Владимир Кулаженко: «В Поставах навсегда осталась частичка моей души»

Общество

Уладзімір Кулажанка: «У Паставах назаўжды засталася часцінка маёй душы»

Адна з вуліц нашага горада носіць імя Генадзія Кулажанкі, які працаваў першым сакратаром райкама Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі (ЛКСМБ) і ў 28-гадовым узросце загінуў у Афганістане.

У Пастаўскім краязнаўчым музеі ёсць фотаздымкі, дакументы, газетныя артыкулы таго часу, што распавядаюць пра жыццё і прафесійную дзейнасць Генадзія Кулажанкі. Частку матэрыялаў нядаўна перадаў музею яго сын Уладзімір. Ён жыве пад Мінскам, займае пасаду дырэктара Фундаментальнай бібліятэкі Белдзяржуніверсітэта. Але заўжды памятае пра Паставы — горад, у якім нарадзіўся і які так цесна звязаны з лёсам яго бацькі. Гэта ён падкрэсліў падчас інтэрв’ю. У ім мы закранулі і іншыя тэмы.

Уладзімір Кулажанка

— Уладзімір Генадзь­евіч, што памятаецца пра наш горад з дзяцінства?

— Я нарадзіўся ў Паставах у 1976 годзе. Мае бацькі скончылі гістарычны факультэт БДУ і прыехалі сюды па размеркаванні. І хоць у райцэнтры я пражыў зусім нямнога, быў малы, калі мы адсюль пераехалі, дзіцячыя ўспаміны пра яго жывуць. Напрыклад, запомніліся масавыя першамайскія дэманстрацыі, гарадскія святы, на якіх заўжды было шмат ваенных. Яны былі і сярод сяброў маіх бацькоў. Памятаю, як да нас у госці прыходзіў лётчык. Я глядзеў на яго фуражку з блакітнай аблямоўкай і, як амаль усе хлопчыкі ў той час, марыў насіць у дарослым жыцці такую ж.

— Раскажыце, калі ласка, пра свайго бацьку.

— Ён нарадзіўся на Гомельшчыне — у горадзе Нароўля. Школу скончыў у Мінску, пасля працаваў слесарам-зборшчыкам на заводзе імя Арджанікідзэ. Пасля паступіў у БДУ. Там разам з сябрамі быў рэдактарам і адным з аўтараў самвыдатаўскага літаратурнага альманаха «Мілавіца».

На Пастаўшчыне бацька пачынаў сваю працоўную дзейнасць у адной з сельскіх школ, дзе быў дырэктарам. У 1975 годзе быў назначаны другім сакратаром Пастаўскага райкама ЛКСМБ, у 1978-м — першым. Скончыў Вышэйшую камсамольскую школу пры ЦК УЛКСМ у Маскве. У ліпені 1980 года баць­ку перавялі ў Віцебск, дзё ён загадваў аддзелам абласнога камітэта ЛКСМБ. Аднак на гэтай пасадзе адпрацаваў усяго паўгода — яго накіравалі саветнікам па справах моладзі ў Афганістан. У ліпені 1981-га, едучы на таксі з аэрапорта, трапіў у засаду ў ваколіцах горада Герат і загінуў, прыняўшы бой супраць 45 душманаў. Мне тады было 5 гадоў. Тата пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.

— Дзе вы вучыліся і працавалі?

— У школу я пайшоў у Мінску, з гэтым горадам звязана ўсё маё далейшае жыццё. Пасля заканчэння 11 класаў пайшоў па слядах бацькоў: скончыў гістфак Белдзяржуніверсітэта. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у педагагічным універсітэце імя М. Танка, вядучым спецыялістам у Міністэрстве культуры, намеснікам дырэктара ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. 6 гадоў назад вярнуўся ў БДУ, стаўшы дырэктарам Фундаментальнай бібліятэкі.

— Раскажыце крыху пра ўстанову, якую ўзначальваеце.

— Бібліятэцы, як і БДУ, сёлета спаўняецца 100 гадоў. Гэта адна з найстарэйшых і найбуйнейшых бібліятэк нашай краіны. Яе фонд — каля 2 мільёнаў ­адзінак, а колькасць карыстальнікаў складае больш за 27 тысяч чалавек. Тут знаходзіцца адзін з самых багатых збораў навуковай, навукова-папулярнай, вучэбнай, даведачнай, мастацкай і іншай літаратуры. Ёсць фонд рэдкіх і каштоўных выданняў, які налічвае каля 14 тысяч унікальных кніг XVI — пачатку XX стагоддзя, і каля 10 тысяч экзэмпляраў часопісаў, выдадзеных у дарэвалюцыйныя гады. Інтэнсіўна фарміруецца электронны каталог. У сусветным рэйтынгу рэпазітарыяў (лічбавых сховішчаў — аўт.) электронная бібліятэка БДУ займае высокае 11-е месца і ўваходзіць у тройку найлепшых сярод рэпазітарыяў універсітэтаў.

Філіялы Фундаментальнай бібліятэкі знаходзяцца ў 12 карпусах Белдзяржуніверсітэта, яе калектыў складае амаль паўтары сотні чалавек.

— Якія ў вас захапленні?

— Ільвіную долю майго часу займае праца, таму выкраіць яго для сваіх хобі не заўжды атрымліваецца. Люблю кнігі: чытаю многа прафесійнай літаратуры, па шмат разоў магу перачытваць любімыя мастацкія творы. Яшчэ адно маё вялікае захапленне — кіно. Пэўны час быў дырэктарам здымачнай групы ў кампаніі «Беларускі відэацэнтр». Пісаў сцэнарыі дакументальных фільмаў, выконваў статычныя ролі ў кінаработах, напрыклад пераўвасабляўся ў Ігнація Дамейку, Браніслава Тарашкевіча альбо Бенедыкта Тышкевіча. На жаль, на гэта захапленне цяпер часу не застаецца.

— Ці часта бываеце ў Паставах?

— Як атрымліваецца. Апошні раз быў мінулай восенню. Заехаў на вуліцу, якая носіць імя бацькі, зайшоў у музей, перадаў туды бацькавы фота, дакументы. Адна з супрацоўніц у размове назвала мяне пастаўчанінам, і мне гэта было вельмі прыемна.

Блізкіх знаёмых у горадзе ў мяне няма. Сувязі з пастаўчанамі больш падтрымлівала мая мама (яна кандыдат гістарычных навук, цяпер на пенсіі). Тым не менш кожны раз прыязджаю ў Паставы з асаблівымі эмоцыямі. Гэта мая малая ра­дзіма, і тут назаўжды засталася часцінка маёй душы.

Іна Сняжкова
Фота даслаў Уладзімір Кулажанка



Читайте также:
Сюрпризы погоды и её обычные явления фиксируют работники лынтупской метеостанции
Как работает Центр коррекционно-развивающего обучения и реабилитации в условиях COVID-19?
Девочка с синдромом Солнца. История Яны Чаричанской и ее мамы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.