Фоторепортаж: Как в Поставах проходил республиканский субботник

Главное Общество

Для агульнай карысці шчыравалі жыхары Пастаўшчыны падчас рэспубліканскага суботніка. З прыўзнятым настроем адны садзілі дрэвы, іншыя прыбіралі прыбярэжныя зоны, паркі, месцы воінскай славы, а таксама працавалі на вытворчасці і замацаваных тэрыторыях.

Першымі ў аб’ектыў майго фотаапарата ў той дзень трапілі работнікі адміністрацыі «Вытворча-мэблевага цэнтра» ў мікрараёне будаўнікоў. З самай раніцы яны падграбалі сухое лісце і галлё на тэрыторыі прадпрыемства. Астатнія наводзілі парадак каля цэхаў альбо працавалі на сваіх рабочых месцах. Праз дарогу актыўнічалі прадстаўнікі райвыканкама на чале з яго старшынёй Сяргеем Чэпікам: за чыгуначным пераездам закладвалі ліпавую алею ў гонар Года народнага адзінства.

— Ужо не першы год падчас рэспубліканскага суботніка кіраўніцтва раёна задзейнічана на пасадцы дрэў. Зялёныя насаджэнні не толькі надаюць гораду эстэтычны выгляд, але і прыносяць карысць экалогіі, — упэўнены Сяргей Чэпік. — Радуе, што ўсе разуме­юць: мы добраўпарадкоўваем нашу малую ра­дзіму ў першую чаргу для сябе, нашых дзяцей і ўнукаў. Уся гэтая прыгажосць застанецца ім у спадчыну.

Другая група работнікаў райвыканкама, як і летась, наводзіла парадак на вуліцы Азёрнай у райцэнтры. Мужчыны падразалі дрэвы, прыбіралі смецце, у тым ліку будаўнічае, і грузілі ў кантэйнер бля буйнагабарытных адходаў. Жанчыны прыбіралі каля пажарнага вадаёма на ўездзе ў мікрараён новай забудовы. «Улоў» быў унушальным: пэт-бутэлькі і цэлафан, прынесеныя сюды ветрам альбо наўмысна кінутыя аматарамі адпачынку на прыродзе.

Сапраўдны працоўны дэсант высадзіўся ў скверы з боку Юбілейнай. Сухое лісце і галлё ў ім прыбіралі работнікі і навучэнцы СШ №1 — усяго каля 300 чалавек. Было такое адчуванне, што іх тут больш, чым дрэў. Не засталіся ў баку ад працоўнай акцыі і навучэнцы трэцяй гарадской школы. Разам з міліцыянерамі яны паклапаціліся пра добраўпарадкаванне помнікаў вызваліцелям у вёсках Хацілы і Целякі. Работнікі 1-га ваеннага шпіталя парадкавалі воінскае пахаванне ў Манькавічах. Зрэшты, ваенныя медыкі наводзілі глянец не толькі на замацаванай за імі брацкай магіле, але і на тэрыторыі сваёй часці.

А ўвогуле ў раёне суботнік распачаўся ў мінулы паня­дзелак. Увесь тыдзень газета назірала, як сумеснымі намаганнямі пастаўчан прыгажэе горад. Работнікі ЖКГ прыбіралі могілкі па вуліцы Ціхай і каля адміністрацыйнага будынка, калектыў і навучэнцы СШ №3 — тэрыторыю ўстановы пасля спілоўвання аварыйных дрэў, работнікі райвыканкама — мясцо­васць каля мастка, які вядзе да РЦДМ, а таксама адсаджвалі дрэўцы ў мікрараёне 6-га гарадка.

Традыцыйна на добраўпарадкаванне райцэнтра выйшлі ўсе без выключэння калектывы. Арыгінальна да суботніка падышлі вайскоўцы 1-га РТЦ, якія сумясцілі навядзенне парадку на Алеі Славы воінаў-інтэрнацыяналістаў у скверы па вуліцы Гагарына з патрыятычным аўтапрабегам. Яны загадзя ўпрыгожылі свае машыны дзяржаўнай сімволікай і чырвона-зялёнымі паветранымі шарамі і арганізаванай калонай праехалі па цэнтральных вуліцах Пастаў.

Вялікі фронт работ выканалі і ваеннаслужачыя пагранкамендатуры «Паставы». Прылеглую да ваеннага гарадка тэрыторыю яны пачалі акультурваць яшчэ падчас раённага суботніка. Пашчыравалі на ўчастку дарогі ад РДК да прапускнога паста і ў паркавай зоне каля гасцініцы: высеклі хмызняк, прыбралі мінулагоднюю сухую траву, каменне, пліты, металічныя трубы, якія тырчалі з зямлі. Ліквідавалі несанкцыянаваную звалку каля стаянкі камендатуры, ачысцілі тэрыторыю каля сажалкі, падраўнялі яе бераг. Працягнуліся работы і ў рамках рэспубліканскага суботніка. Каб камунальная тэхніка магла без перашкод падмятаць пясок і ігліцу па дарозе ад Дома культуры да прапускнога пункта, падрэзалі сукі, якія звісалі над праезнай часткай, а таксама над стаянкай, высеклі хмызняк каля сажалкі. У далейшым тут плануецца спілаваць дрэвы і ўстанавіць альтанкі і лаўкі. На гэтым месцы ў летнюю спёку змогуць наталіцца прахалодай каля вады салдаты разам з бацькамі, якія прыязджаюць з усёй Беларусі іх наведваць. Таму было б добра ачысціць і сам вадаём ад чароту. На жаль, такой тэхнікі ў пагранічнікаў няма, ды і знаходзіцца ён не ў зоне іх адказнасці.

Вераніка Філановіч. Фота аўтара



Читайте также:
Нагрузка была большой. Но результаты радовали. Бывший ветврач колхоза «Знамя Победы» Герард Шпаков
В Поставах активизировались работы по благоустройству. Что изменится?
Где и почём в Поставах можно сдать ненужную бытовую технику, макулатуру, пластик?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.