Интенсивными темпами ведут посевную хлеборобы ОАО «Камайский-агро»

Важное Сельское хозяйство

У сераду заімжыў дождж, і я страціла надзею на тое, што ўдасца зра­біць фотарэпартаж з якога-небудзь поля. Кіраўнік «Камайскага» прапанаваў ехаць у любое аддзяленне гаспадаркі.

— У нас пакуль дажджу няма, і работа кіпіць, — апавядаў Уладзіслаў Шаршнёў. — У сакунскім аддзяленні сее ячмень Артур Чапскас, у мягунскім на апошніх гектарах дасявае авёс Іосіф Гайлюн, тут жа на сяўбу бабовых першы дзень выехаў Вадзім Дуброўскі. Сфатаграфуйце Івана Яркоўскага і Валерыя Руткоўскага — яны найбліжэй да райцэнтра.

Механізатары Іван Яркоўскі і Валерый Руткоўскі

Поле за Драбышамі роўнае і шырокае, плошчай больш за 100 гектараў. Пару гадоў таму на ім правялі меліярацыйныя работы. Летась тут расла кукуруза. Убраўшы яе, участак на зіму зааралі. Цяпер Валерый Тарговіч з чызелем робіць першы след.

— Я ў «Камайскім» з верасня мінулага года, — расказваў Валерый Тарговіч. — Жыву ў Вярэньках. 14 гадоў адпрацаваў у Свіранах, апошнія тры — у санаторыі «Спадарожнік» у Нарачы. На работу ездзіў на сваім аўтамабілі за 20 кіламетраў. У сувязі з пандэміяй у санаторыі штат скарацілі, і я ўладкаваўся ў дварчанскае аддзяленне «Камайскага-агра». Спачатку мне даверылі «Беларус», цяпер працую на энерганасычаным МТЗ-3522. Асвоіў яго, і справа пайшла. На работу дастаўляе, а затым адвозіць дадому машына сельгаспрадпрыемства. А гэта — эканомія ўласных сродкаў.

«Прапісаўся» ў новым калектыве Валерый Тарговіч

— Глебу да сяўбы стараемся рыхтаваць дасканала, — выйшаўшы з кабіны «Кіраўца» і праверыўшы якасць апрацоўкі, гаварыў Васілій Чабуранаў, які пасля Валерыя Тарговіча культывуе глебу. — Вось толькі з-за вялікай колькасці камянёў разагнацца немагчыма. І хоць Валерый Кірплюк на каменепадборшчыку іх збірае, яны нібыта вырастаюць зноў. Таму не спяшаюся, берагу тэхніку, бо адзін новы зуб да культыватара каштуе 100 рублёў.

Добры настрой у сеяльшчыкаў Валерыя Руткоўскага і Івана Яркоўскага. Абодва — з немалым вопытам работы і вялікім стараннем.


Яравымі культурамі ў ААТ «Камайскі-агра» трэба засеяць 4 200 гектараў, з іх зерневымі і зернебабовымі – 2 000, рапсам – 700 га.


— Працаваць на гэтым полі — асалода! Размах! — гаварылі. — Па гектараў 35 за дзень пры норме 14 павінны засеяць. А калі надвор’е спрыяе, тады і работа спорыцца! У аўторак у полі затрымаліся да 9-ці вечара — у камайскім аддзяленні заканчвалі сеяць авёс. Сёння хмары палохаюць: калі пойдзе дождж — сяўбу прыйдзецца спыніць. Імгла ж не перашкаджае. Работа арганізавана талкова: няма затрымак з падрыхтоўкай глебы, насенне своечасова дастаўляе Павел Кеўліч.

Багаты «ўраджай» камянёў сабраў Валерый Кірплюк

У поле на ўазіку прывезлі абед хлебаробам муж і жонка Лоўчыкі.

— За дзень да 200 кіламетраў намотваем, — гаварыў Віктар Лоўчык. — Забіраем гатовыя стравы ў камайскай сталовай і вяртаемся ў дварчанскую зону, даязджаем усюды, дзе працуюць людзі. Ужо накармілі механізатараў у Свіранах, Лапінцах, Дварчанах.

— Сёння на абед вараная капуста, смажаніна з бульбай, кампот, — раскладваючы ў міскі стравы, каменціравала Даната Лоўчык. — На падвячорак — кураціна і вэнджаная каўбаса.

На абед запрашаюць механізатараў Віктар і Даната Лоўчыкі

Віктар у 5 гадзін раніцы на ўазіку забірае даярак і дастаўляе на ферму, затым на аўтобусе едзе ў Паставы і развозіць па аб’ектах тых, хто жыве ў райцэнтры. Даната ў 6 гадзін спяшаецца ў дыспетчарскую, выпісвае пуцёўкі, потым на зерняскладзе адпускае муку на корм жывёле і толькі пасля з мужам адпраўляецца па абеды.

Механізатары елі з апетытам, абмяркоўвалі надвор’е і ход пасяўной у цэлым па раёне. Нягледзячы на тое, што з работы дадому вяртаюцца позна, паспяваюць пачытаць «Пастаўскі край», дакладна ведаюць план сяўбы ў іншых гаспадарках.

Для Васілія Чабуранава на першым месцы якасць апрацоўкі глебы

— У камайцаў аб’ём найбольшы, але справімся! — падсумавалі. — Вялікую дапамогу людзьмі і тэхнікай аказвае малочны завод. Дзякуй за гэта Канстанціну Гайлеўскаму.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
В Поставском районе стартовала посевная кампания
Оператор по уходу за телятами на откорме из «Камайского-агро» Дмитрий Чухайда добивается высоких показателей в работе
Хлеборобы сельхозпредприятия «Дуниловичи-агро» каждый год первыми начинают сев



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.