Ветеран труда Альдона Болт рассказала о своей жизни и работе

Общество

Спаўна аддавалі сябе справе

Імя Альдоны Эдмундаўны Болт занесена ў гісторыка-дакументальную кнігу «Памяць. Пастаўскі раён». Яна ўдастоена ордэна Працоўнай Славы III ступені.

— Дзяржаўныя адзнакі атрымалі многія з нашага калгаса імя Суворава, — успамінала ветэран працы. — Гаспадарка была перадавой не толькі ў раёне, але і ў вобласці, краіне. Узнагароды ўручалі прылюдна — на ўрачыстых сходах, што ладзіліся ў райцэнтры. Было прыемна. Але мы стараліся не дзеля ордэнаў і медалёў, а таму што былі такой загартоўкі.

А яе загартоўка пачалася ў дзяцінстве. Калі дзяўчынцы споўнілася 13, памёр тата. Маці працавала даяркай, і Ала (яна толькі па пашпарце Альдона) з малодшай на паўтара года сястрой Франяй дапамагалі ёй. У школу хадзілі з Валожына ў Цёплыя, за 5 кіламетраў. Зімой здымалі там кватэру. Тры навучальныя гады, з 5 па 8 клас, давялося жыць у інтэрнаце, спачатку ў Варапаеве, затым — у Паставах.

Ала любіла родную вёску, сялянскую працу, таму паступіла ў Клімавіцкі сельгастэхнікум. Закончыўшы яго, па размеркаванні трапіла ў Міёрскі раён.

— Старшыня калгаса, у якім працавала, агітаваў мяне прадоўжыць вучобу ў Горацкай сельгасакадэміі, — узгадвала жанчына далёкія гады сваёй маладосці. — Я, напэўна, так і зрабіла б, але моцна хварэла маці. Шкадавала яе, хацела дапамагаць, таму вярнулася дадому. Прапаноўвалі пасаду галоўнага заатэхніка ў суседнім калгасе «Гігант», але адмовілася. Прыняў Алег Адольфавіч Валодзька.

Кім толькі ні давялося Але папрацаваць у Навасёлках! Была лабаранткай, заатэхнікам, загадвала свінафермай, зернескладам. На грамадскіх пачатках узначальвала калгасную прафсаюзную арганізацыю, з’яўлялася дэпутатам сельскага, а пазней і абласнога Савета дэпутатаў. Прызнаецца: «Было цяжка, але ў нашым калгасе напружана працавалі ўсе. Старшыня патрабаваў ад кожнага поўнай аддачы. Сам паказваў прыклад, не шкадуючы часу, сіл і здароўя. Ужо толькі за тое, якія вясковыя дарогі парабіў, Алегу Валодзь­ку яшчэ пры жыцці варта было помнік паставіць».

Знайшоў сваё прызванне на роднай зямлі і муж Алы, Барыс. Працаваў у калгасе вадзіцелем, накалясіў тысячы кіламетраў. Хапала клопатаў і дома. На ўласным падвор’і трымалі карову, цялят, свіней, курэй. Хто не ленаваўся, мог зарабіць не толькі ў калгасе, але і з уласнай гаспадаркі. Калгас бясплатна даваў парасят з умовай, што, вырасціўшы іх, кожнае другое свінчо трэба здаць калгасу і атрымаць за гэта грошы. І Балты штогод бралі ды гадавалі па чацвёра. Карміць мелі чым. На трэцяй частцы выдзеленага гектара зямлі вырошчвалі бульбу, на астатняй плошчы — зерневыя. Калгас даваў тэхніку на апрацоўку зямлі. А з часам бульбу і збожжа калгаснікам пачалі вырошчваць у палях севазвароту гаспадаркі. І для людзей гэта стала палёгкай.

— Нас вельмі радуе, што былы калгас імя Суворава не прыйшоў у заняпад, як некаторыя іншыя, — дзяліліся ветэраны працы. — Пашанцавала, што на змену Валодзьку прыйшоў не менш гаспадарлівы кіраўнік. Дарагога варта і тое, што Юрый Францішкавіч Шымчык клапатліва ставіцца не толькі да сённяшніх працаўнікоў, але і да пенсіянераў.

Ужо шмат гадоў Ала і Барыс Балты на пенсіі. Іх найвялікшая радасць — унукі Ілья, Карына і Яна. А самая моцная падтрымка — адзіны сын Міхаіл, які жыве ў Паставах, працуе вадзіцелем-міжнароднікам і вельмі даражыць бацькамі.

Фаіна Касаткіна
Фота Міхаіла Балта



Читайте также:
Масленица-2021. Как в Поставах зиму провожали и весну встречали
Мама 6 детей Алла Курилович из д. Бельки удостоена ордена Матери
В День Конституции юные поставчане получили свои первые паспорта



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.