Оператор по уходу за телятами на откорме из «Камайского-агро» Дмитрий Чухайда добивается высоких показателей в работе

Сельское хозяйство

Ёсць умовы, жаданне і прывагі

— Напішыце пра маладога аператара па доглядзе цялят на адкорме з «Камайскага» Дзмітрыя Чухайду, — парэкамендаваў мне першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Лютынскі. — Калі б ні прыехаў на ферму ў Свіранах, у памяшканні, дзе працуе Дзіма, — заўсёды парадак, цялушкі дагледжаныя, за суткі ў вазе прыбываюць па 800 грамаў.

І вось я ў Свіранах. Першай сустракае загадчыца фермы Святлана Шарамецьева. «Дзіму памятаю яшчэ хлапчуком, — гаварыла. — Я прыехала сюды з Віцебскага раёна па рамеркаванні пасля заканчэння сельгастэхнікума. На ферме працавалі яго бацькі, і хлопец прыбягаў ім дапамагаць. Бачна было, што працавіты, любіць жывёлу. Дзякуючы гэтым якасцям і цяпер дабіваецца высокіх паказчыкаў у рабоце. Яго не трэба ні падганяць, ні кантраляваць. Цяляты заўсёды накормленыя, дагледжаныя, і паказчыкі сярэднясутачных прываг ніжэй за 800 грамаў не апускаюцца».

Дзмітрый Чухайда

Застала Дзмітрыя ў цялятніку: падкідваў жывёле кармы, напускаў у паілкі ваду. Даглядае 240 цялушак з 3-месячнага ўзросту і да таго часу, пакуль не дасягнуць у вазе 350 кілаграмаў. Усе яны пойдуць на абнаўленне грамадскага статка.

— Сёння некаторых цялушак перавязуць на іншую ферму, — расказваў Дзмітрый Чухайда. — Прыйдзе час — іх пакрыюць. А калі расцеляцца, увядуць у асноўны статак замест выбракаваных. Пачнецца пашавае ўтрыманне — і астатніх ад мяне забяруць. Група будзе абнаўляцца за кошт 3-месячных. Работа клопатная, асабліва з маладняком. Ды цяжкасцей не баюся. Для таго каб атрымліваць высокія прывагі, неабходна належным чынам карміць і па­іць жывёлу, даглядаць яе, са­чыць за станам здароўя і своечасова паведамляць пра хваробы ветурачу. Мне прыйшлося, як кажуць, пакаштаваць рознага хлеба. Некаторы час працаваў на мясцовай ферме. Потым захацелася даўжэйшага рубля, і я адправіўся на заробкі ў Расію. Там займаўся ўцяпленнем будынкаў. Зарабляў нядрэнна, але цягнула дадому. Уладкаваўся ў «Нарачанскую ніву» — суседнюю гаспадарку Мядзельскага раёна. Даглядаў там цялят, быў аператарам машыннага даення на рабатызаванай ферме ў Швакштах. Разам са мной працавала і мая Аксана. Кожны дзень у Свіраны па нас прыходзіла машына і дастаўляла на работу. Цяпер жонка знаходзіцца ў водпуску па доглядзе паўтарагадовай дачушкі.

Летась у Свіранах пачалі капітальны рамонт старой закінутай фермы: замянілі дзверы, вокны, дах, некаторыя канструкцыі, забетанавалі падлогу, зрабілі выгульны дворык. Умовы ўтрымання жывёлы і работы аператараў памяняліся ў лепшы бок, і Дзмітрый вырашыў вярнуцца ў родную гаспадарку. Прынялі яго без ваганняў, бо ведалі, што старанны.

— Ферма недалёка ад дома, часу на дарогу трачу мала, — працягваў Дзмітрый. — Магу сха­дзіць паабедаць, а не браць з сабой перакус. Умовы для работы добрыя. Нават сёлетняй марознай зімой у памяшканні было цёпла, таму і жывёла ў вазе лепш прыбывала. Вялікую ролю адыгрываюць кармы. Іх хапае, якасныя. Маладняк ахвотна паядае «снікерсы» — так мы называем сянаж у стрэйч-плёнцы. У рацыёне ёсць камбікорм, лізунцы.

Вядома, поспехі ў рабоце ў вялікай ступені залежаць і ад адносін чалавека да выканання сваіх абавязкаў. Дзмітрый не лянуецца лішні раз пачысціць кармавы стол, падкінуць сенажу з такім разлікам, каб ён не марнаваўся.

— Працаваць сумленна — у маіх інтарэсах, — казаў аператар. — Ад прываг залежыць зарплата, а значыць — і сямейны дабрабыт.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
В Витебской областной филармонии чествовали животноводов области
Скоро в поле. Готовы ли к посевной хлеборобы Поставского района?
В Поставском районе стартовала посевная кампания



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.