, на якое прыходзіцца добрая палова спелых хваёвых лясоў. З іх атрымліваецца якасная прадукцыя. У вызначэнні ўзросту лесу, гатовага да высечкі, лясгасаўцы кіруюцца пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь №1765 ад 06.12.2001. Да прыкладу, сасне і елцы ў эксплуатацыйных лясах (да іх ліку адносіцца і лясны фонд, дзе прайшлі распрацоўкі) павінна быць па 81 годзе, дубу — 101, ліпе — 71, бярозе — 61. У прыродаахоўных і ахоўных лясах крыху іншыя параметры: для сасны і елкі — 101 год, дуба — 121, ліпы — 81.

Бываюць і непрадбачаныя сітуацыі, калі лес выразаецца раней за ўстаноўлены тэрмін. Так было падчас барацьбы з нашэсцем караеда. Тады прыйшлося прымяніць надзвычайныя меры. Дзякуючы ім лесаводам рэспублікі ўдалося ўзяць сітуацыю пад кантроль.

— Любыя віды высечак у лясгасе праводзяцца згодна з праектам арганізацыі і вядзення лясной гаспадаркі, распрацаваным «Белдзяржлесам», — тлумачыў Аляксандр Іванькоў. — Усе работы кантралююць дзяржаўныя наглядныя органы, а таксама прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі паводле сістэмы FSC (лясная сертыфікацыя). Уборка вядзецца па міжнародных стандартах. Апошнім часам змяніўся падыход і да ачысткі лесасек: рэшткі галін пакідаюцца для далейшага перагнівання. Гэта так званая мёртвая драўніна. Яна з’яўляецца дадатковай крыніцай удабрэнняў, неабходных лесу. Згодна з міжнароднымі стандартамі, спальванне рэшткаў у лесе катэгарычна забаронена (яно дапускаецца толькі пры распрацоўцы дзялянак, пашкоджаных караедам). Такое рашэнне накіравана на прадухіленне забруджвання паветра прадуктамі гарэння, захаванне біяразнастайнасці флоры і фаўны. На кожным гектары высечкі леснікі пакідаюць дзесяць дрэў, якія выступаюць у ролі насеннікаў.

Вялікая ўвага ў лясгасе ўдзя­ляецца лесаўзнаўленню. Добраахвотная акцыя па пасадцы лесу доўжыцца тыдзень, але работнікі лясніцтваў садзяць лес значна даўжэй. Сёлета гэту работу плануецца правесці на 95 гектарах. Лясныя культуры ў асноўным будуць змешанымі, а пасадачны матэрыял — з закрытай каранёвай сістэмай, што забяспечыць яго прыжывальнасць на 100%.

— Удзел у рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу-2021» можа пры­няць кожны жадаючы. Пасадзіўшы дрэўцы, вы зробіце свой уклад у азеляненне сваёй малой радзімы. Лес — агульнае багацце, і памнажаць яго трэба разам, — падагульніў Аляксандр Іванькоў.

Анна Анішкевіч



Читайте также:
Девиз Всемирного дня защиты прав потребителей в 2021-м году — «Борьба с загрязнением пластиковыми материалами»
Стали известны имена победителей 1-го этапа республиканского конкурса рисунков на экологическую тематику
Сбор первоцветов в марте-апреле может привести к их полному исчезновению



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.