ХХХ чемпионат Беларуси по волейболу. Определился последний финалист в борьбе за золотые медали

Спорт

Чэмпіён склаў паўнамоцтвы

Пакуль пастаўчане рыхтуюцца да рашаючых матчаў сезона, у мінулыя выхадныя вызначыўся апошні фіналіст у барацьбе за залатыя медалі. Дзеючы чэмпіён і базавы клуб мала­дзёжнай зборнай Беларусі — сталічны РДВАР-2003 — вельмі стараўся захаваць свой тытул. Аднак у паўторным матчы ½ фіналу змог выйграць на выездзе толькі адну партыю ў гомельскага «Газавіка» і саступіў (1:3), таму цяпер пазмагаецца за «бронзу». На такі вынік паўплывала тое, што адразу некалькі лідараў гэтай каманды запрасілі ў прафесійныя клубы вышэйшай лігі.

Праз год званне чэмпіёна ў другім дывізіёне айчыннага валейбола вернецца ў Гомель. За «золата» ў сярэдзіне месяца пазмагаюцца «Бумпрам» і «Газавік». Спецыялісты лічаць фаварытамі «бумпрамаўцаў», якія ўжо выйгравалі турнір у першай лізе ў сезоне 2018/2019 года, а летась фінішавалі другімі. Тады спаборніцтвы з-за каранавіруса спынілі датэрмінова, а фінальны турнір за 1—4-е месца не адбыўся. У чарговым першынстве «Бумпрам» тройчы адолеў свайго саперніка і зараз пастараецца зноў перамагчы землякоў — гэта прынясе яго ігракам званні кандыдатаў у майстры спорту.

Як вядома, за 7-е выні­ковае месца ў 1-й лізе пастаўскі «Атлант» пазмагаецца з выхаванцамі «СДЮШАР-Энергіі» (Гомель), а першы матч з імі правядзе дома 17 красавіка. «Гэты фактар дае нам невялікую перавагу, бо пры неабходнасці трэцюю рашаючую сустрэчу таксама правядзём на сваёй пляцоўцы, — заўважыў галоўны трэнер Павел Вавінскі. — Сілы абедз­вюх каманд прыкладна аднолькавыя. Дагэтуль мы правялі 8 паядынкаў з рэзервістамі трэцяга па сіле клуба краіны, у якіх тройчы перамаглі, але ў мінулым сезоне абодва матчы прайгралі. Настройваемся на рэванш і ўсведамляем, што ў фінальных матчах барацьба будзе вельмі напружанай. Пастараемся прадэманстраваць сваю найлепшую гульню».

Тым часам ужо адбыліся першыя фінальныя матчы сярод каманд элітнага дывізіёна, за якія гуля­юць трое пастаўскіх валейбалістаў. У вышэйшай лізе за 5-е выніковае месца віцебскі «Марка-ВДТУ» з Ягорам Артамонавым пачаў барацьбу з «Заходнім Бугам» (Брэст). У сярэдзіне сезона брэстаўчане зноў запрасілі ў свой склад цэнтральнага блакіруючага «Атланта», кандыдата ў майстры спорту Паўла Дзеравянку. У першай сустрэчы ў Віцебску валявую перамогу (3:2) святкавалі віцябчане, хоць двойчы прайгравалі ў ходзе сустрэчы. У серыі матчаў за 7-е месца «Барысаў-БДУФК», за які гуляе пастаўчанін Аляксей Лабуць, у першым выязным матчы прайграў (0:3) мінскаму «МАПІДу».

Уладзімір Шык



Читайте также:
Александр Мурзо и Андрей Павлов стали призерами шахматного темпо-турнира
Районная круглогодичная спартакиада: определили метких стрелков и лучших футболистов
15 участников стартовало в высшей лиге первенства Поставского района по классическим шахматам



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.