«Нагрузка была большой. Но результаты радовали». Бывший ветврач колхоза «Знамя Победы» Герард Шпаков

Общество

Работа прыносіла задавальненне

Сёлета сям’я Шпакавых з Пастаў адзначала двайное свята: Вялікдзень і 75-ы дзень нараджэння гаспадара — Герарда Іванавіча.

Да юбіляра прыехалі сын Андрэй і дачка Святлана, унучка Вікторыя. Па скайпе прымаў віншаванні ад другой унучкі, Дашы, якая жыве ў Італіі. Завіталі былыя калегі — галоўны ветурач раёна Андрэй Масцяніца, яго намеснік Дар’я Мурзёнак, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Аляксей Філімонаў. Імяніннік шчыра радаваўся гасцям. Было шмат успамінаў, асабліва з тымі, з кім давялося працаваць.

Герард Іванавіч родам з Суражскага раёна. Шэсць класаў закончыў у роднай вёсцы Заполле, а з 7 па 10-ы прыйшлося ха­дзіць за 7 кіламетраў (у адзін бок). Там жа атрымаў правы трактарыста-машыніста. Але да тэхнікі не цягнула. Пасля школы выбраў ветэрынарыю і паступіў у віцебскі ветінстытут, дзе пазнаёміўся з будучай жонкай.

Двайное свята адзначыў юбіляр Герард Шпакаў

— Вера за мяне маладзейшая, — з любоўю гледзячы на спадарожніцу жыцця, гаварыў Герард Шпакаў. — Атрымаўшы ў 1969 годзе дыплом, я па размеркаванні паехаў у Бранскі раён, а яна засталася давучвацца. Затым прызваўся ў армію. Служыў недалёка ад Асіповіч. Калі дэмабілізаваўся, пажаніліся. Сямейнае жыццё пачыналі ў Чашніцкім раёне. Нарадзілася дачушка. Дзіцячага садка ў вёсцы не было, і мы пераехалі ў Талачынскі.

Вёска Хрыстова ў Валкоўскім сельсавеце — радзіма жонкі юбіляра. Яна і пераканала мужа выбраць на пастаяннае месца жыхарства Пастаўшчыну. У раённую ветлячэбніцу патрабаваліся спецыялісты, туды Шпакавы і ўладкаваліся. Герарда Іванавіча ў хуткім часе назначылі намеснікам загадчыка ветлячэбніцы.

— А былы старшыня калгаса «Сцяг Перамогі» Аляксандр Мухля ўсё ўгаворваў пайсці галоўным вет­урачом гаспадаркі, — успамінаў Іванавіч. — Згадзіўся. На калгасных фермах у той час утрымлівалася больш за 7,5 тысячы галоў жывёлы. Акрамя дойнага статка, на комплексе вырошчвалі быкоў — на мясакамбінат іх здавалі вагой да 600 кілаграмаў. Была свінаферма. Пільна сачылі за пагалоўем, ветэрынарна-санітарным станам ферм, своечасова праводзілі прафілактычныя і лячэбныя мерапрыемствы.


Нагрузка была вялікай. Ветурач не меў ні выхадных, ні водпускаў. Здаралася, і сярод ночы спяшаўся на выклік. Але вынікі радавалі. Жывёла добра прыбывала ў вазе, раслі надоі малака.


Калгасныя спецыялісты абслугоўвалі пагалоўе вяскоўцаў, а яно было немалое. Толькі ў Юньках у той час летам пасвіліся два статкі па 130 галоў. Некаторыя гаспадары трымалі па 2-3 каровы, а таксама свіней, цялят.

— Колькі сябе памятаю, тата заўсёды даваў парады тым, хто да яго звяртаўся, — уступае ў размову дачка Святлана, якая па прафесіі — педагог. — Мне і цяпер нярэдка сніцца, што да нас прыбягае жанчына і гало­сіць, бо карова захварэла. Апісвае сімптомы, а я ёй раю, што трэба зрабіць, каб выратаваць жывёліну. Не вучачыся на ветэрынатара, напэўна, магла б абара­ніць дыплом: настолькі заклаліся ў галаве татавы кансультацыі (жартуе — аўт.).

— Сапраўды, сям’я жыла маёй работай, — згаджаецца гаспадар. — Я нікому не адказваў у дапамозе. У «Сцягу Перамогі» поплеч са мной працавалі адказныя ветурачы і ветфельчары. З удзячнасцю ўспамінаю Міхаіла Андрона, Міхаіла Лапушынскага, Алену Макруш, Аляксандру Махніс. Адпрацаваўшы 7 гадоў у калгасе, папрасіўся зноў у ветлабараторыю. Ці стала лягчэй? Так, бо меў выхадныя, нармаваны рабочы дзень. Адказнасці хапала, але работа прыносіла задавальненне. Даўно на пенсіі, а многае са сваёй работы помніцца, нібы гэта было ўчора.

Герард Іванавіч і Вера Ігнаць­еўна ў шлюбе 50 гадоў. Іх найбольшае багацце — дзеці і ўнукі. Вельмі сумуюць па ўнучцы Дашы, якая закончыла венецыянскі ўніверсітэт Ка-Фоскары і засталася ў Італіі, але сувязь з роднымі падтрымлівае праз інтэрнэт. Ганарацца Вікторыяй, якая заканчвае Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Унучкі, сын і дачка — самыя жаданыя госці ў бацькоўскім доме.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Какие услуги предлагает населению социальная служба? Как обратиться за помощью?
Патриотическая акция «Дороги войны — дороги памяти» стартовала в Поставах
Как в Поставском районе решают проблему пустующих домов и когда их можно будет купить за 29 рублей?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.