В ОАО «Новоселки-Лучай» подвели итоги работы за прошлый год и наметили планы на будущее

Сельское хозяйство

Дасягнутае – не мяжа

У гаспадарках раёна праходзяць справаздачныя сходы, на якіх падводзяць вынікі работы за мінулы год, адзначаюць тых, хто найбольш вызначыўся на розных участках, карэкціруюць планы на будучыню. Падчас аналагічнай сустрэчы ў ААТ «Навасёлкі-Лучай» перад прысутнымі выступіў яго дырэктар Юрый Шымчык.

— Летась рост валавой прадукцыі ў гаспадарцы склаў 117%, — гаварыў дырэктар. — У тым ліку ў жывёлагадоўлі — 109, раслінаводстве — 129. Прыбытак ад дзейнасці склаў амаль 3 млн руб. пры рэнтабельнасці 24,2%, ад рэалізацыі прадукцыі — 3 млн 674 тыс. руб. (рэнтабельнасць — 20,7%). А ўсяго выручкі за мінулы год атрымана 17 млн 727 тыс. руб., рост да 2019-га — 126%. Гэтыя грошы выкарысталі на выплату заработнай платы, набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў, запчастак, кармоў, ветпрэпаратаў, аплату электраэнергіі і іншыя расходы. Лічбы сведчаць пра тое, што мы можам працаваць ва ўмовах рыначнай эканомікі.

Жывёлагадоўля – крыніца даходаў

Павелічэнне выручкі абумоўлена ростам аб’ёмаў рэалізуемай прадукцыі. Малака сортам «экстра» прададзена 99,8%, што на 0,8% больш, чым у 2019 годзе. Яго рэнтабельнасць склала 67,7% (на 17,7% больш, чым у 2019-м). Малако складае 50% эканомікі гаспадаркі: тона сорту «экстра» каштуе 820 руб. У выніку выручка за мінулы год — амаль 10 млн руб.

Добра зарэкамендавала сябе круглагадовае палявое ўтрыманне быкоў. Летась такім метадам вырашчана і рэалізавана больш за 800 галоў буйной рагатай жывёлы. Сярэдняя выручка за кожную склала 1 536 руб.

Нядрэнныя вынікі ў жывёлагадоўлі: за мінулы год гаспадарцы прысуджана 2-е месца ў раёне. Гэта заслуга аператараў машыннага даення, даглядчыкаў, ветперсаналу, трактарыстаў, раздатчыкаў кармоў, слесараў, электрыкаў, лабарантаў, асемянатараў, загадчыкаў ферм. Сярэдні надой ад каровы — 5 664 кілаграмы, рост прадукцыйнасці — 104%, рост пагалоўя кароў — 103,6%. Малочнатаварнай ферме «Навасёлкі» (атрымана 1 639 тон малака, сярэдні надой — 6 157 кг), якую ўзначальвае Вікторыя Вартазаран, прысуджана 1-е месца ў раёне.

Кіраўніцтва гаспадаркі імкнецца прымаць неабходныя меры да забеспячэння жывёлы збалансаванымі кармамі. Летась адкрыты цэх па выпуску грануляванага камбікорму. У ім выраблена 2 656 тон. Гэта дазволіла зменшыць сабекошт малака, прываг буйной рагатай жывёлы і свіней. Мяса ўласнай вытворчасці часткова перапрацоўваецца ў каўбасным і пельменным цэхах. Летась тут выраблена адпаведна 90 тон каўбас і 19 тон пельменяў.

Рэалізуецца прадукцыя ў гандлёвых кропках і карыстаецца павышаным попытам у пакупнікоў. У мінулым годзе адкрыты фірменныя гандлёвыя павільёны ААТ «Навасёлкі-Лучай» у Паставах, Лынтупах, сёлета — у Лучаі. Выручка з васьмі магазінаў склала амаль 2 млн руб. Для забою і разбірання туш арандаваны ўбойны цэх ТАА «Заазёрнае». Плануецца яго выкупіць.

Цэх пад адкрытым небам

Так называюць галіну раслінаводства. У яе рабоце шмат залежыць ад надвор’я. Тым не менш у ААТ «Навасёлкі-Лучай» летась з кожнага гектара намалацілі ў сярэднім 48,7 ц/га (на 12,8 ц/га больш, чым у 2019-м). Валавы збор зерня ў бункернай вазе склаў 15 191 тону. Накапалі больш за 640 тон бульбы, намалацілі 1 031 тону насення кукурузы, 1 576 тон рапсу (ураджай­насць — 20,4 ц/га). У цэху па перапрацоўцы рапсу атрымалі 849 тон алейнага насення, 248 тон алею, 566 тон макухі і 34 тоны фузы (кармавая дабаўка). Выручка ад рэалізацыі рапсавага алею склала 438 тыс. руб.

Плённа папрацавалі на нарыхтоўцы кармоў: заклалі 31 350 тон сенажу, 24 400 — сіласу, 600 тон сена, на перыяд зімоўкі на ўмоўную галаву жывёлы мелі 25,46 цэнтнера кармавой адзінкі. Асабліва вызначыўся механізатар Юрый Гваздоў: на «Ягуары», які служыць яму амаль 20 сезонаў, падабраў зялёнай масы 5 827 тон, правяленай — 13 994, кукурузы — 24 474 тоны. Гаспадарка набыла новы «Ягуар» і даверыла яго Юрыю.

Рэзервы ёсць

Юрый Шымчык дасканала прааналізаваў работу ўсіх галін вытворчасці, назваў дзясяткі прозвішчаў перадавікоў, засяродзіў увагу на недапрацоўках і запэўніў, што рэзервы для павелічэння вытворчасці прадукцыі ёсць. Найперш трэба працаваць з арганікай, займацца яе кампаставаннем і ўносіць у глебу. Бо пры высокіх цэнах на мінеральныя ўдабрэнні гэта адзіная магчымасць патанніць сабекошт прадукцыі раслінаводства. У гаспадарцы плануюць вырошчваць высокаўраджайныя сарты зерневых, кукурузы, рапсу, бульбы, пашыраць плошчы пад зернебабовыя культуры з высокім утрыманнем бялку, якога не хапае ў рацыёне жывёлы.

— Наперадзе адказны перыяд — пасяўная, — сказаў на завяршэнне Юрый Шымчык. — Тэхніка і людзі да яе гатовыя. Нам трэба ўлічыць свае недапрацоўкі і задзейнічаць усе рэзервы, каб дабіцца добрых вынікаў.

Свае меркаванні наконт вырашэння пастаўленых задач выказалі галоўныя заатэхнік Іван Кісель, інжынер Яўгеній Вішнеўскі, ветурач Аляксандр Жытковіч, бухгалтар Таццяна Мядзелка. У рабоце сходу прыняў удзел старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што ААТ «Навасёлкі-Лучай» — адзін з флагманаў не толькі ў раёне, але і ў вобласці. У гаспадарцы рэгулярна абнаўляецца машынна-трактарны парк, ёсць неабходныя кадры, што дазваляе ўпэўнена ісці наперад. Таму трэба павышаць планку і дасягаць пастаўленай мэты.

Па выніках работы за мінулы год Юрый Шымчык уручыў Ганаровыя граматы адміністрацыі і прафкамітэта гаспадаркі, грашовыя прэміі найлепшым работнікам. Многія з іх занесены на Дошку гонару сельгаспрадпрыемства.

Анна Анішкевіч



Читайте также:
Машинно-тракторный парк Поставского молочного завода пополнился 15 тракторами
Молодая ветврач СП «Ляховщина-агро» Марина Мельникович: «Работать интересно, хоть и нелегко».
На опрыскивателе «Роса» можно работать в любую погоду, даже на переувлажненных участках



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.