Популярны ли мусорные контейнеры ЖКХ среди поставчан?

Общество

Прыйшліся даспадобы

У пачатку года УП ЖКГ набыло тысячу новых кантэйнераў для збору камунальных адходаў і столькі ж — для другаснай сыравіны. На адно домаўладанне прадпрыемства выдае іх два. Ці карыстаецца прапанова попытам у пастаўчан, высвятляў карэспандэнт «ПК».

Дагавор на бясплатнае карыстанне кантэйнерамі заключаецца ў адмістрацыйным будынку УП ЖКГ па вуліцы Варашылава, 1. Звяртацца неабходна ў кабінет №15. Кантэйнеры да вашага дома, калі трэба, даставіць прадпрыемства, але можна забраць і самастойна. Прапановай могуць скарыстацца толькі жыхары прыватнага сектара горада. За 3 месяцы заключана 820 такіх дагавораў. Адной з першых ацаніла выгадную здзелку жыхарка райцэнтра Вольга Шыцько.

— Не трэба чакаць спец­тэхнікі — дастаткова выкаціць поўны кантэйнер з панадворка ў даступнае для пад’езду смеццявоза месца, і яго змесціва пагрузяць без вас. Адзінае, што патрабуецца, — сачыць за графікам вывазу адходаў, — пералічвала перавагі паслугі Вольга Шыцько. — Асабіста мне падабаецца, што кантэйнеры герметычна закрываюцца, гэта не дае жывёлам разносіць смецце. І ўвогуле, я вельмі заклапочаная пагаршэннем экалогіі ва ўсім свеце: забруджваецца паветра, зямля, вада. Мне прынцыпова важна, што мы пакінем у спадчыну наступным пакаленням, таму ўжо каля 8 гадоў сартую другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Навошта, каб яны ляжалі на палігоне — а гэта не год і нават не 50, — калі іх можна перапрацаваць?

Прыйшліся даспадобы новенькія кантэйнеры і яшчэ адной маёй суразмоўцы. «Акуратныя, кампактныя, лёгка «ўпісваюцца» на тэрыторыі ўчастка, — характарызавала карысны набытак  Мая Куцуха. — Зручныя ў выкарыстанні: дзякуючы ручкам і колам іх без праблем можна перамясціць у любое месца. Са з’яўленнем ёмістасцей адпала неабходнасць складзіраваць адходы ў павеці альбо адвозіць іх на кантэйнерную пляцоўку, чакаць прыезду смеццявоза. А яшчэ — з’явіўся дадатковы стымул для сартавання другаснай сыравіны. Магу адзначыць толькі адзіны мінус: нашай сям’і з чатырох чалавек не хапае на месяц 120-літровага кантэйнера для ДМР. Нядрэнна было б, калі б яго змесціва вывозілі двойчы на месяц…»

А што хвалюе тых, хто яшчэ толькі прыходзіць заключаць дагавор? Некаторыя непакояцца, што ёмістасці могуць украсці. Турбавацца наконт гэтага не трэба, тлумачаць спецыялісты вытворча-тэхнічнага аддзела ЖКГ, бо ўсе кантэйнеры пранумараваныя і знайсці іх бу­дзе нескладана. Яшчэ адно папулярнае пытанне: як правільна захоўваць адходы ў кантэйнеры — у пакетах альбо не? Ну а гэта вырашаць вам. Перавага пакетаў для смецця ў тым, што вам не так часта давядзецца мыць кантэйнер. Цікавіць некаторых, ці можна выкарыстоўваць абедзве ёмістасці выключна для другасных матэрыяльных рэсурсаў. Можна. Вы ўсё адно самі будзеце выстаўляць кантэйнеры за агароджу свайго ўчастка па графіках іх вывазу, а яны  для камунальных адходаў і другаснай сыравіны скла­дзены асобна.

Калі вы яшчэ не набылі кантэйнеры — спяшайцеся: у райцэнтры 3 тысячы прыватных дамоў, а гэта значыць, што ёмістасцей хопіць не ўсім.

Вераніка Філановіч. Фота Маі Куцухі



Читайте также:
ЖКХ предлагает жильцам частного сектора г. Поставы бесплатно арендовать контейнеры для мусора
Какие услуги предлагает населению социальная служба? Как обратиться за помощью?
Где и почём в Поставах можно сдать ненужную бытовую технику, макулатуру, пластик?



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.