10 апреля прошёл очередной этап районной круглогодичной спартакиады — плавание

Спорт

Спаборнічалі на дарожках басейна

10 красавіка адбыўся чарговы этап раённай круглагадовай спартакіяды. На гэты раз і вяскоўцы, і гараджане сустрэліся на фізкультурна-аздараўленчым комплексе па вуліцы Станкевіча, каб паспаборнічаць у плаванні.

Першымі на дарожкі басейна выйшлі каманды арганізацый, прадпрыемстваў і воінскіх часцей. Кожная складалася з трох удзельнікаў — двух мужчын і жанчыны. Прадстаўнікі моцнага полу пераадольвалі дыстанцыю ў 50 метраў, слабага — удвая меншую. У спаборніцтве ўдзельнічалі прадстаўнікі Пастаўскага раёна газазабеспячэння, Пастаўскага дзяржаўнага кале­джа, аддзела па адукацыі райвыканкама, Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства, в/ч 74384, УП ЖКГ, ДКУАБП «Рассвет Пастаўскі» і аддзела ўнутраных спраў райвыканкама.

Лепш за астатніх на вадзе трымалася каманда міліцыянераў. У яе склад уваходзілі Віталій Кішко, Канстанцін Леанавец і Вольга Далінкевіч. Усе трое актыўна наведваюць басейн, сябруюць з іншымі відамі спорту. Адным словам, прытрымліваюцца актыўнага ладу жыцця. Вольга і ўвогуле ўдзельнічае фактычна ва ўсіх этапах спартакіяды. Але нават ведаючы свае здольнасці, перамозе вельмі ўзрадаваліся. Другі вынік паказала каманда каледжа, трэці — аддзела па адукацыі райвыканкама.

Наступнымі водную дыстанцыю пераадольвалі каманды сельсаветаў і прадпрыемстваў, размешчаных на іх тэрыторыі. У склад кожнай уваходзілі прадстаўнікі абодвух полаў. Змагаліся за перамогу 7 каманд: Валкоўскага, Юнькаўскага, Дунілавіцкага, Лынтупскага, Навасёлкаўскага, Ярэўскага і Варапаеўскага сельсаветаў.

«Бронза» — у прадстаўнікоў Юнькаўскага сельсавета, «серабро» —Дунілавіцкага. Па суме занятых месцаў першай фінішавала каманда Ярэўскага сельсавета. На п’едэстал гонару яе прывялі Антон Пакусаеў і Анастасія Буча.

— Нечакана! — каменціруюць сваю перамогу абое, не хаваючы радасці.

 

Давольныя вынікамі заплываў Канстанцін Леанавец, Вольга Далінкевіч, Віталій Кішко, Антон Пакусаеў і Анастасія Буча

Насця зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, да гэтага працавала ветфельчарам у ААТ «Хацілы-агра». Сур’ёзна займацца плаваннем пачала падчас вучобы ў аграрным каледжы. А да гэтага на вадзе трымалася толькі «па-сабачаму». Антон — навучэнец каледжа, у Ярэўскім сельсавеце зараз на практыцы. Плавае толькі ў сваё задавальненне на возеры летам.

Пераможцы спаборніцтваў узнагароджаны дыпломамі аддзела спорту і турызму райвыканкама і падарункамі ад райкама БРСМ.

Наступны этап спартакіяды — лёгкаатлетычны крос. Старты адбудуцца 1 мая. Месца сустрэчы аматараў спорту — СТК «Азёркі».

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:
Уложить соперника на лопатки научат в отделении вольной борьбы Поставской ДЮСШ (+2 видео)
В Поставах стартовал 2-й тур республиканского первенства детско-юношеской волейбольной лиги «Мяч над сеткой»
Поставчане сыграют в чемпионате Беларуси по футболу 2021 года среди команд 2-й лиги



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.