Посевная-2021. Сельхозработы в ОАО «Знамя Победы-агро»

Сельское хозяйство

Праблемы з’яўляюцца, але работы не спыняюцца

Не ўсё ідзе па плану

Свае карэктывы ў работу вяскоўцаў пастаянна ўносіць надвор’е. Сёлета вясна запазнілася, а значыць, змясціліся тэрміны сяўбы яравых. Іх у ААТ «Сцяг Перамогі-агра» збіраліся сеяць трыма сеялкамі. Але захварэў Леанід Гваздзеўскі і пакуль знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы. У чацвер зламалася сеялка ў Віктара Чыпко, і той стаў на рамонт. У полі рупіўся адзін Руслан Чарняўскі. Некалькі гадоў таму ён звольніўся з сельгаспрадпрыемства і ўладкаваўся ў лясгас. Але ў перыяд сельгасработ па накіраванні арганізацыі дапамагаў юнькаўскім хлебаробам. Летась кіраўніцтва гаспадаркі прапанавала яму вярнуцца і паабяцала работу на энерганасычаным трактары.

Рамантуе «Дзвіну» Алег Падгайскі

— З уваходам нашай гаспадаркі ў склад аграпрамысловага аб’яднання на базе малочнага завода ў механізатараў павялічылася зарплата, і гэта мяне падштурхнула вярнуцца сюды, — гаварыў Руслан. — Пару пасяўных прапусціў, але кваліфікацыі не згубіў. Сяўбу зерневых завяршаем, на чарзе — рапс, кукуруза. Поле за Захараўшчынай прасторнае, а значыць, і тэмпы сёння будуць вышэйшымі.

Адна з найважнейшых аперацый

Гаворка ідзе пра падрыхтоўку глебы да сяўбы. Калі зямля добра апрацаваная, тады і родзіць лепш. У «Сцягу Перамогі-агра» першы след дыскамі робіць Арцём Маісееў. За ім на трактарах з чызялямі едуць Мікалай Карасік і Іван Маісееў. А Валерый Пупкевіч з малочнага завода культыватарам уносіць апошнія штрыхі.

— Палі раёна добра вывучыў яшчэ падчас работы на льнозаводзе, — расказваў Валерый Пупкевіч. — Перайшоў на малочны, і цяпер працаваць прыходзіцца ва ўсіх гаспадарках аграаб’яднання. Усюды стараюся аднолькава.

З добрым настроем працуе Руслан Чарняўскі

І азімым – увага

На першы погляд здаецца, што вясной галоўны клопат хлебаробаў — сяўба яравых. На самай справе работа кіпіць на розных участках.

— Каб атрымаць добры ўра­джай, вельмі важна своечасова падкарміць азімыя, — тлумачыла галоўны аграном ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Марына Гваз­дзеўская. — Асноўны аб’ём работ выканаў Алег Падгайскі. Праўда, сёння ён на рамонце. Але як толькі паломку ліквідуе — яго «Дзвіна» памчыць па азімых зерневых ці рапсе. Падкормка вя­дзецца на апошніх гектарах. Крыху не хапае ўдабрэнняў. Разлічваем, што ў хуткім часе яны паступяць. Алег — вельмі адказны, надзейны, старанны, яго ніколі не трэба кантраляваць. Мінуў час пасля ўнясення ім удабрэнняў, раслінкі пайшлі ў рост, і сёння бачны почырк Алега — поле падкормлена без агрэхаў.

Важкую дапамогу гаспадарцы аказвае Валерый Пупкевіч

З апырсквальнікам працаваў Аляксандр Бальшакоў. Але дождж часова спыніў  работу — глеба пераўвільготненая.  Дыскавым раскідвальнікам уносіць карбамід Уладзімір Краско.

Неўзабаве падыдуць тэрміны сяўбы кукурузы. Цяпер на тых палях, дзе яна будзе расці, Ігар Гутар з малочнага завода ўно­сіць арганіку. Яе пагрузкай займаецца яшчэ адзін механізатар завода Алег Казакевіч.


Зерневыя і зернебабовыя культуры ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра» зоймуць 500 гектараў,  рапс – 290, кукуруза – 620 га.


Пакуль па навігатары

Для Марыны Гваздзеўскай гэта 25-я вясенняя пасяўная. Большасць з іх прайшлі на груздаўскіх палях. Пачынала галоўным аграномам калгаса «Рассвет», пасля яго рэарганізацыі працавала ў сельскагаспадарчым філіяле АБП «Рассвет Пастаўскі». Сёлета рашэннем райвыканкама будаўнічую арганізацыю вызвалілі ад няпрофільных актываў і спачатку стварылі самастойнае сельгаспрадпрыемства, а ў сакавіку яго далучылі да «Сцяга Перамогі-­агра», дабавіўшы ў землекарыстанне 2 000 гектараў.

— Груздаўскія землі ведала добра, а юнькаўскія яшчэ вывучаю, — гаварыла Марына Гваздзеўская. — У машыне пад рукой карта, ёсць навігатар. На некаторыя палі менавіта ён указвае мне дарогу. Знаёмлюся не толькі з участкамі зямлі, але і з людзьмі, шукаю з імі ўзаемаразуменне.

— Нам вельмі пашанцавала з галоўным аграномам, — хваліў Марыну Гваздзеўскую кіраўнік ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Аляксандр Фалевіч. — Да яе працаваў малады спецыяліст, які ў снежні мінулага года звольніўся. Яго абавязкі паралельна са сваімі выконваў я. У Марыны Барысаўны багаты вопыт і глыбокія веды па аграноміі. Яна дасканала аналізуе зробленае, узважвае кожнае рашэнне, унікае ў спецыфіку нашых палёў, уносіць слушныя прапановы. Камунікабельная, валодае арганізатарскімі здольнасцямі. Яе прафесіяналізм павінен паспрыяць вышэйшым ураджаям.

Анна Анішкевіч. Фота аўтара



Читайте также:
Интенсивными темпами ведут посевную хлеборобы ОАО «Камайский-агро»
1000 гектаров земли Браславского района переданы в пользование ОАО «Курополье-агро»
2.500 гектаров засеют льном работники Поставского льнозавода



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.