26 апреля — День чернобыльской трагедии. История Екатерины Петрусевич из Новосёлок

Важное История

Год вочы не прасыхалі ад слёз

Якім шчаслівым быў для Кацярыны Петрусевіч пачатак 80-х! Закончыла Гомельскі сельгастэхнікум, атрымала дыплом бухгалтара, па накіраванні прыехала ў калгас «Камарынскі» Брагінскага раёна. Пакахала мясцовага вадзіцеля і выйшла замуж. Маладой сям’і выдзелілі 1-пакаёвую кватэру. Праз год нарадзіўся сын.

26 красавіка 1986 года, субота. Петрусевічы разам з сябрамі паехалі ў Кіеў за 100 кіламетраў ад іх Камарына па прадукты. Па дарозе сустракалі шмат пажарных машын, таму затрывожыліся: недзе вялікі пажар… На зваротным шляху паўсюль стаялі міліцэйскія пасты, але ніякіх патрабаванняў да іх не прад’яўлялі.

— На наступны дзень свякроў запрасіла на пасадку бульбы, — успамінала Кацярына Петрусевіч. — З нашага гарадскога пасёлка ў тую вёску (а яна знаходзілася за 28 кіламетраў ад Чарнобыля) трэба было плыць праз Днепр на пароме. Дабраліся без усялякіх перашкод. Сонечнае надвор’е спрыяла рабоце і добраму настрою. А калі вярнуліся дадому, пачалася паніка: прыйшло распараджэнне з райкама партыі маці з малымі дзецьмі пакінуць месца жыхарства.

Фото носит иллюстративный характер

Каця паехала спачатку да сястры ў Светлагорск, а затым да сваёй маці ў Хойніцкі раён. Літаральна праз некалькі дзён адтуль іх перавезлі ў Гомель, пасялілі ў інтэрнаце. Выходзіць куды-небудзь забаранялася.

— Праз месяц з Гомеля адправіліся ў Віцебскую вобласць, — працягвала мая суразмоўца. — На гэты раз — на турбазу «Лосвіда». У пакоях жылі па двое, кармілі нас тры разы на дзень. Лета, дзень доўгі: пакуль класціся спаць — дзецям зноў есці хочацца. Таму хадзілі ў найбліжэйшую вёску, куплялі бульбу і па дзве штукі варылі ў чайніку. Мясцовыя жыхары да нас, чарнобыльцаў, адносіліся па-рознаму. Здаралася, забаранялі пераступаць за веснічкі, зачыняліся на замок.

Муж Каці ўвесь гэты час быў у Камарыне і шукаў, куды б перабрацца на пастаяннае месца жыхарства. Яго брат у «Советской Белоруссии» прачытаў аб’яву, што ў калгас імя Суворава Пастаўскага раёна патрабуюцца людзі, выдзяляецца жыллё. І Петрусевічы паехалі.

— Нам далі 2-пакаёвую кватэру, мужу — новую машыну. І ён так радаваўся гэтаму! — узгадвае восень 86-га Кацярына. — А мяне нічога не цешыла, вочы не прасыхалі ад слёз. Я так любіла Камарын з яго непаўторнай прыродай, цудоўным відам на Днепр! Там падабалася работа, мела шмат сяброў. А тут — усе чужыя. З-за слёз год нічога і нікога навокал не бачыла. Затым мяне з зернясклада перавялі ў падсобны цэх. Паступова пачала цікавіцца мясцовым жыццём, і душа напаўнялася спакоем. Нягледзячы на тое, што мужавы брат і сястра, якія ўгаварылі нас абжывацца ў Навасёлках, самі выехалі ва Украіну і пад Мінск, я ўжо не адчувала сябе адзінокай.

Праз два гады пахіснулася здароўе ў мужа — атрымаў II групу інваліднасці. Хвароба і пакуты расцягнуліся на 20 гадоў. Кацярыне было 46, калі яна аўдавела, і ўжо 13 — як адна. Сын закончыў тэхналагічны ўніверсітэт, працуе ў Івацэвічах. Па магчымасці наведваецца да маці. А яна, каб не сумаваць, нават на пенсіі не пакідае работу на свінаферме, трымае дома курэй, качак, са­дзіць агарод.

— 35 гадоў мінула пасля чарнобыльскай трагедыі, і столькі я жыву ў Навасёлках, — цяжка ўздыхае Кацярына Петрусевіч. — На радзіме нікога з родных не засталося. Стараюся не накручваць сябе, прымаю кожны дзень такім, які мне паслаў Усявышні.

Анна Анішкевіч



Читайте также:
Горел как костер… 2 года назад не стало бывшего председателя колхоза им. Суворова Олега Володько
Родные сестры Феофания Чернявская и Ирина Кишко — бывшие малолетние узники концлагерей
Какие льготы предусмотрены для пострадавших и ликвидаторов катастрофы на ЧАЭС?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.