1000 гектаров земли Браславского района переданы в пользование ОАО «Курополье-агро»

Важное Сельское хозяйство

Курапольцы гаспадараць і на Браслаўшчыне

1 000 гектараў зямлі суседняга раёна рашэннем аблвыканкама на гэтым тыдні перададзены ў карыстанне ААТ «Кураполле-агра».

— Цяпер уся тэхніка сканцэнтравана менавіта на казянскіх землях, — расказваў кіраўнік гаспадаркі Васілій Касцень. — На ворыве занятыя механізатары з малочнага завода Анатолій Пронька, Андрэй Плюта, Віктар Шыкуць, а таксама нашы — Аляксандр Яначкін і Максім Адынец. З плугамі працавалі Мікалай і Валерый Адынцы. На жаль, іх трактары зламаліся, таму вымушаныя стаць на рамонт.

Кіраўнік ААТ «Кураполле-агра» Васілій Касцень, галоўны аграном Галіна Піскуновіч і механізатар Іван Кучынскі

З Васіліем Касцянём і галоўным аграномам Галінай Піскуновіч едзем у поле за Казянамі.

— Паглядзіце, якая тут контурнасць! — не хавае радасці Галіна Леанідаўна. — Усе ўчасткі — як на далоні. Летась нам перадалі землі ў Рымках. Да іх ад Кураполля — 30 кіламетраў. Там такая гліна, што мэтазгодна толькі цагляны завод будаваць. Найбольшы ўчастак — 30 гектараў, а ёсць і меншыя за 10.

Задаволеныя маштабамі казянскіх палёў і механізатары.

— Перад тым як мяне адправілі ў «Кураполле-агра», працаваў у «Янавіцы», — расказваў Анатолій Пронька. — Там участкі дробнаконтурныя, гарыстыя. Якая можа быць выпрацоўка? А тут у адзін бок паўтара кіламетра. Праўда, пакуль макравата. Таму за змену заворваю 25-30 гектараў.

На трактарах з плугамі рупяцца Максім Адынец, Анатолій Пронька і Андрэй Плюта

За трактарамі з плугамі ­ідуць Віктар Шымковіч і Анатолій Шваякоў з дыскамі. Для Івана Кучынскага, які культывуе глебу, гэтыя землі родныя. Жыве ў Казянах, шмат гадоў тут працаваў, дасканала ведае, дзе вымачыны, дзе чарназём, а дзе — пясок. І, нібы экскурсавод, апавядаў пра землі Васілію Касцяню і Галіне Піскуновіч.

— Калі мясцовая гаспадарка развалілася, я ўладкаваўся на Пастаўскі малочны завод, — расказваў. — Не мог падумаць, што зноў давядзецца апрацоўваць тут зямлю.

— На казянскіх землях запланавалі пасеяць зернебабовыя, рапс, ячмень, — гаварыла Галіна Піскуновіч. — А курапольскія ўчасткі, некаторыя з якіх па 30 гадоў выкарыстоўваліся для выпасу жывёлы, перазалужылі, акультурылі і зараз будзем мець з іх добрыя кармы. За апошнія тры гады шматгадовыя травы абнавілі больш чым на 3 000 гектараў, прычым 50% сумесі складае канюшына. Сёлета ўжо перасеялі 700 гектараў і яшчэ столькі плануем. А зерневыя, рапс, кукуруза зоймуць 2 300 гектараў.

Сеяльшчык Юрый Усовіч

Сельгасугоддзі ААТ «Кураполле-агра» займаюць больш за 12 000 гектараў, з іх ворыўных зямель – больш за 7 000.

— Сваімі сіламі з такім аб’ёмам, вядома, не справіцца, — гаварыў Васілій Касцень. — Дзякуй за дапамогу механізатарам малочнага завода, дырэктару Канстанціну Гайлеўскаму, яго намеснікам. Рады, што да нас вярнуўся Максім Адынец. Ён некаторы час працаваў на міжнародных перавозках. А калі гаспадарка атрымала новы трактар, запрасілі на яго Максіма. Добра, што мае магчымасць служыць на альтэрнатыўнай аснове Валерый Адынец. Абодва браты стварылі сем’і, мы выдзелілі ім жыллё. Яшчэ два новыя МТЗ-1221 і -3522 даверылі Генадзію Кухальскаму і Юрыю Усовічу. На былы бацькаў трактар перасеў Максім Усовіч.

Сеяльшчык Павел Болт

На падрыхтаваных да сяўбы ўчастках на трактарах з сеялкамі рупяцца Юрый Усовіч і Павел Болт. Зерне ім дастаўляюць Андрэй Палітыка і Дзяніс Курто.

Пакуль гутарылі з механізатарамі, прыехаў старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, які не прамінуў падзякаваць людзям за старанне. У поле хлебаробы выязджаюць у 7 гадзін раніцы і вяртаюцца пасля 9-ці вечара. Максімальна імкнуцца выкарыстоўваць кожны пагодлівы дзень, бо нават невялікі дождж на гэтых землях работы спыніць.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Оператор по уходу за телятами на откорме из «Камайского-агро» Дмитрий Чухайда добивается высоких показателей в работе
Хлеборобы сельхозпредприятия «Дуниловичи-агро» каждый год первыми начинают сев
Интенсивными темпами ведут посевную хлеборобы ОАО «Камайский-агро»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.